Ад сэрца да сэрца

Да таго, як назваць сябе вернікам, пабудуй святыню ў сваёй душы. Дзверы святы­ні — камень спатыкнення. Можна прайсці доўгі шлях, каб да іх дайсці, але, увайшоўшы, можна застацца звонку. Увайшоўшы ў святыню, ты адчыняеш дзверы, і з’яўляецца мяжа, якая дзеліць жыццё на «тут» і «там». Тут — звычайныя справы, праца, сям’я, няспынны клопат пра блізкіх. Там — свет малітвы, абразоў, Духа Святога і ўсяго, што непадуладна чалавечаму разуменню. Гэта свет Бога. Нібы тонкая нітка лучыць гэтыя два светы: любоў. Любоў, якая яднае мужчыну і жанчыну; любоў, якая дае жыццё дзі­цяці; любоў, якая дазваляе даць дзіцяці найлепшае. 

Любоў чалавека да Бога і любоў Бога да чалавека. Лю­боў, якая ўкрыжавала Хрыста, бо толькі з любові да людзей Хрыстус прыняў пакуты і смерць. Дзеля таго, каб любоў жыла ў нас... 

Увайшоўшы ў касцёл, можна ўбачыць малы чыр­воны агеньчык над Святымі Дарамі. Гэта святло Хрыстовага Сэрца. Сціплае, незаўважнае святло самаахвярнай любові. Святло Сэрца, да якога сцякаюцца боль, крыўды, расчараванне, нянавісць і тое зло, якое мы чынім сабе і бліжнім. Усё да Яго — з дня ў дзень, удзень і ўначы. Усё, што хвалюе нас, знікае ў Ім. А назад да нас вяртаецца супакой, прыходзяць чысціня, святло і любоў. Любоў запаўняе сэрца і выходзіць за дзверы святыні, уваходзіць у хату, у сям’ю, да суседзяў, сяброў і нават ворагаў.

А можа яна не выходзіць? Можа яна застаецца ўнутры? 

Магчыма, яна застаецца за дзвярыма святыні, унутры. Бо нехта застаецца звонку, хоць і зайшоў унутр. Нехта знаходзіцца ў святыні, але нічога не можа вынесці з яе. 

І толькі той, хто пабудаваў святыню ў сабе, знішчае гэтую мяжу, для яго знікаюць дзверы. І такая любоў ідзе ад сэрца, ад чалавека да чалавека, бо важна не толькі атрымліваць любоў, але і даваць яе. А як даць, калі ты ніколі не атрымліваў?

І вось Сэрца Хрыста, прымаючы зло, здзяйсняе таям­ніцу яго перамянення ў лю­боў. Любоў, якая ідзе, знішчаючы ўсе межы, дзверы, вокны і сцены. Любоў, якая ідзе ад чалавека да чалавека, ад сэрца да сэрца...

Алекс Верны

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла