«Молімся да Беззаганнай Панны Марыі як Пасрэдніцы ўсіх ласкаў»

Ксёндз Андрэй Рылка — магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ; намеснік дырэктара і мадэратар навучання Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, адказны за СМІ, акадэмічнае і моладзевае душпастырства ў Пінскай дыяцэзіі.

Сярод найбольш распаўсю­джаных у свеце вобразаў Маці Божай несумненна вядучае месца займае выява, аб’яўленая ў 1830 г. святой Кацярыне Лабурэ ў Парыжы. Падчас малітвы ў кляштарнай капліцы гэтая святая раптам убачыла Найсвяцейшую Панну ў белай сукенцы і блакітным плашчы. Пад нагамі Багародзіцы быў раструшчаны змей. Яна стаяла з выцягнутымі ўніз рукамі, з якіх выходзілі ззяючыя промні святла. Гэтаму аб’яўленню спадарожнічалі словы: «Вось вобраз ласкаў, якія Я разліваю на тых, хто аб іх просіць».

Спадчына двух тысячагоддзяў хрысціянства — гэта вялікі досвед веры, праверка таго, што напісана ў Бібліі, афіцыйна абвешчана Касцёлам, перажыта і апісана безліччу святых. У гэтым бясцэнным вопыце духоўнай практыкі асаблівае месца займае Маці Божая як наймагутнейшая Заступніца вернікаў, Пасрэдніца ў малітве і ў атрыманні ласкаў ад Пана. Перажыванне дзейснага заступніцтва Багародзіцы сілай факту схіляе вернікаў да асаблівай пашаны Той, якая ніколі не падводзіць, як пісаў святы Бэрнард у сваёй знакамітай малітве. Культ Марыі стаў натуральным для католікаў і праваслаўных, якія няспынна просяць Яе матчынага заступніцтва і пастаянна яго адчуваюць. Адначасова шматлікасць малітваў і спеваў, прысвечаных Найсвяцейшай Панне, будзіць у некаторых вернікаў неспакой. Ці ёсць мяжа паміж культам Бога і культам Марыі? Ці мае Яе заступніцтва межы? Ці можна Яе называць Пасрэдніцай усіх Божых ласкаў?

Спачатку варта звярнуць увагу на даволі частае ня­правільнае ўспрыманне сэнсу гэтых словаў. У першую чаргу гэта датычыць  тэрміналагічнай блытаніны ў паняцці «культ», якое ўжываецца і адносна Бога (культ Бога), і адносна святых (у тым ліку Найсвяцейшай Панны Марыі). Звычайна людзі разважа­юць проста: калі ўшанаванне і Бога, і святых акрэслена аднолькавым словам, значыць іх культ аднолькавы. Калі б так было, то гэта было б прамым парушэннем першай Божай запаведзі не мець іншых багоў, акрамя Адзінага і Сапраўднага. Прычына неразумення звязаная таксама з шырокім ужываннем слова «культ» у сучасных мовах у зусім розных значэннях («культ Бога», «культ святых», «культ поп-зоркі», «культ моды», «культ ежы» і да т.п.). Адрозненне паміж  культам Бога і культам святых становіцца відавочным, калі мы зазірнем у апісанне праўдаў веры на арыгінальных мовах (грэцкай і лацінскай). Культ святых у Касцёле яшчэ ў старажытнасці акрэсліваўся тэрмінам «dulia» (лац. «ушанаванне», «праслаўленне»), а культ Бога  — тэрмінам «latria» (лац. «пакланненне», «адарацыя»). У тэкстах айцоў Касцёла культ Маці Божай акрэсліваецца словам «hiperdulia» (лац. «дасканалае ўшанаванне»). Як бачым, у каталіцкім веравучэнні выразна падкрэслена розніца паміж культам Бога і культам Яго святых. Усіх святых і анёлаў (у тым ліку Марыю) католікі ўшаноўваюць, але пакланяюцца толькі аднаму Богу . 

Выдзяленне пашаны да Маці Божай сярод іншых святых звязанае ў Касцёле з усведамленнем Яе ролі ў справе збаўлення свету. Узгадаем, што ўшанаванне Марыі мае глыбокае біблійнае абгрунтаванне. У першую чаргу гэта факт Яе выбранасці Богам і Яе жадання выканаць план Пана (Лк 1, 26–38). Усе евангельскія радкі, дзе ўзгадваецца Марыя, паглыбляюць усведамленне Яе ролі ў Божым плане збаўлення: Яна нарадзіла Божага Сына (Лк 2, 1) і ад пачатку і да канца была са сваім Сынам. Марыя няспынна разважала над усім, сведкаю чаго Яна была (Лк 2, 51). Маці Божая ўсведамляла, што Ёй давераная асаблівая місія на «ўсе пакаленні» (Лк 1, 48). Яе асаблівая роля падкрэслена таксама ў прароцтве старца Сімяона, які прадказаў пакуты Марыі, якія Бог дапусціць для таго, «каб выявіліся думкі многіх сэрцаў» (Лк 2, 35). Роля Марыі — гэта не толькі біялагічнае нараджэнне Божага Сына. Біблія падкрэслівае Яе дзейсную пасрэдніцкую ролю ў Хрыстовай справе збаўлення. Па Яе просьбе Езус учыніў свой першы цуд (Ян 2, 1–12). Канаючы на крыжы, Хрыстус даверыў Яе мацярынскай апецы сваіх вучняў (Ян 19, 25–27). Яна як Маці далей спадарожнічала супольнасці вучняў — Касцёлу, разам з ім малілася і трывала як Маці (пар. Дз 1, 14). 

Многія біблійныя тэксты, пошукі тэолагаў і духоўная практыка святых сведчаць аб тым, што Марыю можна называць Пасрэдніцай Божых ласкаў. Гэтую ісціну пацвердзіў таксама Другі Ватыканскі Сабор у канстытуцыі «Lumen gentium» (62). Некаторых вернікаў можа непакоіць тэрміналагічная аднолькавасць словаў: і да Хрыста, і да Марыі мы адносім адно і тое ж слова — «пасрэдніцтва». Але гэта толькі знешняя форма слова, а не яго змест, бо Хрыстус — Пасрэднік паміж Богам і людзьмі, а святыя (у тым ліку і Марыя) — гэта лю­дзі, якія з’яўляюцца пасрэднікамі (памочнікамі) у выпрошванні ласкаў у Пана. Фактычна гэтае пасрэдніцтва заключаецца ў малітоўнай падтрымцы, духоўнай успамозе, выкананні тых заданняў, якія Бог давярае святым ці анёлам, да­зваляючы ім удзельнічаць у справе збаўлення свету. Гісторыя мае тысячы прыкладаў такога дзейснага і заўважнага пасрэдніцтва святых, і найбольш Маці Божай, дзеля паяднання чалавека з Богам. 

Усведамляючы магутнасць заступніцтва Багародзіцы, некаторыя вернікі лічаць, што Касцёл на афіцыйным (дагматычным) узроўні павінен прызнаць за Ёю тытул «Пасрэдніцы УСІХ Божых ласкаў». Аднак Касцёл устрымліваецца ад такога кроку, каб пазбегнуць непаразуменняў. З тэалагічнага пункту гледжання такі тытул можа быць прызнаны слушным, але ён патрабуе спецыяльнага тлумачэння, бо непадрыхтаваны вернік можа зрабіць паспешлівыя і далёкія ад праўды высновы, або перабольшваючы ролю Марыі, або адкідваючы Яе тытул Пасрэдніцы і ўвогуле ўсю дзейнасць.

Пасрэдніцтва Марыі ва ўсіх ласках асабліва падкрэсліваў святы Бэрнард, які вучыў, што з Божага Провіду ўсе ласкі сыхо­дзяць праз рукі Марыі (Serm. III in vigіlia Natitivatis Domini). Адклікаючыся на вучэнне святых айцоў (св. Пятра Хрызалога, св. Сафронія) і Сабораў (асабліва Эфескага, 431 г.), ён заўважыў, што беззаганнасць Маці Божай і давераная Ёй роля прадугледжваюць яе абсалютную святасць, якую толькі можа мець Божае стварэнне. Таму і пасрэдніцтва Маці Божай з’яўляецца найдасканалейшым і найбольш усёабдымным з усіх магчымых сярод людзей. 

Тэме пасрэдніцтва Марыі прысвячалі шмат увагі Пантыфікі. Напрыклад, святы Леў ХІІІ, папа, у энцыкліцы «Fidentem piumque» (1896 г.) пісаў: «Марыя нара­дзіла Збавіцеля для людзей. Таму Яна годная і прызнаная Пасрэдніца пры Пасрэдніку». Святы Пій Х, папа, у энцыкліцы «Ad diem illum» (1904 г.) падкрэсліў, што Хрыстус — гэта адзіны Пасрэднік Адкуплення і Збаўлення, а Марыю ён вучыў называць Пасрэдніцай толькі ў сэнсе распарадчыцы пладоў Збаўлення (ласкаў), атрыманых ад Яе Сына. Разнастайныя тытулы, якімі Касцёл называе Марыю, — гэта таксама прызнанне Яе пасрэдніцтва, толькі іншымі словамі: «Маці ўсіх хрысціянаў» (Quamquam pluries, Леў ХІІІ, 1889 г.), «Маці Міласэрнасці» (Magna Dei Мatris, Леў ХІІІ, 1892 г.), «Маці Касцёла» (Credo, Павел VI, 1968 г.). 

Пасрэдніцкая роля Марыі вынікае з праўды каталіцкай веры пра святых — нашых братоў і сясцёр, якім Бог дазваляе ўдзельнічаць у справе збаўлення чалавецтва. Называць Маці Божую Пасрэдніцай усіх ласкаў можна толькі ў шырокім сэнсе мацярынства. Яна стала Пасрэдніцай у нараджэнні Божага Сына — Крыніцы ўсіх ласкаў. А стаўшы Маці ўсіх вучняў Хрыстовых, Яна стала іх Спадарожніцай і няспыннай Заступніцай, вымольваючы ў Бога кожную неабходную ласку для сваіх дзяцей.

Ксёндз Андрэй Рылка

 

 
старые. проститутки брюнетки Красноярск. худые проститутки Екатеринбург. проститутки Курчатовский. Ночные бабочки: проститутки в Оренбурге Гифки. кабинет врача. Секс по материалам сайта . Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла