Адвэнтавы рахунак сумлення

Спачатку зрабіце глыбокі ўдых, убіраючы ў сябе Божую любоў, святло Хрыста, мудрасць Святога Духа. Выдыхніце ўсе вашы клопаты, вашы праблемы і страхі. Давайце задумаемся падчас Адвэнту, што мы можам зрабіць, каб падрыхтавацца да прыйсця Пана.


1. Запрасіце да сябе Святога Духа, каб Ён дапамог вам убачыць дзень так, як бачыць яго нованароджанае Немаўлятка Езус. Якую радасць вы сёння знайшлі? Дзе вы адчулі Божую любоў? Што вы зрабілі сёння, каб падрыхтаваць шлях для нараджэння Езуса для вас у гэтым свеце?

2. Цяпер падумайце пра ваш дзень, як быццам вы глядзіце на яго вачыма дзіцяці. Што вы бачыце? Ці здзі­віла вас нешта? Мажліва, гэта былі словы, сказаныя вам кімсьці, альбо здарылася штосьці, за што вы некаму ўдзячныя? Падумайце, якія дары вы атрымалі (маючы на ўвазе дары, якія прынеслі Езусу тры мудрацы: золата, ладан і смірну). Падзякуйце Богу за тыя дары, якія Ён даў вам сёння.

3. Знайдзіце час, каб падумаць пра тыя моманты сённяшняга дня, калі Бог быў асабліва прысутны ў вас. Распазнайце свае пачуцці ў тыя моманты. Як вы рыхтавалі сваё сэрца для Божай прысутнасці? Дзе вы адчулі, што любячыя Божыя рукі абдымаюць вас, як Езус адчуваў рукі Марыі? Як вы падрыхтаваліся, каб адчуць Божую любоў, прабачэнне і надзею?

4. Цяпер падумайце пра тыя моманты, калі здавалася, што Бог далёка ад вас. Ці вы змагаліся, каб убачыць Месію ў вашым жыцці (не ўсе змаглі прызнаць нараджэнне Месіі ў нараджэнні Езуса)? Можа, вы бачылі патрэбу ў любові і не адказалі на яе (напрыклад, як гаспадар заезда), або ў вас была магчымасць для прабачэння, а вы адышлі? Як было падрыхтавана ваша сэрца? Папрасіце Бога дараваць вам за ўсё тое, што адвярнула ваша сэрца ад любові Божай і ад прызнання нараджэння Езуса ў вас. Таксама папра­сіце Бога, каб дапамог вам адкрыць сваё сэрца і стаць тым, кім Бог стварыў вас.

5. І, нарэшце, падрыхтуйцеся да надзеі Езуса Хрыста ў вашым жыцці. Падумайце, на што вы спадзяецеся, чаго вы з нецярплівасцю чакаеце падчас Адвэнту і перыяду Божага Нараджэння? Ці ваша надзея такая самая, як у дзіцяці ў раніцу Божага Нараджэння? Якімі дарамі вы будзеце дзяліцца, каб быць надзеяй для кагосьці іншага? Папрасіце Бога, каб Ён паблагаславіў усё ў вашым жыцці, паколькі вы рыхтуеце шлях Пану, і папрасіце Бога, каб Ён быў з вамі сёння і кожны дзень.


 Лоры Машэн

Пераклад з англ. мовы
Эльвіры Палінеўскай.
Паводле ignatianspirituality.com

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла