Ведаю, што апошнія будуць першымі

Не апісаць, як моцна я ў свой час чакаў прыезду папы Яна Паўла ІІ у Беларусь. У сэрцы жыло пе­ракананне, што яго прыезд зме­ніць нашае жыццё ў лепшы бок. Ён меў на сабе асаблівае Божае благаслаўленне, атрыманае праз заступніцтва Маці Божай Фацімскай. Падчас замаху на жыццё Яна Паўла ІІ на плошчы святога Пятра менавіта Яна ўратавала Папу ад смерці і праз гэта хацела падараваць абарону ад смерці кожнаму з нас. Ян Павел ІІ меў глыбокае ўсведамленне таго, што Маці Божая, якая ўратавала яго жыццё, прагне ахі­нуць сваім заступніцтвам і ўзяць у апеку сваіх дзяцей — усё чалавецтва. Таму 25 сакавіка 1984 года, ва ўрачыстасць Звеставання, ён здзейсніў абрад пры­свячэння ўсяго чалавецтва Беззаганнаму Сэрцу Марыі. З гэтага часу распачаўся трыумф Яе Беззаганнага Сэрца. Свет змяняецца. Шматлікія народы па­варочваюцца да Бога тварам. 

А Папа разам з Марыяй пачаў крочыць па зямлі, прыносячы міласэрную любоў Бога і матчына заступніцтва Марыі ў розныя яе куткі. 

Дык вось, душа мая вельмі прагнула атрымаць гэтае благаслаўленне, бо нашая краіна таксама была даручаная Беззаганнаму Сэрцу Марыі, а гэта значыць, што Папа абавязкова павінен быў завітаць і да нас разам з Маці Божай Фацімскай. Але ішоў час, а Папа ўсё не прыяз­джаў. Я неаднойчы парываўся паехаць на сустрэчу са Святым Айцом у Італію, Літву, Польшчу, Украіну, як гэта рабілі многія вернікі з Беларусі, калі ён наведваў гэтыя краіны. Але кожны раз у маім сэрцы гучала прось­ба Марыі: «Сынку, дачакайся яго тут. Я хачу, каб вы верылі і дачака­лі­ся яго тут». Час мінаў. Папа так і не прыехаў — ён адышоў у вечнасць. Тады я пакрыўдзіўся... на Марыю і сказаў Ёй: «Ну што, падманула?» 

А далей было вось што: душа пачала шукаць выйсця з гэтай сітуацыі, бо натуральнае пра­гненне кожнага чалавека — пошук Бога і Яго благаслаўлення. Праз пэўны час гэты пошук прывёў мяне ў Рым на ўрачыстасць беатыфікацыі Яна Паўла ІІ. Было б няпраўдаю сказаць, што я вельмі хацеў ехаць туды: мне недаспадобы пілігрымкі з элементамі экскурсій. Але Маці Божая давала зразумець, што Яна гэтага хоча. «Добра, — адказаў я Ёй, — калі Ты хочаш, каб я паехаў у Рым, то паеду. Але выключна з-за беатыфікацыі папы Яна Паўла ІІ, бо моцна яго люблю. 

І прашу Цябе, выканай маю просьбу. Беатыфікацыя будзе адбывацца ў свята Божай Міласэрнасці, і ў гэты дзень а трэцяй гадзіне, гадзіне Божай Міласэрнасці, я хачу апынуцца ля труны Яна Паўла ІІ і паразмаўляць з ім». Улічваючы, што на ўрачыстасці чакалася прысутнасць  не менш, чым мільёна пілігрымаў, гэтая просьба здавалася проста смешнай. Адзіным, што пад­трым­лівала ў маім сэрцы веру ў тое, што ўсё споўніцца да дробя­зяў, было веданне, што звычайна, калі я звяртаюся да Маці Божай з просьбамі, загінаючы паль­цы на руцэ, яны выконваюцца.

Пачалося ўсё так, што горш не прыдумаеш. Апоўначы мы з групаю пілігрымаў апынуліся ў самым хвасце чаргі, на мосце праз Тыбр, на подступах да пло­шчы святога Пятра. Больш за тое, мы аказаліся адрэзанымі ад астатняга люду турнікетамі, якія ахоўвалі карабінеры. У сэрцы было адзінае жаданне: развярнуцца і пайсці назад. Але... у натоўпе згубіўся мой сын Стані­слаў, і цяпер я ўсведамляў, што гэта Божы Провід: неаднойчы такое здаралася падчас вялікіх урачыстасцяў, і заўжды на хвалу Божую. Хутка я даведаўся па тэлефоне, што ён недзе напера­дзе, а пасля штосьці змусіла карабінераў злітавацца і дазволіць нам далучыцца да натоўпу, калі ён пачаў рухацца ў бок плошчы. Зразумеўшы, што сын мае намер «узяць штурмам» плошчу, я вырашыў  адшукаць яго, каб зрабіць гэта разам. 

Усю ноч адбываліся маленькія цуды — іх ланцужок хутка вёў нас да мэты: а пятай гадзіне раніцы нашым вачам адкрылася плошча святога Пятра. Але цуды не скончыліся. Божы Провід пры­вёў нас на цудоўнае месца, дзе падчас святой Імшы мы змаглі прыняць святую Камунію. Пазней мы даведаліся, што не ўсе пілігрымы з Мінска трапілі на плошчу святога Пятра, толькі адзінкі прынялі ўдзел у Эўха­рыстыі. А другой гадзіне дня скончылася святая Імша, падчас якой Ян Павел ІІ быў абвешчаны благаслаўлёным, і пасля гэтага невялкую колькасць пілігрымаў пусцілі ў сабор да труны Папы. 

І, на шчасце, зноў Бог не пакінуў нас — праз гадзіну доступ да труны закрылі ажно да вечара... 

Такім чынам, ва ўрачыстасць Божай Міласэрнасці, а трэцяй гадзіне дня, я стаяў, укленчыўшы, перад труною благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ з ружанцам у руках і маліўся Вяночак да Божай міласэрнасці, а ў сэрцы вельмі ясна, з глыбокім спакоем усведамляў: адбыўся цуд! Да мяне прыйшоў тады такі вобраз: ты стаіш на беразе вялікага мора, а на іншым беразе знаходзіцца Той, да каго табе вельмі трэба трапіць. І няма ў цябе ніякіх сродкаў, каб пера­плысці гэтае мора, акрамя вялікага жадання і веры ў Божую міласэрнасць. І вось ты заўважаеш, што ад Таго, каго ты так лю­біш, набліжаецца ў твой бок хваля, а ты ўвесь час пераймаешся: ці не забыўся Ён пра цябе, ці любіць цябе, ці заўважыць цябе? І раптам твая вера, твая любоў пачынаюць узрастаць у геаме­трычнай прагрэсіі, бо ўсё мацнее ў табе ўсведамленне, што гэтая хваля пасланая табе і за табою! У рэшце рэшт так і адбываецца. Яна знаходзіць менавіта цябе, падхоплівае і вяртаецца да Таго, Хто яе паслаў, Таго, Хто невымоўна цябе любіць. Ты адзін у мільённым натоўпе, і ты... не забыты, ты пачуты, заўважаны. Ён любіць цябе. Ён так моцна прытуляе цябе да свайго сэрца, бо ты моцна аб гэтым просіш... 

У гэтыя хвіліны я зразумеў, што якой бы безвыходнай ні была сітуацыя,  чалавек не павінен губляць веры ў міласэрную Божую любоў. Яна ёсць. Яна рэальная. Яна дзейсная. Трэба толькі адно — моцна верыць у яе. Мне запалі ў сэрца словы за­снавальніка Легіёну Марыі Фрэнка Дафа: «Бог заўсёды падтрымае сваё нямоглае дзіця ў любым добрым пачынанні, нават калі для гэтага спатрэбіцца цуд». 

Цэлых пятнаццаць хвілінаў доўжылася мая размова з Папам. Я спытаўся, што трэба зра­біць, каб Бог благаславіў нашую краіну і народ. Мне прыйшоў вельмі просты адказ: калі будзе ў Беларусі дастаткова душаў, дарэшты адданых і прысвечаных Беззаганнаму Сэрцу Марыі, сатана назаўсёды пакіне гэтыя землі. І прыкладам такой ад­данасці для нас мусіць стаць жыццё благаслаўлёнага папы Яна Паўла ІІ.

...Некалі ў маладосці падчас акупацыі яму ў рукі трапіў невялічкі трактат «Аб сапраўднай адданасці Найсвяцейшай Панне Марыі» святога Луі дэ Манфора. Ён аддаў жыццё ў Яе рукі, і з гэтага часу Марыя ўзяла яго ў сваю апеку і павяла па жыцці. Гэта выяўлялася ў розных абставінах, а замах на яго жыццё і ўратаванне праз Яе заступніцтва яшчэ больш распалілі ў ім любоў да Яе і паглыбілі адданасць Ёй. Папа зразумеў, што Панна Марыя прагне, каб сваёю ўладаю ён прысвяціў увесь свет Яе Беззаганнаму Сэрцу, бо Яна любіць кожнага чалавека і прагне, каб кожная душа стала ўласнасцю Бога. Ян Павел ІІ здзейсніў гэта, і мы бачым плён. 

Калі ў нас будзе дастаткова душаў, адданых і прысвечаных Беззаганнаму Сэрцу Марыі па прыкладзе Яна Паўла ІІ, сатана пакіне нас і на нашых землях запануе Дух Святы. Вось што піша святы Луі дэ Манфор у сваім трактаце: «Калі прыйдзе гэтая шчаслівая пара, калі Божая Маці будзе абвешчаная Валадаркаю сэрцаў і запануе адзіны Бог, Пан Езус Хрыстус, Яе ўлюбёны Сын? Калі несмяротныя чалавечыя душы будуць мець такую патрэбу ў Беззаганнай Панне Марыі, як смяротныя целы маюць па­трэбу ў паветры, каб дыхаць? Тады цудоўныя падзеі адбудуцца на нашых заняпалых землях, і Святы Дух, знайшоўшы тут сваю каштоўную Нявесту, быццам уцелаўлёную ў душах вернікаў, шчодра праліе свае дары на род чалавечы і адорыць яго асабліваю мудрасцю, каб людзі здолелі чыніць усё ў ласцы Божай. Мой дарагі браце, калі надыдзе гэты шчаслівы час, калі надыдзе час Марыі і душы выбраных, дасягнуўшы трона Пана праз за­ступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і патануўшы ў глыбінях ласкі Божай, пераменяцца ў жывыя падабенствы Найсвяцейшай Панны, каб усёю сваёю сутнас­цю палюбіць і праславіць Езуса Хрыста?! Гэты час нады­дзе не раней, чым усе зразумеюць карысць прапанаванага ўшанавання Ма­рыі і схіляцца перад Богам.

Ut adveniat regnum tuam, ad­veniat regnum Mariae — няхай прыйдзе валадарства Тваё, няхай прыйдзе валадарства Ма­рыі». 

Там, дзе пануе Беззаганнае Сэрца Марыі, няма месца злому духу. 

...Падчас начнога стаяння на плошчы святога Пятра ў цішыні раптам загучаў спеў: «Хрыстус уваскрос! Аллелюя!» Гэта Юля Панасік з мінскай пілігрымкі за­спявала па-беларуску. Спеў падхапілі іншыя галасы. Гэта ажывіла натоўп, і, калі спеў скончыўся, не­хта крыкнуў: «Italiano!», і людзі пачалі спяваць па-італьянску. Пасля: «Espańol», «Deutsch!», «Eng­lish!», «Français!», «Polska!»... Спеў мацнеў і ўжо ахопліваў усіх пілі­грымаў. Вось так найменшая пілігрымка з Беларусі абудзіла ўсю плошчу. 

Я ведаю: апошнія будуць першымі, бо «міласэрнасць Божая па-над усе Яго справы. Таму міласэрнасць Пана праслаўляць буду навекі» (Пс 135, 9; 89, 2). 

Уладзімір Вайцяховіч, Мінск.      

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла