Шанштацкi рух

«Велічае душа мая Пана» (Лк 1, 46).

18 кастрычніка 2014 г. мiжнародны Шанштацкi рух адзначыў 100-годдзе свайго заснавання. Гэты рэлігійны рух адновы хрысціянскага жыцця паўстаў у горадзе Шанштат (адзін з гарадскіх раёнаў Фалендара) у Германіі. 18 кастрычнiкa 1914 года а. Ёзаф Кэнтэнiх SAC (1885–1968), заснавальнік руху, у маленькай каплiчцы святога арханёла Мiхала ў Шанштаце сабраў групу маладых людзей, якiя рыхтавалiся да святарства. Адказваючы на Божы Провід, асаблівым знакам якога для іх стаў пачатак Першай сусветнай вайны, яны заключылi ў гэтай каплічцы запавет любовi з Мацi Божай. Айцец Ё.Кэнтэнiх разам з даручанымі яму юнакамі прасiў Mарыю, каб у адказ на iх iмкненне да святасцi Яна ўчынiла каплiчку месцам сваёй асаблiвай прысутнасцi, адкуль будзе аб’яўляць свету свае цудоўныя дары i моц свайго заступнiцтва. Мацi Божая прыняла заключаны запавет і адказала вернасцю ў рэалізацыі гэтых абавязацельстваў.

Заключаны запавет любовi паклаў пачатак мiжнароднаму Шанштацкаму руху, a каплiчка стала месцам сустрэчы Бога з чалавекам — санктуарыем. У Шанштацкiм санктуарыі валадарыць Марыя, якая выконвае ролю Выхавацелькі. Яна мае тытул — Мацi Тройчы Цудоўная (Mater Ter Admirabilis — MTA), які характарызуе Яе як Дачку Бога Айца, Маці Божага Сына і Абранніцу Духа Святога. Марыя выпрошвае для нас асаблівыя ласкі: адчування сябе дзецьмі Бога, ласку ўнутранага перамянення, дзейснага апостальства. 

У часе Другой сусветнай вайны была пабудавана першая копія Шанштацкага санктуарыя, а сёння налічваецца больш за 200 такіх санктуарыяў у розных краінах свету.

Шанштацкi рух — гэта рух рэлігійна-маральнага аднаўлення, мэта якога — знайсці адказ на пытанні і спадзяванні сучаснага чалавека. Праз шлях самавыхавання і фармаванне моцнай асобы ён дапамагае жыць па-хрысціянску і дасягаць святасці, вучыць ва ўсім бачыць Божы Провід. Дзякуючы запавету любові з Марыяй гэты рух дапамагае кожны дзень жыць з Богaм. Шанштацкi рух адкрыты для ўсіх. Да яго належаць манахіні, святары, моладзь і дзеці, cужэнствы і сем’і, aсобы, якія ствараюць колы пiлiгрымуючага сан­ктуарыя Мацi Божай. 

Запрашаем усіх, хто жадае бліжэй пазнаёміцца з гэтым рухам і яго дзейнасцю, звяртацца па адрасе: вул. Рэвалюцыйная, 1а, 220030 г. Мінск; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. .

ISSM

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла