Шляхам паклікання

Дзве знамянальныя даты свайго жыцця адзначыў гэтым летам  дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыя Казімір Велікаселец — 30 гадоў святарства (3 чэрвеня) і 15 гадоў біскупскай сакры (24 чэрвеня). Коратка пра біскупа Казіміра можна сказаць так: чалавек малітвы і пакоры, чалавек ціхай мудрасці і інтэлігентнасці, чалавек, які захапляе сваёю чуласцю і спагадлівым стаўленнем да людзей. А каб больш даведацца пра гэтага чалавека, святара і біскупа, наш карэспандэнт сустрэлася з Яго Эксцэленцыяй Казімірам Велікасельцам.

— Ваша Эксцэленцыя, многіх вернікаў, мяне ў тым ліку, захапляе Ваш дух евангелізацыі, шчырае жаданне да­стукацца да кожнага сэрца. Робіце Вы гэта вельмі далікатна, але ўпэўнена, часта цытуючы выказванні вядомых людзей: паэтаў, пісьменнікаў, вучоных. Ваша кніжка «Жизнь с Богом», якая выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто», гэтаму пацвярджэнне. У ёй коратка, але ёмка сабрана ўсё, што трэба ведаць пачынаючаму хрысціяніну. Упэўнена, што многія людзі ўдзячныя Вам за яе. Напэўна, і водгукі ўжо ёсць?

— Так. Нават цяпер, калі я пад’ехаў да вашай рэдакцыі і выйшаў з машыны ў сутане, да мяне падышоў мужчына і папрасіў аб размове.  Сказаў, што страціў сэнс жыцця. У яго памерлі бацькі і жонка, а ён — на мяжы адчаю. Я паразмаўляў з ім, падараваў кніжку «Жизнь с Богом». Твар мужчыны прасвятлеў, ён быў вельмі ўдзячны. Шчыра прызнаюся, калі б мне хто даў такую кніжку ў маім юнацтве, як бы скарацілася мая дарога да Бога!

— Раскажыце, калі ласка, пра гэтую дарогу да Пана Бога і, калі можна, пра Вашыя карані.

— Нарадзіўся я ў 1945 годзе ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна ў сям’і простых сялянаў. Быў малодшым з траіх дзяцей. У той час ваяўнічага атэізму, калі касцёлы былі зачыненыя, а ксяндзы высланыя, я бачыў у сям’і прыклад шчырай веры і малітвы маіх бацькоў. Толькі ў 1956 годзе вярнуўся ксёндз у Кобрын. Памятаю, як мой тата ў 2 гадзіны ночы на ровары павёз мяне да Першай святой Камуніі ў Кобрын, а гэта 60 кіламетраў. У восем раніцы мы былі на месцы. Ксёндз экзаменаваў мяне і дапусціў да сакрамэнтаў.  Паяднанне з Езусам Хрыстом у Першай святой Камуніі стала для мяне незабыўным момантам. Мая душа спявала! Думаю, што ўжо тады Езус дакрануўся да майго сэрца ласкаю паклікання...

Паступова пачалі выхо­дзіць з турмаў святары. У Ружаны вярнуўся ксёндз Міхал Варанецкі. Гэта таксама ад нас 60 кіламетраў, але туды хадзіў аўтобус, і мы стараліся хаця б на вялікія святы ез­дзіць да касцёла. Памятаю, як аднойчы зайшоў чыноўнік і сказаў, каб усе дзеці да 18-ці гадоў выйшлі з касцёла. Мы на каленях папаўзлі ўздоўж сцяны да канфесіянала, а дарослыя нас закрывалі сабою. Страху не было, наадварот, душа яшчэ больш імкнулася да Бога. У нашай сям’і стараліся слухаць святую Імшу, якая транслявалася па радыё на хвалях «Вольная Еўропа» з Парыжа, Лондана, а потым і з Варшавы. Паступова я прызвычаіўся да малітвы, ведаў на памяць Літанію да Маці Божай, якой штодня маліўся нават тады, калі служыў у войску. Так пакрысе фарміравалася мая хрысціянская свядомасць.

— Служба ў войску для Вас — страчаны час?

—  Не, наадварот. Я слу­жыў у Гродне. Менавіта там Бог даў мне сябра — католіка Юрыя Валкоўскага. Неяк я падзяліўся з ім сваімі перажываннямі адносна таго, што хацеў бы часцей бываць у касцёле на святой Імшы, а не толькі па радыё яе слухаць. Ён мне сказаў, што ў Вільні аж 9 касцёлаў працуюць! І я тады вырашыў, што пасля службы ў войску абавязкова паеду ў Вільню. Так і зрабіў. Працаваў простым рабочым на будоўлі, але затое кожную раніцу быў на святой Імшы. Прыйшоў момант, калі сур’ёзна задумаўся аб сваёй будучыні. Маючы схільнасці да гуманітарных навук, я выбіраў: педагог альбо ўрач? У глыбіні душы былі ўжо думкі і пра семінарыю. Падаў дакументы ў Гродзенскі медінстытут, аднак у душы было адчуванне: нешта не тое. Яшчэ год узяў на роздум. Маліўся ў Вострай Браме аб распазнанні паклікання. Потым  адправіўся ў пілігрымку да цудатворнага абраза Маці Божай у Шылуву і там, падчас малітвы, выразна пачуў: «Ідзі ў семінарыю!». Я з вялікай радасцю прыняў гэты заклік.

— Дзе ў той час былі семінарыі і як было туды трапіць?

— Семінарыі былі ў Каўнасе і ў Рызе. Я паспрабаваў паступіць у Каўнас, аднак мне не далі дазволу ў абласным камітэце па справах рэлігіі. Я вымушаны быў паехаць назад у Беларусь, каб спрабаваць паступіць у Рыгу. У той час я ўжо маліўся да Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага — адзін святар даў мне ўлётку з яго біяграфіяй  і малітвай. Вырашыў нават паехаць у Пінск да яго гроба. Пробашчам пінскай катэдры ў той час быў ксёндз Казімір Свёнтэк. Я падзяліўся з ім сваімі праблемамі, і ён прапанаваў разам памаліцца каля гроба Зыгмунта Лазінскага. Потым сказаў, што ў Мядзведзічах Ляхавіцкага раёна працуе ксёндз Вацлаў Пянткоўскі, які падпольна рыхтуе  хлопцаў да святарства. Я адразу ж паехаў да яго. Жыў і вучыўся там тры гады. За гэты час па два разы ездзіў у Маскву і ў Мінск па дазвол паступаць у Рыжскую духоўную  семінарыю. Нарэшце атрымаў дазвол з умоваю, каб пробашч з Ішкалдзі даў паперу, што возьме мяне потым працаваць да сябе.

І вось 15 чэрвеня гэтага года ў свята Святой Тройцы я цэлебраваў у Ішкалдзі святую Імшу падзякі Пану Богу за 30 гадоў святарства. Менавіта пасля трох гадоў вучобы ў семінарыі я прыехаў працаваць у парафію Святой Тройцы вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага раёна. Дарэчы, першую прыміцыйную святую Імшу я цэлебраваў тут 17 чэрвеня ва ўрачыстасць Святой Тройцы.

— Шукаючы ў інтэрнэце звесткі пра Вас, здзівілася колькасці парафій, якія Вы ў той час адкрылі: Юшкавічы, Гарадзішча, Сталовічы, Паланэчка, Новы Свержань, Гарадзея, Карэлічы, Мір, Ганцавічы. Гэта так?

— Акрамя Сталовічаў і Паланэчкі. Астатнія давялося адкрываць наноў. Святароў было мала, а працы — неабсяжны край. І так сем гадоў. Потым  дзевяць гадоў працаваў у Баранавічах. Арганізаваў там парафію святога Зыгмунта і распачаў будову новага касцёла. У пасёлку Лясное таксама была адкрыта новая парафія і пабудаваны касцёл. У той жа час пачалі дзейнічаць парафіі ў Лунінцы і Ганцавічах.

— Потым 24 чэрвеня 1999 года Вы атрымалі сакру біскупа. Як Вы ўспрынялі гэтае  прызначэнне — хадзілі размовы, што Вы не адразу згадзіліся?

— «Будзь воля Твая» — мой галоўны дэвіз у слу­жэнні на ніве Пана. Я па­гадзіўся з воляю Божаю, а развагі, вядома ж, былі. Лічу, што гэта нармальна.

— У сане біскупа Вы паехалі працаваць у Брэст, у парафію, якая перажывала сур’ёзны крызіс. Раскажыце пра брэсцкі перыяд Вашага служэння.

— Касцёл Узвышэння Святога Крыжа, куды я прыехаў працаваць, падчас ваяўнічага атэізму быў пераабсталяваны пад музей. Ксёндз Збігнеў Каролек вельмі шмат зрабіў, каб вярнуць гэты касцёл і адбудаваць наноў. Аднак у 2000 годзе яго дэпартавалі ў Польшчу. Парафіяне былі ў роспачы. Вернікі пісалі звароты, куды толькі можна, каб вярнулі іх пробашча. Маліліся і перад гарвыканкамам. Я адчуваў боль і горыч гэтых людзей. Адчуваў, што патрэбныя дадатковыя малітвы, каб Пан Бог умацаваў усіх і вывеў з гэтага стану адчаю. І вось неяк айцец Вітальд Жыльветра, які ў той час працаваў у Слоніме і з якім я вучыўся ў семінарыі, расказаў, што ў іх у парафіі штодня перад святою Імшою праводзіцца гадзінная адарацыя Най­свяцейшага Сакрамэнту. Я ўспрыняў гэ­та як голас звыш. Аб’явіў у касцёле, што кожны дзень перад святою Імшою з 17-ці да 18-ці гадзін у нас будзе адбывацца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Я стараўся заўсёды разам з вернікамі ўдзельнічаць у гэтых набажэнствах.  Праблемы хутка пачалі знікаць. Прасіў вернікаў маліцца таксама ў розных інтэнцыях, напрыклад, будаўніцтва алтароў, набыцця арганаў, арганізацыі новых парафій. Гэта быў плённы час. Удалося рэстаўраваць капліцу ў Дамачаве, узнавіць парафію ў Маларыце.  Дзякуй Пану Богу, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту адбываецца ў гэтым касцёле па сённяшні дзень.

— Што адбывалася ў Вашым жыцці пасля Брэста?

— Пасля сямі гадоў працы ў Брэсце быў пакліканы кардыналам Казімірам Свёнткам на працу ў Пінск у дыяцэзіяльнае ўпраўленне. За той перыяд удалося перарэгістраваць парафію і аднавіць капліцу ў Століне, дзе ў свой час касцёл быў разбураны. Цяпер я працую генеральным вікарыем і пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі. У 1938 годзе гэта парафія была ліквідаваная, а ў 1940-м касцёл быў узарваны. І вось пасля 75-ці гадоў занядбання парафія зноў зарэгістраваная і ўжо выдзеленая зямля пад будаўніцтва касцёла. Гэта чацвёрты касцёл, які давя­дзецца будаваць ад пачатку.

— Эксцэленцыя, тыя, хто Вас ведае, называюць Вас чалавекам малітвы. Ці маглі б Вы падзяліцца сваімі духоўнымі практыкамі з нашымі чытачамі, даць нейкія парады?

— Аднымі з апошніх словаў святога Яна Паўла II былі словы пра тое, што святая Імша з’яўляецца вяршыняй жыцця чалавека і няма нічога найважнейшага за ўдзел у гэтай бяскроўнай Ахвяры Езуса Хрыста. Святую ж Камунію вельмі важна прымаць з верай, любоўю і святасцю. З верай у тое, што  прымаеш жывога Хрыста, з любоўю — нават да сваіх нядобразычліўцаў, са святасцю — гэта значыць з чыстым сумленнем. Пра гэтыя цноты трэба прасіць Духа Святога, і Ён абавязкова напоўніць нас імі.

Адносна асабістых духоўных практык. У мяне іх тры: да Езуса Хрыста ўкрыжаванага; да Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі; да Маці Божай. На працягу  некалькіх гадоў стараюся кожны дзень разважаць Крыжовы шлях Езуса Хрыста.  Раблю гэта перад алтаром, альбо нават седзя­чы ў лаўцы у касцёле. Гэта малітва здымае ўсе стрэсы, мае вялікую моц, асабліва, калі молішся перад Най­свяцейшым Сакрамэнтам. Увогуле стараюся вырашаць усе праблемы перад Найсвя­цейшым Сакрамэнтам. З Езусам заўсёды зробіш лепш, чым без Яго. Шкадую, што ад пачатку свайго святарскага служэння не рабіў у парафіях штодзённай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вядома ж, малюся Брэвіярый — Біблія дае адказы на ўсе пытанні. Таксама малюся чатыры часткі Ружанца. Малітва да Маці Божай нясе асаблівыя ласкі і трывалую абарону ад злога.

— 30 гадоў Вашага святарства выпалі на час духоўнага адраджэння Касцёла на Беларусі. Як Вы ацэньваеце гэты перыяд?

— Гэта, сапраўды, радасны час у жыцці нашага Касцёла, час вялікага духоўнага пад’ёму, перыяд вялікай Божай ласкі. Але гэта таксама час вялікай адказнасці. Мы няспынна  павінны маліцца, каб з той крайнасці атэізму не ўпасці ў крайнасць таго, што нясе сёння свету Захад, — дэмаралізацыю сям’і, грамадства і нават Касцёла. 

Дзякую Пану Богу за гэты перыяд у маім жыцці, дзякую за дар паклікання, за магчымасць працаваць на Яго ніве. Дзякую цяпер і буду дзяка­ваць усё жыццё!

— А мы, калектыў рэдак­цыі, дзякуем Вам, Эксцэленцыя, за гэтую размову, за прыклад Вашай жывой веры. Віншуем з 30-годдзем святарства і 15-годдзем біскупскай сакры! Няхай міласэрны Бог вядзе Вас дарогаю святасці!

 

Размаўляла Галіна Калевіч.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла