Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста ў Хатаве святкуе сваё 80-годдзе

На тэрыторыі нашай парафіі калісьці знаходзіўся маёнтак Хатава, які належаў Міхаілу Ленскаму. У 1924 г. яго дачка Зоф’я (Марыя) Ленская, пазней па мужы Незабытоўская, пастанаўляе пабудаваць на тэрыторыі маёнтка капліцу. Усяго праз год, у 1925 г., маленькі касцёл ужо быў перапоўнены — тут адбываліся хросты, шлюбы, пахаванні.

Караль Незабытоўскі, муж Зоф’і Ленскай, абвясціў пра будаўніцтва новага мураванага касцёла і стаў яго галоўным фундатарам. Дзякуючы актыўнай дапамозе парафіянаў у 1933 г. касцёл быў пабудаваны.

Святыня была кансэкраваная 29 жніўня 1934 г. біскупам Казімірам Букрабам, пастырам Пінскай дыяцэзіі. У 1935 г. былі асвечаныя званы, якія назвалі ў гонар Незабытоўскіх — «Караль», «Зоф’я» і «Міхаіл» (іх сын).

У часы атэізму касцёл быў зачынены (прыкладна летам 1944 г.). Пазней святыня была ператворана ў склад, дзе захоўваліся збожжа і цукар для патрэбаў спіртзавода. Вежаю касцёла карыстаўся лясгас, каб назіраць за лесам. Паступова будынак касцёла прыйшоў у заняпад: абваліўся дах, пачалі рассыпацца сцены...

Калі пачалася «перабудова», веруючыя сталі прасіць улады, каб ім вярнулі касцёл. Асабліва вызначылася Уліч Альберта, якая не шкадавала ні сілы, ні часу, ні сродкаў, каб вярнуць святыню. Урэшце гэта адбылося. Парафіяне самі ўзяліся за рамонт і аднаўленне касцёла. Імкнучыся дапамагчы вернікам, кс. Антоні Дзям’янка, тады былы пробашч з Наваградка, наведваў святыню, даваў парады.

У канцы 1990 г. парафія атрымала свайго святара — кс. Мар’яна Шэршня, які паспяхова завяршыў аднаўленне касцёла.

19 кастрычніка 1991 г. касцёл быў рэкансэкраваны кардыналам Казімірам Свёнткам.

Кс. Аляксандр Багдановіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла