Дзесяць гадоў з фестывалем«Magnificat»

З 24 па 28 жніўня ў Мінску і ў Глыбокім пройдзе Х Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat».

Апошнім часам у паведамленнях, лістах і разнастайных дакументах я пішу гэтую фразу. Пішу і кожны раз задумваюся: няўжо дзясяты? Няўжо мы пражылі з фестывалем, які стаў нам такім дарагім, дзесяць гадоў?

...На стале перада мною ўсе гэтыя гады стаіць фотаздымак, на якім арцыбіскуп Марцін Відавіч, Пасол Ватыкана ў Беларусі, біскупы Уладзіслаў Блін і Антоній Дзям’янка, ксёндз Аляксандр Амяльчэня, дырэктар фестывалю, Крыстына Лялько, старшыня журы, і я адкрываем першы ў Беларусі хрысціянскі фестываль. Мы адкрывалі яго ў пасёлку Удзе­ла Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў кляштары францішканаў каля помніка святога Максімільяна Кольбэ ў 2005 годзе.

Наш фестываль так і задумваўся як «пабрацім» польскага фестывалю ў Непакалянаве пад Варшаваю, дзе ў францішканскім кляштары да вайны працаваў на ніве каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі будучы святы. 

Мы рабілі першы крок. Гэта быў крок маленькага дзіцяці — нясмелы, але скіраваны наперад. Мы хацелі са­браць сцэнарыстаў, рэжысёраў і аператараў, якія працавалі ў духоўным дакументальным кінематографе, не ведаючы адзін аднаго. Мы хацелі ўявіць тое кола, у якім нам трэба было працаваць. Мы хацелі запрасіць сваіх калегаў з розных краінаў...

Пра нас ніхто тады не ведаў, і мы амаль нікога не ведалі, таму ў конкурсе былі нашыя найбліжэйшыя сусе­дзі з Польшчы, Расіі, Украіны, а таксама працы, якія параілі нам нашы польскія сябры. Так наша міжнародная «лінейка» папоўнілася фільмамі з Мексікі, Тайланда, Францыі (уключаючы Беларусь, у конкурсе ўдзельнічала ўсяго сем краінаў). Гэта сёння мы можам сказаць «усяго», а тады мы ганарыліся тым, што мелі.

Мы разумелі, што конкурс каштоўны перш за ўсё высокім узроўнем прапанаваных працаў, але тады на першым фестывалі гэтага не ўдалося дасягнуць. Толькі ад адной рэдакцыі нашага тэлебачання «Існасць», якая здымала хрысціянскія перадачы для католікаў і праваслаўных Беларусі, мы ўзялі на конкурс 7 выпускаў. Тады яшчэ мала хто ў Беларусі здымаў хрысціянскае кіно, яшчэ рэдка на абласных цэнтрах тэлебачання з’яўляліся духоўныя перадачы.

Але ўжо на першым фестывалі мы многіх здзівілі сваёй зладжанай арганізацыяй, гасціннасцю і сардэчнасцю, тым, што да працаў праваслаўных, католікаў і пратэстантаў у журы быў аднолькавы падыход. Аргкамітэт і члены журы памяталі і выконвалі асноўны прынцып фестывалю «UT UNUM SINT» — «Каб усе былі адно».

Мы стараліся паказаць нашым гасцям, дый некаторым беларусам таксама, дзівосныя куточкі Глыбоччыны, гэтага прыгожага азёрнага краю з цікавай гісторыяй. Зразумела, усе былі ў захапленні ад наведвання «Беларускага Версаля» і ад сустрэчы ў Мосары з кс. Юзафам Булькам. Вячэрняе свята з вогнішчам, з «купальскім» канцэртам і танцамі запомнілі таксама ўсе.

Конкурс другога фестывалю быў значна вышэйшы па ўзроўні, і колькасць краінаў, з якіх прыйшлі працы, таксама павялічылася. Ніколі не забуду, як перад заканчэннем фестывалю да мяне падышла рэжысёр з Латвіі і з хваляваннем сказала, што яна была на многіх замежных фестывалях, але менавіта ў нас і толькі ў нас яна адчувала сябе як дома. «Не кідайце гэтае месца, — сказала яна, — яно асаблівае, і не кідайце фестывалю». Словы гэтыя былі дарагія нам, бо яны пераконвалі ў тым, што мы ідзём па правільным шляху. 

З кожным годам «Magni­fi­cat» станавіўся ўсё мацнейшым і цікавейшым, у кожным фестывалі з’яўлялася свая «іскрынка». Да нас сталі прыязджаць старшыні праваслаўных фестываляў. Мы «адкрылі» такое цудоўнае месца як Івесь! Тады беларускія вучоныя яшчэ лічылі яго цэнтрам Еўропы. Потым, праўда, гэтая афіцыйная думка чамусьці змянілася, але ад гэтага прывабнасць Івесі для фестывалю не зменшылася. Менавіта там была адкрытая Алея фестывалю, і менавіта там кожны год высаджваецца новае дрэва ў гонар новай краіны, якая ўдзельнічае ў конкурсе. Гэты рытуал стаў сапраўдным святам і для мясцовага насельніцтва, і для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю.

Сёння на алеі растуць 32 дрэвы ў гонар Аўстраліі, Азербайджана, Албаніі, Англіі, Арменіі, Беларусі, Бельгіі, Балгарыі, Германіі, Грузіі, Зімбабвэ, Ізраіля, Індыі, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Канады, Латвіі, Лівана, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, ЗША, Тайланда, Украіны, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Эквадора і Эстоніі. 

Калі ад краіны прыязджаў удзельнік здымачнай групы, рытуал станавіўся асабліва ўрачыстым. У 2009 г. на фестываль прыехала маладая пара: канадскі рэжысёр Дайрэн Мастэрсан і яго жонка, і выявілася, што ў іх мядовы месяц, які яны пачыналі ў Беларусі! І тады мясцовы народны ансамбль наладзіў для гасцей нацыянальны шлюбны абрад: маладых апранулі ў нацыянальнае адзенне, аб­сы­палі зернем, спявалі для іх беларускія народныя песні, каталі каля возера ў адмыслова ўпрыгожанай брычцы... Яшчэ некалькі месяцаў я атрымліваў ад сям’і Мастэрсанаў поўныя захаплення лісты з успамінамі пра фестываль...

Мы атрымліваем шмат лістоў: той, хто аднойчы прыехаў на «Magnificat», назаўсёды становіцца нашым чалавекам і зноў імкнецца на фестываль.

2014 год асаблівы для нас: на гэты раз у конкурсе будуць удзельнічаць фільмы і перадачы з рэкорднай колькасці краінаў — 17-ці. На Алеі фестывалю будуць пасаджаныя два новыя дрэўцы: у гонар Казахстана і Македоніі. І ніколі мы не атрымлівалі столькі заявак на ўдзел: 97 працаў было прыслана для адбору.

У апошнія гады конкурс фестывалю па-сапраўднаму значны — у яго вельмі высокі ўзровень. Пра нас ужо ведаюць не толькі ў Еўропе, але і на іншых кантынентах. Да нас хочуць прыехаць.

Для праглядаў мы маем усяго 4 (!) дні, і нам неабходна загадзя зрабіць складаны адбор: добрых працаў шмат. У гэтым годзе мы паспрабуем правесці сустрэчы аўтараў некаторых фільмаў з рабочымі і служачымі на прадпрыемствах Глыбокага. Павялічыцца на дзень дзіцячы конкурс мультфільмаў. Мы пастараемся арганізаваць паказы праграмы ў пасёлках Удзела і Івесь, мы зноў будзем наведваць Мосар і ўскладзем кветкі на магілу ксяндза Юзафа Булькі, які любіў фестываль і прымаў яго з вялікаю радасцю і любоўю. 

У гэтым годзе Глыбокае адзначыла сваё 600-годдзе, і фестываль, які 10 гадоў таму пачаўся ў гэтым месцы, там і будзе працягвацца, там адзначыць сваё 10-годдзе — немалы тэрмін для такой прыгожай, значнай, духоўнай і  культурнай традыцыі.

 

Юрый Гарулёў, рэжысёр, старшыня фестывалю «Magnificat».

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла