Адказ Рэбецы, якая чакае трэцяе дзіця

Хвала Хрысту!

Шаноўная рэдакцыя часопіса «Ave Maria»! Мяне завуць Алена. Я хацела б напісаць адказ Рэбецы, якая чакае трэцяе дзіця. Яе ліст быў змешчаны ў часопісе №9 за 2014 год. Ён называўся «Чаму мы не хочам стаць святымі?». Рэбека ўзняла важнае пытанне на тэму прыняцця дзіцяці ў сям’ю, але мне здаецца, што яна залішне катэгарычная, бо асуджае вя­дзенне жаночых графікаў і вымяранне тэмпературы як стылю жыцця сям’і.

Шаноўная Рэбека, Вы вельмі правільна зазначылі, што пакліканне кожнай сям’і — гэта нараджэнне і выхаванне дзяцей у веры, але нараджэнне ўсё ж стаіць на першым месцы!

Мне 30 гадоў. Мы з мужам выхоўваем 4-х сыноў. Старэйшаму — 5 гадоў і 8 месяцаў, сярэдняму — 3 гады і 5 месяцаў, блізнятам у верасні споўнілася 2 гады. Мы жывём у Мінску, а бацькі — у Бабруйску і Стоўбцах, таму ў асноўным з дзецьмі спраўляемся сваімі сіламі. Мы з мужам паходзім таксама са шматдзетных сем’яў: у маіх бацькоў было 9 дзяцей, у бацькоў мужа — 3-е. Дзякуючы гэтаму ў нашых хлопцаў ёсць дзядзі і цёці, якія часам могуць дапамагчы, але яны таксама жывуць у іншых гарадах і маюць свае сем’і з маленькімі дзецьмі.

Напісала я гэта для таго, каб Вы разумелі, што мае словы пацверджаныя жыццёвым вопытам і выпрабаваннямі. Вы, Рэбека, яшчэ толькі станеце шматдзетнай маці. Гэта цудоўна, што пагаджаецеся з Божаю воляю і прымаеце сваё чарговае дзіця, але наперадзе — вялікая праца, у асноўным звязаная з выхаваннем дзяцей. Не так лёгка выхоўваць дзяцей з любоўю, адчуваючы стому ад цяжарнасці, родаў, бяссонных начэй. Я не буду казаць, колькі дзяцей павінна быць, — у кожнай сям’і свая выключная сітуацыя, таму і Вам не раю апеляваць лічбамі 7–12. Да нараджэння дзяцей трэба падыходзіць адказна і браць пад увагу, што ў Бога могуць быць іншыя планы. Можна вымяраць тэмпературу і будаваць графікі, а ўсё роўна зацяжарыць — зна­чыць Божая воля адрозная ад вашай. Але, толькі ачуняўшы ад адной цяжарнасці, адразу планаваць наступную? Такі Ваш план?

Здараецца, што маладая сям’я пераязджае з адной здымнай кватэры на другую, або жыве ў аднапакаёўцы, або з бацькамі, і таму цяжка стаць на пазіцыю «цяжа­рыць, як бы там ні было». Я лічу, што Бог даў нам розум і не забараніў ім карыстацца згодна з Яго воляю. Наколькі вялікая колькасць характараў, настолькі і Божая задума ў адносінах да кожнай сям’і індывідуальная. Нельга казаць: калі вы сапраўдныя католікі, то павінны нарадзіць не менш за 7 дзяцей. У Вашай цёзкі, жонкі Ісаака, было толькі двое дзяцей. Такім ужо быў Божы план! 

Не магу пагадзіцца з Вамі наконт таго, што мужчына становіцца безадказным, калі жанчына сочыць за сваім цыклам. Што амаральнага ў тым, калі муж ведае ўсё, што адбываецца з арганізмам жонкі? Цяпер жа двое сталі адным целам! Маё цела — гэта таксама і яго цела. Мне здаецца, што гэта нават дапамагае ва ўзаемаразуменні. Як вядома, гарманальныя змены на працягу цыкла ўплыва­юць і на самаадчуванне, і на эмацыйны стан жанчыны. Дык што ненармальнага ў тым, калі мужчына будзе гэта разумець? Паважлівае стаўленне да цыкла плоднасці жанчыны і адказны падыход да зачацця дзіцяці вучыць мужчыну не быць вязнем свайго цела і жаданняў. Такі мужчына ніколі не скажа жонцы: «Гэта ты расслабілася!». Наадварот, так можа сказаць той, хто абыякавы да таго, што адбываецца ў арганізме жанчыны. Для такога мужчыны жанчына павінна быць даступная заўсёды, а вынікі — няважныя. 

Яшчэ я распавяду Вам пра боязь зацяжарыць. У мяне была чацвёртая цяжарнасць праз год пасля трэцяй, але закончылася яна трагічна. З першым дзіцем з двайнятаў здарыўся выкідыш ужо на пятым тыдні. Мяне доўга «мучылі» ўрачы, запэўніваючы, што цяжарнасць трэба спыніць, бо на яечніку знайшлі ці то кісту, ці то пухліну. Я, вядома ж, адмовілася. За нас шмат маліліся. Гэта было сапраўднае выпрабаванне веры. Здаецца, усё ішло добра, але аднойчы здарыўся крывацёк, зноў шпіталь, дыягназ — адслаенне плацэнты і вялікая гематома. Два тыдні я ляжала на захаванні пад кропельніцамі, пасля зноў крывацёк і новы прысуд — плацэнта адслаілася і ўтварылася яшчэ некалькі гематомаў. Дзіцятку было 17 тыдняў... Колькі болю, які нельга апісаць словамі...

У маёй сяброўкі цяжарнасць спынілася на 19-м тыдні. У яе на той момант было ўжо двое здаровых дзяцей. Цяпер я, як і мая сяброўка, баюся цяжарнасці. Але пакуль дзеці яшчэ маленькія, пакуль жывы боль ад страчанага дзіцяці, мы вымяраем тэмпературу.

Думаеце, нашы выпадкі адзінкавыя? Не. Часам здаецца, што людзі загразлі ў сваім эгаізме, і таму не нараджаюць дзяцей, але не ведаючы іх сітуацыі, не трэба іх асуджаць. Не магу сказаць, што я бліжэй да святасці, бо ў мяне чацвёра дзяцей, а ў некага толькі двое. Выхоўваць, не апускаючы рук, з любоўю, са строгай любоўю — гэта сапраўднае пераадоленне эгаізму, гэта шлях да таго, каб стаць святымі. Так можна дзейнічаць толькі з малітваю, з поўным даверам сябе Богу. Вы хутка гэта зразумееце, калі дзяцей стане трое, а вас, дарослых, па-ранейшаму толькі двое.

Вы гаворыце пра тое, што нараджэнне дзіцяці павінна быць ахвяраю. Згодная, што адмаўляцца ад нараджэння дзяцей для таго, каб не адмаўляць сабе ў забавах, камфортным жыцці, свабо­дзе, каб захаваць сваю фігуру — цалкам няправільна. Калі бацькі, асабліва маці, адчуваюць сябе фізічна і псіхалагічна змучанымі, то лепш з любоўю заняцца выхаваннем  ужо народжаных дзяцей. Калі вядома, што чарговая цяжарнасць будзе небяспечнаю для здароўя маці, то трэба падумаць, што гэтым двум, тром, чатыром дзецям таксама патрэбна маці. Бог ёсць Любоў, Ён дае кожнаму крыж па яго сілах і не хоча моцна ім прыціснуць.

Вы прыводзіце ў прыклад сям’ю Мартэн і Джанну Моллу... Давайце паспрабуем параўнаць іх сем’і з нашай сярэднестатыстычнай шматдзетнай сям’ёй. Зэлі Герэн — цудоўная жанчына, якая мяне вельмі натхняе. Я бяру з яе прыклад у тым, як яна вучыла малітве сваіх дзяўчынак, як яна ставілася да смерці сваіх дзяцей. Зэлі хацела мець шмат дзяцей, і для гэтага былі ўсе ўмовы: вялікі дом ў Алансоне, любімая справа, якая прыносіла добры прыбытак. Хачу заўважыць, што яна не адна з мужам гадавала сваіх дзяцей, гатавала ежу, прыбірала, мыла бялізну і г.д. Толькі некаторыя нашы шматдзетныя маці могуць наняць няню, а ў асноўным жанчыны спраўляюцца самі, і кожная новая цяжарнасць становіцца ўсё большаю працаю.

Джанна Молла ахвяравала сваім жыццём і стала святою. Але!.. Яна даведалася пра небяспечную пухліну ўжо падчас чацвёртай цяжарнасці. Калі вядома пра небяспеку загадзя, то неразумна планаваць цяжарнасць, якая можа пакінуць дзяцей без маці, а мужа без жонкі. Джанна шмат вандравала са сваім мужам, працавала ўрачом — у яе была добрая магчымасць адпачыць ад хатніх клопатаў. Таму я не стала б асуджаць нашых беларускіх маці, якія амаль увесь час знаходзяцца дома з дзецьмі, часта ў неспрыяльных умовах. 

З моманту нараджэння блізнятаў і прыкладна да года я выходзіла на вуліцу толькі па нядзелях, ды і тое ў касцёл. Я навучылася ахвяраваць сваё жаданне выйсці на вуліцу ў добрае надвор’е, бо сабраць, апрануць і вывесці на вуліцу чатырох малых без чыёйсьці дапамогі, а яшчэ з вялікаю каляскаю — гэта амаль што фантастыка. 

Вядома ж, вяршыня ўсялякага пераймання — Святая Сям’я. Марыя і Юзаф сталі для нас дасканалым прыкладам святасці, выхаваўшы... толькі аднаго Сына! Можна сказаць, што святасць адна, а шлях да яе ў кожнага свой. Дзеці прынеслі ра­дасць, шчасце, паўнату нашаму сужэнству, дзякуючы ім мы сталі сям’ёй. Займаючыся іх пастаянным выхаваннем, я разумею, што гэта і ёсць сапраўдны шлях да святасці. Я не ведаю, колькі ў нас будзе дзяцей, можа, іх так і застанецца чацвёра. Гэта ведае толькі Бог.

Шаноўная Рэбека, я жадаю Вам шчасліва данасіць і нарадзіць Вашае дзіцятка, жадаю Вам шмат сілаў і цяр­плівасці ў справе выхавання Вашых дзяцей. Спадзяюся, Вы ўжо падрыхтаваліся да таго, як зменяцца паводзіны Вашага сярэдняга дзіцяці? Калі не, то неадкладна бярыцеся за літаратуру!

Сваімі разважаннямі мне хацелася б схіліць Вас не асуджаць і не крытыкаваць лад жыцця многіх беларускіх сем’яў, а лепш натхняць лю­дзей сваім добрым прыкладам. Бачачы, што якаясьці сям’я не баіцца прыняць дзіця і ў іх жыцці не здарыўся з-за гэтага «канец свету», нехта таксама зможа зразумець, што варта даць жыццё яшчэ аднаму дзіцяці. Калі з маімі разважаннямі цяжка пагадзіцца, то перачытайце іх праз некалькі гадоў, калі Вы будзеце шматдзетнаю маці са стажам.

Алена Шымак 

 

Шаноўныя чытачы! Запрашаем вас далучыцца да гэтай дыскусіі.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла