Прымаць сябе — шлях да шчасця. Частка першая

Мы будзем размаўляць на прыемную тэму — пра тое, як прымаць саміх сябе. Звярну вашую ўвагу: не пра людзей, якія прынялі сябе, а пра тых, хто прымае сябе, бо гэты працэс доўжыцца ўсё жыццё. Жыццё цячэ і змяняецца, і мы кожны раз павінны прымаць сябе ў новых абставінах. Калі вы думаеце, што сёння прачытаеце гэты артыкул, а заўтра ўжо прымеце сябе, — гэта памылка. Уменне прыняць сябе не дасягаецца ў адзін дзень. Каб дасягнуць яго, трэба рухацца, нібы па спіралі, паўтараючы пэўныя завіткі, працуючы над імі, каб гэтая ўнутраная пазіцыя замацавалася.


Задамо сабе пытанне: ці ёсць у мяне права займацца сабою? Для чаго мне прымаць сябе? Адказ адзін: прымаць сябе неабходна для таго, каб стаць шчаслівым.

Мы звычайна шукаем шчас­ця ў іншым чалавеку, у каханні, у адносінах, у кар’еры. Здараецца — у грошах, у матэрыяльных каштоўнасцях. Часам — у нашай прафесійнай або нават рэлігійнай дзейнасці. Чаму небяспечнае менавіта апошняе? Таму што вера не можа быць сродкам, вера — гэта мэта. І ўсе духоўныя каштоўнасці — таксама: калі мы прымаем іх усе (нават Бога) як сродак зразумець сябе, дайсці да сябе — гэта пачатак канца.

Бог і духоўныя каштоўнасці — гэта мэта, да якой можна імкнуцца. А нашае шчасце знаходзіцца не па-за намі, яно ў нас саміх. Калі мы не знаходзім шчасця ў сабе, мы не знойдзем яго і ў іншых людзях, і ў любой нашай дзейнасці, нават калі ўсё там ідзе, здавалася б, цудоўна. Мы думаем час ад часу: «Вось толькі ведаць бы, дзе гэтае шчасце, узяў бы і пайшоў туды адразу...» А ісці трэба ў сябе, як кажа нам Езус: «Валадарства Божае ёсць унутры вас» (Лк 17, 21).

Чаму так цяжка знайсці шчасце і чаму складана прыйсці да сябе, прыняць сябе? Па-першае, нам ніхто ніколі пра гэта не казаў — ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве, ні бацькі, ні настаўнікі, ні сябры. Замест гэтага мы атрымалі «бацькоўскае» праграмаванне.

«Бацькоўскае» — неабавязкова азначае ад мамы і таты, на нас уплываюць усе людзі, з якімі мы вельмі блізка кантактавалі, ад якіх залежалі. Яны ўплываюць на нас словамі, але часцей — сітуацыямі.

Напрыклад, бацькі маглі сварыцца, абмяркоўваючы выхаванне дзяцей, а сын гэта бачыць і думае: «Значыць, я вінаваты, калі б не я, яны б не сварыліся». Дзіця чуе чыесьці перажыванні ў фінансавых пытаннях і робіць выснову: «Грошы — гэта адна з самых важных рэчаў, без іх не пражыць шчасліва». Дзяўчынцы ў дзяцінстве сказалі: «У цябе вялікі нос», а яна і ў сорак гадоў будзе бачыць у люстэрку толькі свой нос.

Іншы момант, які робіць нас нешчаслівымі, — гэта розныя параўнанні, канкурэнцыя. Як мы параўноўваем? Па знешнім выглядзе, паводзінах, інтэлектуальным узроўні, дасягненнях. Колькі разоў мы чулі: «А твая сяброўка лепш вучыцца», «А іншыя дзеці лепш сябе паво­дзяць». І мы пачынаем думаць: «Іншыя добрыя, а я дрэнны. Тыя разумнейшыя, прыгажэйшыя, мацнейшыя за мяне».

Мы даходзім да таго, што нават параўноўваем сваю пабожнасць: «Я лепш малюся», «А я больш малюся», «А я часцей у касцёле бываю і больш у скарбонку кладу»... Страшныя рэчы!

Канкурэнцыя — гэта імкненне да выніку. А калі чалавек толькі імкнецца да выніку, ён прапускае сам працэс, не адчувае сябе, свае пачуцці і перажыванні. І, прапускаючы гэта, чалавек здраджвае самому сабе, страчвае сябе сапраўднага. Калі мы бяжым па жыцці і пастаянна гонімся за вынікамі, думаючы, што яны зробяць нас шчаслівымі, мы страчваем самае галоўнае. Але пасля чарговага дасягнення шчасце ізноў некуды знікае. Мы ж паспрабуем цяпер звярнуць увагу на свае пачуцці, перажыванні, досвед. Слухаючы розных людзей — бацькоў, настаўнікаў, сяброў — варта прыслухацца і да сябе. А для гэтага патрэбна крыху цішыні, у мітусні гэта не атрымаецца.

Я прапаную вам пяць крокаў, якія вядуць да шчасця і «сакавітага» жыцця, — мне вельмі падабаецца гэтае слова.

Першы — прымаць сябе, сваё цела, розум, памылкі, свае пачуцці, карацей, сваю асобу. Другі — быць сабою. Трэці — забыцца пра сябе. Чацвёрты — знайсці свой шлях і пакліканне. Гэта тычыцца прафесіі, служэння, сяброўства, калі іншыя людзі дзеляць са мною мой шлях. Пяты — знайсці сваю прыналежнасць, месца, дзе вашаму сэрцу цёпла і ўтульна, дом у сэрцы іншага чалавека.

Маленькае адступленне для тых чытачоў, якія яшчэ не стварылі сям’ю: найлепшы час для гэтага настае на чацвёртым-пятым этапе. Калі пачаць сямейнае жыццё перад першым этапам, яно напэўна не будзе ўдалым. Калі ж вы — сямейны чалавек, гэта не значыць, што трэба пакідаць жонку або мужа, гэтыя крокі можна зрабіць і ў сям’і, але самому, знайсці час для сябе.

Цяпер трэба разгледзець рысы, характэрныя для чалавека, які прымае сябе самога. Іх усяго адзінаццаць.

1. Першая рыса — гэта шчасце, вось так.

Мы часцей за ўсё думаем, што шчасце — нейкі неверагодны стан. У нечым, магчыма, і так, але шчасце — гэта калі мне з сабою добра ўнутры. Гэта гармонія. Чаму чалавек, які прымае сябе, заўсёды шчаслівы? Таму што ён заўжды знаходзіцца з чалавекам, які яго любіць, — з самім сабою; шчасце тут — такі «пабочны» прадукт працэсу самапрымання. Зразумела, што іншыя людзі — гэта таксама важна, але калі шукаць шчасця ў іншых, яго не зной­дзеш. Калі мне самому дрэнна, я заўжды буду ўспрымаць іншага чалавека як сродак для шчасця, нават кажучы і сапраўды адчуваючы, што я вельмі яго люблю. Калі ў мяне ўнутры не будзе гармоніі, іншыя будуць для мяне сродкам атрымаць шчасце, і я стану карыстацца людзьмі.

2. Наступная рыса — чалавек, які прымае сябе, лёгка ідзе насустрач іншым.

Ён мае стрыжань і сам вырашае, адкрывацца камусьці ці не. І калі адкрываецца, то лічыць гэта не сваім абавязкам, а дарам для іншага чалавека, зробленым па добрай волі, а не па абставінах і прымусе. Гэта ўпэўнены чалавек. Уваходзячы ў незнаёмы пакой, ён лёгка падыходзіць да чужых людзей. Гэта не значыць, што ён страціў інстынкт бяспекі і ўсялякі страх. Проста ён не думае: «Ой, як мне падысці, што зрабіць і што сказаць? А можа, той іншы чалавек не тое падумае, а можа, не так пойдзе размова...» Гэтак жа здараецца і ў нашым асабістым жыцці. Мы трапляем у нейкую сітуацыю і пачынаем панікаваць, не ведаючы, што рабіць. Або чытаем нешта ў кнізе, бачым у кіно і адразу прымаем гэтыя прыклады як неабходнасць. Так нельга: кожны прыклад трэба добра асэнсаваць, каб ён стаў вашым унутраным зместам (калі гэта сапраўды магчыма, таму што часам нават самы святы змест і прыклад — не вашы).

Чалавек, які прымае сябе, таксама любіць і адзіноту. Ён лёгка ідзе насустрач, але свое­часова ўмее зачыніць дзверы і любіць заставацца адзін. Чаму? Таму што адзінота дае яму спакой, утульнасць, унутраную лагоднасць. Адзінота для яго — гэта не знак адчаю і болю, а час для сустрэчы з самім сабою. Ён захоўвае раўнавагу паміж стасункамі і адзінотаю.

3. Трэцяя рыса — адкрытасць на кампліменты і пачуцці.

Напрыклад, чалавеку, які прымае сябе, скажуць: «Слухай, ты так добра сёння зрабіў», і ён не шукае ў гэтым хітрасці, не думае: «А што ад мяне хочуць, чаму мяне хваляць?». Ён без насцярожанасці ставіцца да кампліментаў. Чуючы прыемнае, ён не думае: «О, калі б усе ведалі, які я насамрэч, мне б ніколі такога не сказалі!». Чалавек, які прымае сябе, успрымае кампліменты асобна ад справы, ён не думае, што за камплімент павінен нешта зрабіць. І калі, напрыклад, яму сказалі, які ён цудоўны, і ён у сваю чаргу адказвае: «Дзякуй, вельмі прымемна», а пасля чуе: «Дык можа, ты выйдзеш заўтра ў выходны на працу?», ён можа спакойна сказаць: «Не, не выйду». А калі ліслівец на гэта пачне істэрыць: «Вось, я табе столькі добрага нагаварыў, а ты!..», значыць нешта з ім самім не так.

Чалавек, які прымае сябе, умее прыняць каханне, любоў, сяброўства, але — увага! Ён не адчувае сябе абавязаным адказваць на іх. Калі ўжо мяне любяць, то любяць проста так, праўда? Бо любоў або дарма, або гэта не любоў. І я магу адказаць «так», а магу адказаць «не». Магчыма, калі я адмоўлю іншаму чалавеку, яму будзе сумна і балюча, але я яму не абавязаны. Часам на слова «кахаю» лепш адказаць «вельмі добра», калі гэта ўсё, што я сапраўды адчуваю, калі я не ўпэўнены, што ў нас атрымаюцца адносіны. Аднак, калі я падзяляю пачуцці іншага чалавека, то цалкам адкрыюся і пайду насустрач. 

Чалавек, які прымае сябе, умее прыняць таксама і крытыку, спакойна яе разглядаць і рэагаваць. Ён не думае: «Гэта канец свету, мне зрабілі заўвагу, я дрэнны чалавек». Калі заўвага справядлівая, то рэакцыя будзе такая: «Дзякуй, гэта я сапраўды зрабіў кепска, наступным разам зраблю інакш». Калі ж заўвагу робяць не дзеля справы, а каб укалоць і абразіць, не трэба прыслухоўвацца да з’едлівых словаў.


Паводле лекцый і семінараў
с. Паўлы Бобер MSF
падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Працяг будзе

Фота: Ілья Міхайлаў

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла