Малітва Касцёла

«Не забывайце пра штодзённую супольную малітву, асабліва вячэрнюю; пра святкаванне нядзелі і пра ўдзел у нядзельнай святой Імшы».

Св. Ян Павел ІІ

Варта ўсведамляць таксама касцёльнае вымярэнне малітвы, г.зн. разумець, што мы толькі тады добра молімся, калі молімся як Касцёл. Гэта можна пацвердзіць наступным:

• сыходзім з цеснай сувязі Хрыста з Айцом;

• Хрыстус з’яўляецца таксама месцам маёй малітвы — 

па-за Хрыстом няма хрысціянскай малітвы;

• калі ўсе хрысціяне трываюць у Хрысце, то таксама і я, а маліцца ў Хрысце — значыць сустрэцца з усімі маімі братамі па веры.

Пан Езус у зямным жыцці паказаў сваю цесную сувязь з Богам Айцом праз тое, што сыходзіў у пустынныя месцы, каб размаўляць сам-насам з Айцом. Марыя, хоць і не заўсёды разумела Божую волю, але ўсе справы разважала ў сваім сэрцы — малілася. Толькі малітва прасвятляе нашу чалавечую цемру, уводзячы ў яе самога Бога. 

У кастрычніку мы асаблівым чынам практыкуем ружанцовую малітву, якая ахоплівае сваім зместам жыццё Святой Тройцы і Маці Божай. Мы таксама можам праз Марыю знайсці сябе, свае патрэбы і клопаты ў па­асобных таямніцах. Таму трэба старацца, каб Ружанец чытаўся ўважліва і з разважаннямі да кожнай таямніцы.

Святы Павел кажа нам, што ўсе мы ствараем адно містычнае Цела, Галавой якога ёсць Хрыстус, а мы — Яго членамі. Выкарыстанне гэтага вобразу ў справах малітвы дапамагае нам усвядоміць, што на нас заўсёды і з вялікай моцай уздзейнічае духоўнае дабро нашых братоў і сясцёр у Хрысце, іх моц і духоўнае жыццё ўдзяляюцца таксама кожнаму з нас. Ад маіх братоў і сясцёр даходзіць да мяне паток жыццядайнай крыві, што мае ў сабе нешта ад суровасці картуза, любові кармэліта, праслаўлення бэнэдыктынца, любові сужэнцаў, старанняў настаўніцы на ўроку, нешта ад усмешкі прадаўца, ад клопату журналіста, каб сумленна пераказаць праўду пра падзеі, не­шта ад цярплівасці вучонага ў яго доўгіх даследаваннях, нешта ад пакутаў прабываючых у чыстцы, нешта ад хвалы благаслаўлёных у небе. Праз маіх братоў і сясцёр сам Бог удзяляецца мне. Важна таксама памятаць, што я належу да вялікай супольнасці Касцёла, таму трэба маліцца не толькі з усімі, але і за ўсіх, быць салідарным з малітвамі ўсіх, хто моліцца ў свеце, сыходзячы з іх сітуацыі.

У сваёй малітве лучымся таксама з пакутуючымі членамі Касцёла, якія знаходзяцца ў чыстцы. Гэта нашыя браты і сёстры, якія перад намі працавалі ў месцах, дзе цяпер працуем мы, і верылі таксама, як і мы, падобна змагаліся за захаванне веры. Памятай, што яны могуць служыць нам вялікай дапамогай, калі мы цяпер дапаможам ім у трудах ачышчэння перад канчатковым пагружэннем у абдымкі любячага Айца. Пастарайся, каб усё — малітву, міласціну і працу — ахвяроўваць Пану ў іх інтэнцыях.

Лучымся ў малітве таксама з нашымі братамі нехрысціянамі.

Ці памятаеш міжрэлігійнае спатканне ў Асізі? Святы Айцец Ян Павел ІІ сустрэўся там з прадстаўнікамі ўсіх вялікіх рэлігій. Яны аб’ядналіся, каб маліцца. Паспрабуй чыніць тое ж самае з таго месца малітвы, дзе звычайна гэта робіш. Ахіні малітвай ізраільскі народ, які моліцца да таго ж самага Бога, што і ты. Не забудзь пра мусульманаў, якія шмат разоў на дзень таксама моляцца Адзінаму і Найвышэйшаму Богу. Памятай таксама пра ўсіх людзей малітвы Усходу, якія сведчаць пра багацце свету ўнутранага жыцця. 

Маючы ў сэрцы ўсё чалавецтва, з любоўю прачытай: Ойча наш…

З малітвай — а. Юрый Кулай OCD.

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла