Цудадзейная расліна святаяннік

У гэтай зёлкі прыгожая і таямнічая назва — святаяннік, святаянскае зелле. Так яе назвалі нашыя продкі, бо зацвітае гэтая расліна на святога Яна.

У старажытных лекавых «даведніках» святаяннік прыгадваецца вельмі часта, бо лекары мінулага сцвярджалі: «Як без мукі нельга спячы хлеб, так без святаянніку нельга лячыць многія хваробы людзей і жывёлаў».

Яшчэ называюць гэтую расліну зверабоем, бо яе надземнымі часткамі могуць атруціцца хатнія жывёлы — авечкі, козы, коні (асабліва маладняк белай масці), каровы. Называюць яе таксама дзюраўцам, бо на пялёстках кветак і лісціках шмат дробных кропак, якія, калі паглядзець праз лісцік на сонца, ствараюць эфект прадзіраўленага ліста.

Нашыя продкі лічылі святаяннік цудадзейнай раслінай. Часта ў вёсках, набіваючы дзецям сеннікі сенам ці саломай, абавязкова дадавалі ў іх сушаны чабор (каб сніліся салодкія сны) і святаяннік, каб дзякуючы водару гэтай расліны дзіця не палохалася падчас сну.

Святаяннік у якасці леку прымянялі яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і Рыме – пра яго пісалі Гіпакрат і Авіцэна. За лекавыя ўласцівасці святаяннік называлі раслінаю ад 99 хваробаў, без яго практычна не было ніводнага лекавага збору. Авіцэна, дарэчы, пісаў, што «калі піць зверабой 40 дзён запар, то можна вылечыць запаленне сядалішчнага нерва».

Сучасная медыцына рэкамендуе ўжываць святаяннік прадзіраўлены (лац. Hypericum perforatum L.) пры шматлікіх захворваннях. У зялёных частках расліны знаходзіцца прыкладна 50-60 мг аскарбінавай кіслаты, да 55 мг караціну (правітаміна А), вітамін РР (нікацінавая кіслата), руцін, халін, антацыяны, да 10% дубільных рэчываў, сапаніны, сляды алкалоідаў, смалістыя рэчывы і фітанцыды, мікраэлементы (срэбра, медзь, марганец, цынк). У верхняй частцы расліны падчас красавання знаходзіцца 0,08% эфірных алеяў.

Найбольш актыўнымі злучэннямі святаянніка з’яўляюцца флаваноіды, якія аказваюць спазмалітычнае дзеянне на гладкія мышцы жоўцевых пратокаў, крывяносных сасудаў і мачаточнікаў. Флаваноіды павялічваюць адток жоўці, не дапускаючы яе застою ў пузыры, і тым самым не даюць магчымасці ўтварацца камяням, аблягчаюць жоўцевыдзяленне ў дванаццаціперсную кішку. Акрамя таго, флаваноіды купіруюць спазмы тоўстай і тонкіх кішак, аднаўляюць перыстальтыку. Святаяннік не толькі здымае спазм крываносных сасудаў, асабліва капіляраў, але і спрыяе ўмацаванню капіляраў. Прэпараты з яго паляпшаюць вянозны кровазварот і кровазабеспячэнне некаторых унутраных органаў,  а таксама спрыяюць павелічэнню фільтрацыі ў ныркавых клубочках. Дубільныя рэчывы расліны аказваюць лёгкае вяжучае і процізапаленчае дзеянне.

Для лекавых мэтаў расліну нарыхтоўваюць падчас квітнення (чэрвень-ліпень), зразаючы толькі верхавіну (25-30 см). Сушаць, расклаўшы тонкім слоем на паддашшы ці ў ценю (можна звязаць у тонкія венічкі). Высушаную расліну звычайна захоўваюць у зачыненых шкляных ці металічных слоіках у сухім, халодным і цёмным месцы. Тэрмін захоўвання сушанай расліны — тры гады.

Медыкі розных краінаў раяць прымяняць святаяннік пры многіх захворваннях. У балгарскай медыцыне адвар расліны рэкамендуецца ўжываць пры язве страўніка, павышанай кіслотнасці, падагры, ішыясе, рэўматызме, гемароі, пры начным энурэзе ў дзяцей, дыярэі, некаторых захворваннях нервовай сістэмы. Беларускія і расійскія медыкі раяць ужываць адвар святаянніка пры хваробах сэрца, лёгкіх, страўнікава-кішачнага тракту, гемароі, венерычных хваробах і хваробах скуры. Настойку расліны прымяняюць пры захворваннях ротавай поласці і горла. Літоўскія і ўкраінскія медыкі прымяняюць святаяннік пры анкалагічнай хваробе вантробы, страўніка, яечнікаў, пры лячэнні валляка (зоба). У Малдове настой прымяняюць пры хранічных калітах, а настойку — пры стаматытах і гінгівітах.

У народнай медыцыне святаяннік надзвычай папулярны. Сок расліны прымяняюць пры бранхіяльнай астме, прастудзе, язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гіпатаніі, цынзе, каліце, стаматыце, гігнгівіце (запаленне дзёснаў), жоўцекамянёвай хваробе, хворых нырках, цысціце, нетрыманні мачы ў дзяцей, гастрыце, крывавым паносе, жаўтусе, нервовых захворваннях, галаўным болю, малакроўі, матачных крывацёках, гемароі, кашлі, ужываюць пры паніжаным апетыце, лечаць рэўматызм.

Лісце святаянніка спрыяе загойванню ранаў і злаякасных язваў, аказвае дыурэтычнае дзеянне.

Настой кветак расліны прымяняецца ад кашлю, пры удушшы, асцыце, сардэчнай недастатковасці; як націранне ўжываецца пры лячэнні рэўматызму. Эфірны алей прымяняюць пры лячэнні апёкаў, язвы голені, пры язве страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Святаяннікавы алей (як вонкавы сродак) прымяняюць для загойвання ранаў, унутр (па рэкамендацыі ўрача) пры язве страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Насенне валодае моцным слабіцельным і антыбактэрыяльным дзеяннем.

Святаяннік дадаюць у мачагонныя, вяжучыя, супрацьрэўматычныя і іншыя лекавыя зборы.

У харчовай прамысловасці (лікёра-гарэлачнай) святаяннік выкарыстоўваецца для горкіх настоек і як прыправа для рыбных страваў.

Святаяннік, як натуральны транквілізатар, паспяхова прымяняецца пры лячэнні дэпрэсіі, неспакоі і боязі. Яго эфектыўнасць пацвярджаюць шматлікія даследаванні, праведзеныя ў розных краінах. Рэчывы гэтай расліны тармозяць выдзяленне гармонаў стрэсу, паляпшаюць абменныя працэсы ў мозгу. Трэба, аднак, памятаць, што святаяннік павышае адчувальнасць арганізма да святла, таму падчас лячэння трэба пазбягаць знаходжання на сонцы, бо расліна можа выклікаць апёкі і дэрматыты.

* Настой расліны: 3 ст.л. сушанай расліны заліць 250 мл кіпеню, настаяць 2 гадзіны, працадзіць. Прымаць па 1/3 шклянкі 3 разы ў дзень да ежы. Курс лячэння — 1-2 месяцы пры энтэракалітах, язвавай хваробе страўніка ці дванаццаціперснай кішкі, бранхітах, туберкулёзе лёгкіх.

* Настой. 10 г сухога святаянніка заліць 1 шклянкай кіпеню, накрыць, настаяць. Прымаць па 1-2 ст. л. 3-4 разы ў дзень пасля ежы пры паносах, халецыстытах, галаўным болі.

* Настойка. 15-20 г сухой расліны заліць 200 мл спірту ці гарэлкі, настойваць 2 тыдні, працадзіць. Прымаць па 30 кропляў з вадой 3 разы ў дзень перад ежай пры дызентэрыі, гастрыце, язвавай хваробе страўніка ці дванаццаціперснай кішкі, каліце, энтэрыце.

* Свежае лісце святаянніка і шалфея дзікага (1:1) расцерці са свежым свіным тлушчам, выціснуць праз марлю, захоўваць у шчыльна закрытым посудзе ў халодным месцы. Прымяняюць як мазь для загойвання ранаў і драпінаў.

* Святаяннікавы алей: 100 г здробненай зялёнай расліны (верхавіны) заліць 600 мл аліўкавага ці сланечнікавага алею, кіпяціць 30 хвілін, астудзіць, прафільтраваць. Прымяняць вонкава пры лячэнні ранаў і апёкаў.

*Алей з кветак: 1 ст. л. свежых кветак заліць 1 шклянкаю аліўкавага ці льнянога алею, настаяць 2 тыдні, перыядычна ўстрэсваючы, потым працадзіць. Прымяняюць для спрынцавання і прамывання ранаў.

*Канцэнтраваны алей. 1 частку кветак заліць 2 часткамі алею (аліўкавага, льнянога ці сланечнікавага). Настойваць не менш як 3 тыдні ў цёмным месцы. Прымяняць для лячэння ранаў, язваў, апёкаў у выглядзе кампрэсаў.

* Настойка: 1 частку сухой расліны заліць 5 часткамі
40%-га спірту. Прымяняюць як вяжучы і супрацьзапаленчы сродак у стаматалагічнай практыцы. Унутр прымяняць па 40-50 кропляў 3-4 разы ў дзень. Для паласкання – па 30-40 кропляў на 1/2 шклянкі вады. Тэрмін захоўвання – 4 гады.

* Сок святаянніка рыхтуюць у чэрвені-ліпені са свежай расліны (без сцяблінаў).  Прымаюць па 1 ст. л. соку і мёду 3 разы ў дзень за 30 хвілін да ежы.
Звярніце ўвагу: святаяннік павышае артэрыяльны ціск, таму гіпертонікам лепш ужываць яго толькі ў зборах.

Смачныя парады

Напітак са святаянніка.
Здробненую расліну (50-70 г) з лісцікамі і кветкамі заліць 1 л кіпеню, настойваць у тэрмасе ці ў цёплым месце  на працягу гадзіны. Працадзіць, дадаць цукар ці мёд.

Гарбата.
Здробненую свежую ці сушаную расліну (10 г) заварыць як гарбату (250 мл кіпеню). Можна дадаць чабор, рамонак і мяту, мёд ці цукар.

Прыправа.
Сушаную расліну змалоць у кавамолцы і выкарыстоўваць як прыправу для страваў з рыбы.

Падрыхтавала Аліна Лукашэвіч.

любимое порно hd для девушек. взлом mail

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла