Асабістая малітва

Шукайце, чытаючы, і вы знойдзеце ў разважанні; стукайце, молячыся, і адкрыецца вам праз сузіранне.

(Гвігон Картузіянец. Таямнічая лесвіца)

 

Кожная малітва — гэта асабістая  малітва, таму што з’яўляецца дзеяннем, якое ўласціва чалавеку, якое выконваецца асобай, якая моліцца, але таксама і таму, што ўводзіць асобу, якая моліцца, у адносіны і камунію з Асобай самога Бога. Таму абсалютна недапушчальнай з’яўляецца аўтаматычная і безасабовая малітва, якая рэалізуецца дзякуючы пэўным тэхнікам або механізмам, што замяняюць чынны ўдзел асобы. Асоба падчас малітвы не можа быць заменена нічым, як у праявах простай малітвы (вусная малітва, абрады або заклікі), так і ў высокіх праяўленнях містычнай малітвы. 

Евангельская падзея

Сустрэча або размова чалавека тварам у твар з Езусам не з’яўляецца толькі евангельскім эпізодам — гэта падзея, якая паўтараецца, гэта няспыннае шуканне таямнічай Божай моцы, прысутнай у асобе нашага Пана. Вось прыклады: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць» (Мк 1, 40) — просьба пракажонага; «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною» (Мк 10, 47) — гаворыць невідушчы; «Дай мне гэтай вады» (Ян 4, 15) — просіць самаранка; «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой» (Ян 11, 21) — гаво­рыць Марта. Найбольш сімвалічны прыклад — інтэрвенцыя Маці Езуса падчас вяселля ў Кане: «Не маюць віна!» (Ян 2, 3). 

У кожным з узгаданых пры­кладаў асоба нейкім чынам адлучаецца ад натоўпу, які акружаў Езуса, каб скіраваць да Яго асабістую просьбу ў сваёй канкрэтнай чалавечай патрэбе. Падобных прыкладаў звяртання да Бога Ягвэ шмат таксама ў Старым Запавеце: моліцца Майсей на гары, Ілля ў пустыні, Юдыта, Эстэр… Гэта самыя простыя прыклады асабістай хрысціянскай малітвы. 

Рэкамендацыі да разважанняў

Асабістая малітва цалкам свабодная, яна не абумоўлена абрадамі, формуламі, жэстамі або акружаючай атмасферай. Яна адкрытая на крэатыўнасць або непаўторнасць таго, хто моліцца пад уздзеяннем Духа Святога. Задумайся, наколькі дазваляеш Пану Богу дзейні­чаць у табе. Ці ўмееш наследаваць свабоду і давер Марыі, якая, не зважаючы на акалічнасці, умела сказаць: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5). 

Узгадай нейкую постаць са Святога Пісання: пракажонага, сотніка, заклапочанага аб здароўі свайго слугі, яўную грэшніцу, якая навярнулася. Якой была малітва гэтых лю­дзей? Асабістая малітва вельмі моцна атаясамліваецца з асобай, якая моліцца, мае ў сабе яе псіхалагічныя абумоўленасці, з’яўляецца непасрэдным адлюстраваннем асабовасці, гісторыі збаўлення, сучаснага стану, а таксама ўражлівасці — братэрскай, гуманітарнай, эклезіяльнай… Падумай цяпер над сваёю малітваю. Што яна кажа пра цябе?

Асабістая малітва ёсць вызначальнікам духоўнага жыцця асобы, якая моліцца, яе ўзрастання ў Хрысце. Асабістая малітва дзіцяці адрозніваецца ад малітвы дарослага, таксама як малітва пачынаючай асобы ад той, якая жыве сузіраннем, перамененая адчуваннем Бога. Задумайся над паставай самаранкі і яе просьбай: «Пане, дай мне гэтай вады» (Ян 4, 15). Ці ты ўсцяж яшчэ горача прагнеш «піць», значыць расці, развівацца і жыць вечна? Малітва ахоплівае неабмежаваны абшар і мае розныя віды. Яна можа ўзнікаць ў любы час і ў любым месцы. Яна можа мець любую форму хрысціянскай малітвы — форму праслаўлення, прашэння, удзячнасці, ушанавання, ахвяравання, заступніцтва… Мы можам маліцца на працы і на вуліцы, згодна са старымі класічнымі формуламі: маліся і працуй. Старайся ўсе свае абавязкі выконваць так, як бы Езус працаваў побач з табой. Ты ж ведаеш, што Ён заўсёды глядзіць на цябе, таму паспрабуй адказаць узаемнасцю на гэтую ўвагу.

Асабістая малітва не толькі не супярэчыць іншым формам малітвы (як малітва супольнасці або літургічная), але сілкуецца імі, асабліва літургічнай малітвай, і ўзбагачае іх. Падобна да таго, як жыццё хрысціяніна, яго праца ці асабістае пакліканне без подыху, якім ёсць асабістая малітва, было б пазбаўлена рэлігійнага вымярэння або таксама неабходнай у жыцці праўдзівасці. Падумай пра свой удзел у літургічным жыцці Касцёла. Колькі сэрца ўкладаеш у малітвы супольнасці? Ці ўзбагачаеш яе сваёй асобай, тым, што перажываеш унутры? Разважаючы пра адносіны паміж тваёй малітвай і жыццём, падумай над наступнымі словамі з Катэхізіса: «Малітва — гэта дар ласкі, але ж яна заў­сёды прадугледжвае рашучы адказ з нашага боку, бо той, хто моліцца, змагаецца з сабой, з асяроддзем, але перадусім з подступамі спакушальніка, які робіць усё, каб адвярнуць чалавека ад малітвы» (ККК, 2725). Малітоўная барацьба вельмі цесна спалучана з развіццём духоўнага жыцця. Кожны моліцца так, як жыве, бо кожны жыве так, як моліцца.

З малітвай — а. Юрый Кулай OCD

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла