Заўсёды радуйцеся!

«Калі можаш развесяліць сумнага чалавека, каб ён пачаў радавацца і нават смяяцца, — будзеш збаўлены», — гаворыць старажытны аўтар. Якім чынам несці радасць іншым, асабліва стомленым, змучаным, заклапочаным, церпячым, ахопленым трывогаю? Як знаходзіць радасць у сваім жыцці?


Радасць — гэта перадусім добразычлівая прысут­насць сярод людзей і ў розных справах нашага жыцця. Прыкладам у гэтым для нас з’яўляецца Марыя, якая ўдзельнічала ў вясельных урачыстасцях у Кане Галілейскай. Яна змагла быць разам з усімі, браць удзел у іх шчасці, радавацца з імі, але Яна змагла таксама падтрымаць заклапочаных гаспадароў, калі не хапіла віна (гл. Ян 2, 3). Вось яскравы прыклад спачувальнага стаўлення да людзей, гатоўнасці дапамагчы ім, умення з любоўю глядзець на бліжніх і на ўсе людскія патрэбы.

Такая прысутнасць датычыць не толькі выключных сітуацый, але і штодзённых, звычайных. Яна адпавядае выказванню: у штодзённых клопатах праяўляецца вечнае. Добразычлівасць вынікае з чуласці да іншага чалавека, з памяці пра яго. «Не забудзь падарыць кветкі, пакуль яны квітнеюць; не забудзь сказаць добрае слова, пакуль хтосьці можа яго чуць», — гаворыць народная мудрасць.

Радасць аб’ядноўваецца з удзячнасцю. Быць удзячным — гэта заўважаць бляск у штодзённасці, перажываць яго як дар, са здзіўленнем глядзець на кожную сітуацыю, нават самую складаную, і прымаць яе з пакораю, без бунту. Тады лягчэй быць шчаслівым. «Я не бунтаваў з дзяцінства, толькі здзіўляўся, і гэта дапамагала мне верыць», — казаў кс. Ян Твардоўскі.

Удзячнасць робіць большымі нашыя сэрцы, мы менш думаем толькі пра сябе і свае справы, мы больш захапляемся Богам. Калі нашы чалавечыя справы набіраюць адпаведныя прапорцыі, мы знаходзім сэнс існавання.

Варта кожны вечар хвілінку падумаць аб пражытым дні — незалежна ад таго, што ў ім здарылася, і шчыра падзякаваць. «Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу» (Эф 5, 20). <...>

Розныя людзі могуць зу­сім інакш перажываць адно і тое ж здарэнне: для аднаго яно будзе прычынаю смутку, глыбокага жалю, для другога — крыніцаю радасці і ўдзячнасці. Памятайце: адносіны з’яўляюцца больш важнымі за факты. На самай справе мы не заўсёды можам уплываць на абставіны нашага жыцця, але ў вялікай ступені ад нас залежыць тое, як мы на іх рэагуем. Таму трэба настроіцца на пошук радасці і знаходзіць яе ў любой сітуацыі.

Папа Павел VI апублікаваў апостальскую адгартацыю «Gaudete in Domino» («Радуйцеся ў Пану»), у якой пісаў: «Трэба мець цярп­лівасць і ўнутраную фармацыю, каб навучыцца смакаваць звычайныя чалавечыя радасці, якія пашле нам Створца, — узнёслую радасць існавання і жыцця; радасць, якая паходзіць з чыстай і асвечанай любові; супакойваючай радасці сузірання прыроды і цішыні; радасці ад выкананай працы. Хрысціянскай радасці можа дасягнуць чалавек, які здольны радавацца натуральна».

Вакол нас даволі шмат засмучаных, заклапочаных, пакрыўджаных людзей. Як іх суцешыць? Спачатку мы спрабуем іх пераканаць: «Не перажывай, усё будзе добра! Нос угору!». На жаль, вельмі часта гэта выклікае адваротную рэакцыю — раздражненне і злосць. Засмучаны чалавек зусім не хоча чуць пра тое, што няма прычыны для смутку і хвалявання. Ён заглыблены ў сваю справу, а калі штосьці і можа яго суцешыць, то гэта зразуменне, магчымасць выгаварыцца і быць пачутым. Не трэба жадаць яму насільна  радасці, лепш паспрабаваць спадарожнічаць яму ў смутку, да­зволіць ім падзяліцца. А тое, што падзелена, становіцца меншым. Трэба паспраба­ваць паказаць, што ёсць шмат іншых важных, цікавых і радасных справаў, хоць яны часова заслоненыя смуткам. Ёсць столькі прыгожых рэчаў, якія варта паглядзець, столькі людзей, якім патрэбна дапамога, столькі кніжак, якія трэба прачытаць, столькі музыкі, якую варта паслу­хаць, столькі людзей, якіх трэба атуліць любоўю.

Можна паспрабаваць далікатна «заразіць» гэтага чалавека сваёй радасцю... «Радуйцеся заўсёды ў Пану» (Флп 4, 4). Святы Павел заклікае да радасці ў Пану. Што гэта за радасць? Чым яна адрозніваецца ад зямной радасці? Розніца ў ёй істотная. Зямная радасць з’яўляецца тады, калі знікаюць клопаты, хваляванні, цярпенні, а евангельская радасць напаўняе сэрца, нягледзячы на ўсё гэта. Яна вынікае з пэўнай дыстанцыі ад здарэнняў, людзей, можа «паўставаць з попелу», адраджацца пасля трагедый, абуджаць новыя рысы індывідуальнасці, набываць сваю каштоўнасць. А ўсё таму, што гэтая радасць укаранёная ў Пану.

Хрысціянская радасць з’яўляецца лёгка, спантанна, яна ахоплівае нас натуральным чынам. <...> Радасць нераўназначная прыемнасці, якая праз некаторы час можа ператварыцца ў расчараванне. Прыгадайце радасць вучняў пасля Уваскрасення Пана. Ра­дасць з’явілася «пасля»: пасля страху, намаганняў, болю. Гэта была радасць, якая паўстала з сітуацыі, прайгранай  у вачах чалавека, — са смерці Укрыжаванага. Гэта была радасць, якая вырасла з веры ў Хрыста і прынесла спакой. Радасць стала плёнам Духа Святога. «Становячыся больш блізкім для Бога, выракаючыся граху, — піша Павел VI у адгартацыі «Gaudete in Domino», — чалавек можа сапраўды ўвайсці ў стан духоўнай радасці».


Кс. Юзаф Наўмовіч
Пераклад з польскай мовы Іны Ламакі
Паводле: «Różaniec», № 3, 1997.

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла