З «Дзённіка»

Агульны змест

482 О мой Божа, я ўсведамляю сваю місію ў святым Касцёле. Мой пастаянны занятак — выпрошваць міласэрнасць для свету. Я цесна яднаюся з Езусам і станаўлюся малітоўнаю ахвяраю за свет. Бог не адмовіць мне ні ў чым, калі я малю Яго голасам Ягонага Сына. Мая ахвяра сама па сабе — нішто, але калі я яднаю яе з ахвяраю Езуса Хрыста, то яна становіцца ўсемагутнаю і мае моц уціхамірвання гневу Божага. Бог любіць нас у сваім Сыне, балесная мука Сына Божага пастаянна ўлагоджвае гнеў Бога.  

483 [200] О Божа, як моцна я прагну, каб душы пазналі Цябе — што Ты стварыў іх
з неспасцігальнай любові; о мой Створца і Пане, я адчуваю, што адсуну заслону неба, каб зямля не сумнявалася ў Тваёй дабрыні.

Езу, учыні мяне мілаю і чыстаю ахвяраю перад Абліччам свайго Айца. Езу, пераўтвары мяне, мізэрную, грэшную, у Сябе, бо Ты ўсё можаш, і аддай мяне свайму Спрадвечнаму Айцу. Я прагну стаць перад Табою ахвярнаю гостыяй, а перад людзьмі — звыклаю аплаткаю; я прагну, каб водар маёй ахвяры быў вядомы толькі Табе. О Вечны Божа, ува мне гарыць нязгасны агонь малення да Цябе аб міласэрнасці; я адчуваю і разумею, што гэта маё заданне тут і ў вечнасці. Ты сам загадаў мне гаварыць пра гэту вялікую міласэрнасць і дабрыню Тваю.

484 У нейкі момант я зразумела, як моцна Богу не падабаецца ўчынак, не пазначаны чыстаю інтэнцыяй, — нават калі б ён быў самы хвалебны; такія ўчынкі пабуджаюць Бога хутчэй да пакарання, а не да ўзнагароды. Няхай у нашым жыцці будзе іх як найменш, зразумела, у манаскім жыцці іх не павінна быць увогуле.

485 З аднолькавым настроем я прымаю радасць і цярпенне, пахвалу і прыніжэнне; я памятаю пра тое, што адно і другое — прамінальнае, дык якая мне справа да таго, што пра мяне гавораць. Я ўжо даўно адмовілася ад усяго, што датычыць асабіста мяне. Маё імя — гостыя або ахвяра, але не ў слове, а ў дзеянні — у вынішчэнні самой сябе, ва ўпадабненні да Цябе на крыжы, о добры Езу і Настаўнік мой.

486 [201] Езу, калі Ты прыходзіш да мяне ў святой Камуніі, Ты, які пажадаў разам з Айцом і Духам Святым пасяліцца ў малым небе майго сэрца, я ўвесь дзень імкнуся Табе спадарожнічаць, я не пакідаю Цябе аднаго ні на хвіліну. Хоць я знаходжуся сярод людзей ці разам з выхаванкамі, маё сэрца заўсёды паяднана з Ім. Калі засынаю, ахвярую Яму кожны ўдар свайго сэрца, калі прачнуся — без адзінага слова заглыбляюся ў Яго. Прачнуўшыся, я коратка праслаўляю Святую Тройцу і дзякую за тое, што Яна пажадала даць мне яшчэ адзін дзень — што яшчэ раз ува мне паўторыцца таямніца Уцелаўлення Твайго Сына, што яшчэ раз перад маімі вачыма паўторыцца Твая балесная мука. Тады я стараюся дапамагчы Езусу прыйсці праз мяне ў іншыя душы. Усюды я іду з Езусам, Яго прысутнасць усюды мне спадарожнічае.

487 У душэўных або фізічных цярпеннях я стараюся маўчаць, бо тады мой дух набывае сілу, якая сыходзіць з мукі Езуса. Увесь час перад маімі вачыма Яго балеснае Аблічча, зняважанае і знявечанае, Яго Боскае Сэрца, прабітае нашымі грахамі, і асабліва, няўдзячнасцю выбраных душаў.

488 Двухразовы напамін, каб я падрыхтавалася да цярпенняў, якія мяне чакаюць у Варшаве; першы напамін быў унутраны: праз пачуты голас, другі быў у часе святой Імшы. Перад паднясеннем я ўбачыла ўкрыжаванага Пана Езуса, які мне сказаў: Падрыхтуйся да цярпення. Я падзякавала Пану за гэтую папераджальную ласку і сказала Пану: «Напэўна, я не буду цярпець больш, чым Ты, мой Збаўца». Аднак я прынялася гэтым і ўмацоўвалася праз малітву і невялікія цярпенні, каб магчы вытрываць, калі прыйдуць большыя.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла