Малітва ў адзіноце

 Бязмежная любоў Бога да нас
аб’явілася ў Езусе Хрысце.
Св. Бэрнард


 

Пастанова

Пачні з вызначэння часу на малітву. Калі магчыма, пастарайся, каб гэта быў той самы час. І, чым раней, тым лепш, бо, калі чакаеш моманту, калі нічога не бу­дзеш рабіць, то пастаянна будуць з’яўляцца тысячы новых справаў.

Старайся маліцца ў тым жа месцы, найлепш адасобленым, але не прывязвай да гэтага «вагі», нават калі б прыйшлося маліцца ў дарозе да і пасля працы.

Учыні гэтую пастанову з сапраўднай любоўю, дзеля простай логікі пераходу ад «веры ў Яго» да «адносінаў з Ім». Не ўспрымай гэтай пастановы як чарговага абавязку.

Распачні малітву

Прымі такую знешнюю пазіцыю, якая дапаможа табе ў канцэнтрацыі пачуццяў у глыбіні твайго «я», у месцы тваёй сустрэчы з Панам. У дасягненні гэтага, магчыма, дапамогуць некаторыя тэхнікі рэлаксацыі, якія спрыяюць расслабленню мышцаў, дыхальных шляхоў і г.д.

Далей шукай Ягонай прысутнасці. Шукай прысутнасці Бога ў цэнтры твайго існавання. Ён перад табой… Ён прысутны ў табе… Паўтарай: «Пане, Ты блізка», «Ты тут», «Ты ўва мне». Можаш ад­крыць Яго прысутнасць таксама ў табэрнакулюме, каля якога займаеш месца; у прыгожай навакольнай прыродзе; у нейкім сімвале, які маеш перад сабою (крыж, абраз, фігура). Найважнейшае, каб ты адчуваў сябе прысутным перад Ім, каб ты памятаў, што Ён глядзіць на цябе, і каб ты глядзеў на Яго вачыма веры. Далей паўтарай наступныя фрагменты са Святога Пісання: «Ты пранікаеш і ведаеш мяне, Пане» (пар. Пс 138); «Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас?» (1 Кар 3, 16); «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго» (Ян 14, 23).

Гэта вельмі важна, каб першае ўражанне прабывання «ў Яго прысутнасці» ты перанёс на прыняцце дыстанцыі, якая існуе паміж бязмежнасцю Бога і тваёй мізэрнасцю. Пачуцці жалю і праслаўлення, як нішто іншае, робяць натуральнай тваю малітоўную паставу.

Прызывай Духа Святога

Гэта Дух будзе Тым, Хто ў табе моліцца. Гэта Дух аб’явіць табе значэнне Святога Пісання. Гэта Дух адкрые табе сэнс падзеяў. Гэта Дух дапаможа табе казаць: «Абба, Ойча»; дапаможа распазнаць Яго волю і дасць табе сілы, каб нанова ўчыніў сваё жыццё адпаведным запаведзям, каб выконваў Яго волю. Таму кожную малітву распачынай заклікам: «Духу Святы, прыйдзі!».

Слуханне Слова

Слуханне — гэта кульмінацыя тваёй малітвы. Павольна прачытай фрагмент Святога Пісання, звяртаючы ўвагу на кожны сказ, робячы тваімі, напрыклад, адчуванні Езуса, яшчэ раз паўтараючы тое, што ты прачытаў. Магчыма, Слова прыйдзе да цябе падчас чытання твораў святых або навучання Касцёла і г.д. Будуць моманты, калі яно прыйдзе ў нейкай падзеі ў штодзённым жыцці. Захоўвай гэтыя па­дзеі заўсёды так, як Марыя, — на донцы твайго сэрца, каб там адкрываць Божы змест, які яны нясуць з сабою.

Перайдзі да «сяброўскіх адносінаў» з Богам

Твая малітва, болей, чым вырашэнне розных справаў, павінна быць заўсёды адносінамі паміж асобамі; хоць, лагічна кажучы, сяброўства само ўчыніць так, што твае справы стануць Ягонымі справамі, а Ягоныя ўрэшце — тваімі. У такіх момантах чыні толькі тое, што найбольш пабуджае цябе да любові Бога: памятай пра тое, што Ён табе даў, пра цуды, якія ўчыніў для нас, пра вялікі боль Касцёла, пра колькасць вернікаў, што аддаліліся ад Бога, у прысутнасці якога знаходзішся, памятай пра боль і радасці тваіх братоў.

Ад гэтых думак перайдзі да спакойнай і маўклівай паставы, да лагоднай паставы сузірання, у якой старайся ўсё бачыць «вачыма Бога». Зноў прасі Айца, праз Езуса, каб спаслаў на цябе Духа Святога, адзінага, хто можа аднавіць твае крытэрыі, твае шляхі, тваё сэрца; адзіную крыніцу сілы для змагання з цяжкасцямі і трываласці ў кожнай пастанове (гэты працэс слухання можаш паўтарыць шмат разоў падчас малітвы).

Заканчэнне і мэта кожнай малітвы

Малітва з’яўляецца адносінамі любові, таму не заканчвай яе без праяўлення сваіх пачуццяў да Бога. Спытай самога сябе: «Што б я сказаў Пану, калі б убачыў Яго цяпер?». І непасрэдна перайдзі да просьбы, заступніцтва, ахвяры, да падзякі або праслаўлення.

На заканчэнне пастарайся, каб у табе прарасла канкрэтная пастанова выпраўлення самога сябе, прагненне перамены свету, Касцёла, тваёй сям’і, супольнасці або асяроддзя.

Малітва заўсёды павінна грунтавацца на жыцці — з яго браць свой пачатак і да яго вяртацца. Мы молімся не для таго, каб пабудаваць тры шатры на вяршыні гары Перамянення, а для таго, каб рэалізаваць нашу місію тут, у даліне. Мы молімся не для таго, каб Бог рэалізоўваў нашы планы, а для таго, каб распазнаць Ягоныя намеры і быць здольнымі да іх рэалізацыі.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла