Знакі і сімвалы скаўтаў

«Найлепшай дарогай да шчасця з’яўляецца тая, якая дазваляе даваць шчасце іншым. Пастарайцеся жыць так, каб пакінуць гэты свет лепшым, чым сустрэўся вам пры з’яўленні на свет, і калі прыйдзе гадзіна смерці, памерці шчаслівымі і перакананымі ў тым, што не змарнавалі часу, што паступалі лепш, чым можна».

Апошнія словы Бадэна-Паўэла, скіраваныя да скаўтаў перад смерцю.

***

Ізноў вітаю цябе, наш дарагі чытач! Ты ўжо ведаеш з папярэдніх артыкулаў, дзе ўзнік і як развіваўся скаўтынг, а таксама правілы, па якіх жывуць скаўты Еўропы. А ці ведаеш, па чым можна пазнаць каталіцкіх скаўтаў? Напрыклад, хрысціяніна можна пазнаць па сімвале збаўлення — крыжы. Скаўты таксама маюць свае асаблі­выя знакі і сімвалы. Яны маюць два галоўных бачных адрозненні ад парафіянаў: скаўты носяць форму Федэрацыі скаўтаў Еўропы і маюць свой штандар.

Форма скаўтаў

«Вядома, не адзенне ўпрыгожвае чалавека… Тым не менш, форма — найбольш бачны знак прыналежнасці да скаўцкай сям’і. Гэта адзнака еднасці, якая выразна паказвае, што мы бачым скаўта, а дакладней — скаўта, які належыць да вялікай сям’і скаўтаў Еўропы» (паводле «Кнігі кап’явога»).

Форма з’яўляецца знакам для ўсіх, хто не з’яўляецца скаўтам. Галоўныя знешнія прыкметы:

• Скаўцкі крыж, прышыты да берэта (металічны) і на грудзях — гэта знак прыналежнасці скаўтаў да хрысціянскай супольнасці, знак веры.

• Закасаныя рукавы і расшпілены каўнер — знак таго, што скаўты заўсёды гатовыя да служэння Богу і бліжняму.

• Усмешка ў любой сітуацыі — знак таго, што скаўт — сябра кожнага чалавека.

Форма паказвае прыналежнасць да руху, які мае доўгую гісторыю. «Форма гэтага руху не належыць табе, не належыць кап’явому, не належыць звязу. Гэтая форма з’яўляецца сімвалам гісторыі, сімвалам ідэалу, якія перавышаюць цябе, тваё кап’ё, твой звяз» (паводле «Кнігі кап’явога»). 

Калі скаўт атрымлівае форму? Хлопцы і дзяўчаты носяць скаўцкую форму з дня цырымоніі Клятвы вернасці. Яна сімвалізуе жаданне стаць скаўтам у поўным значэнні гэтага паняцця. На цырымоніі кандыдат атрымлівае стужку колеру кап’я і хустку. 

Пашана да цырыманіялу і нашэння формы з’яўляецца сведчаннем таго, як чалавек шануе скаўцкае права. Шанаваць форму азначае мець прыхільнасць да скаўцкага руху і яго шэфаў.

Штандар

Штандар нагадвае пра нашага Збавіцеля, які вывеў нас з ценю смерці да святла вечнага жыцця. Таму ён з’яўляецца найважнейшым сімвалам гонару ўсёй Федэрацыі. Каля таго самага штандара складаюць клятвы скаўты руху з усёй Еўропы; штандар павінен быць на Ганаровым судзе, у вандроўках і пілігрымках. Ён можа быць таксама падчас Імшаў і скаўцкіх шыхтаванняў.

Яго знешні выгляд нагадвае той штандар, што калісьці лунаў на чале хрысціянскіх войскаў, якія ішлі ў крыжовы паход. Штандар мае форму квадрата з памерамі 90 x 90 см, вертыкальна падзелены на чорную і белую паловы, прычым белая бліжэй да дрэўка. У сярэдзіне зме­шчаны Крыж FSE. Штандар уручаецца падчас абраду прызнання дружыны ці харугвы. Штандар дружыны выкарыстоўваецца ў звязе, штандар харугвы служыць патрэбам чырвонай галіны на тэрыторыі харугвы і захоўваецца ў коле вандроўнікаў (вогнішчы правадніцаў). Ён не з’яўляецца ўласнасцю дадзенай адзінкі, а толькі даручаны ёй і застаецца ўласнасцю арганізацыі.

Такім чынам, скаўты маюць два асноўных бачных адрозненні ад парафіянаў. Яны маюць нашмат больш нябачных знакаў, якія адлюстроўваюць характар скаўта, яго стаўленне да іншых лю­дзей, яго адносіны да прыроды і шмат чаго іншага. 

Дарагі чытач, ведай, што дзяўчына альбо хлопец у касцёле, апрануты ў скаўцкую форму, — гэта сябра вялікай сям’і каталіцкіх скаўтаў — скаўтаў Еўропы.

Аня, правадніца з-пад Мінска.

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла