Вершы

Сяргей БРАНДТ

 

 

ДЗIЦЯЧЫЯ АНЁЛЫ

 

Гараць у полымi бярозавыя дровы,

Ноч вугалькамi ў шыбу б’ ецца.

Ляцяць над хатамi дзiцячыя анёлы,

Нясуць вянкi з пяшчотай нам у сэрца.

 

З палётам гэтым сцiпла замiраюць

Турботы, сумы дня, стары фальварак.

I хаты з удзячнасцю гасцей вiтаюць,

Якiя так падобныя да белых хмарак.

 

Малiтва песняй лёгкай узаўецца,

Цудоўна — простыя з пяшчотай словы.

Ноч вугалькамi ў шыбу б’ецца,

Ляцяць над хатамi дзiцячыя анёлы.

 

 

 

ЗIМА ДЭКАРУЕ САМА

 

На снежным полi — чорныя кусты,

Здзёр вецер вопратку з галiнак.

Цяпер яны стаяць маўклiва,

Там-сям вiсяць счарнелыя лiсты.

 

Навошта ён зрабiў вось так?

Яны ж цяпер на гэтым белым снезе

Псуюць агляд, у вочы неяк лезуць,

Якое ж тут натхненне — немы жах.

 

I каб змянiць настрой такi пусты,

Закружыць моўчкi раптам завiруха.

I лёгкiм снегам, як святочным пухам,

Накрые ў полi чорныя кусты.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла