Кніга-аб’яўленне, кніга-наталенне...

«Дзённік» св. сястры Фаўстыны Кавальскай («Pro Christo», 2014)

У выдавецтве «Pro Christo» пабачыў свет «Дзённік» святой сястры Фаўстыны Кавальскай на беларускай мове ў перакладзе Крыстыны Лялько. Выхаду гэтае кнігі даўно чакалі беларускія вернікі. І не дзіўна, бо яна з’яўляецца бест­селерам сусветнай містычнай літаратуры. Гэта адначасова захапляльная гісторыя адносінаў душы з Богам і падручнік цярпення, пакоры ды малітвы, шчодрае аб’яўленне Божай міласэрнасці і кніга-гімн на яе хвалу.

«Дзённік», які складаецца з шасці сшыткаў і дадатку «Мая падрыхтоўка да святой Камуніі», сястра Фаўстына пісала на працягу апошніх чатырох гадоў жыцця (1934–1938) па наказе спаведнікаў і выразным зага­дзе Езуса Хрыста. У ім апісаныя містычныя сустрэчы святой з Панам Богам і перададзена пасланне Божай Міласэрнасці, якое так патрэбнае ўсяму сучаснаму свету і кожнаму чалавеку паасобку. Таму гэта адна з кніг, што назаўсёды перамяняюць душу чытача і да якіх можна шматразова звяртацца на працягу ўсяго жыцця.

Падзеі, апісаныя ў «Дзённіку», распавядаюць пра зара­джэнне культу Божай Міласэрнасці, у прыватнасці пра гісторыю стварэння абраза Езуса Міласэрнага, устанаўлення свята Божай Міласэрнасці, з’яўлення і распаўсюджвання Вяночка да Божай Міласэрнасці, а таксама адпаведнай літаніі і навэнны. З гэтым набажэнствам Пан Езус звязваў вялікія абяцанні і прасіў сястру Фаўстыну перадаць іх усяму чалавецтву: «Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу»; «з душамі, якія будуць прыбягаць да Маёй міласэрнасці і якія будуць яе праслаўляць і абвяшчаць іншым пра Маю вялікую міласэрнасць, Я паступлю ў гадзіну смерці адпаведна Маёй бясконцай міласэрнасці»(Дз., 48,379). Кніга перапоўнена сведчаннямі, просьбамі, благаслаўленнямі і абяцаннямі, якія сам Пан Бог перадае нам праз сястру Фаўстыну.

Знаёмячыся з гісторыяй сустрэчаў і адносінаў душы з Богам, мы бачым Яго, па-першае, як Найміласэрнейшага Айца, адначасова патрабавальнага і бязмежна шчодрага. Найбольшае, што Бог патрабаваў ад святой і патрабуе ад кожнага чалавека, — гэта поўная паслухмянасць і пакора, а ўзамен Ён прапануе сваю моц і незлічоную колькасць ласкаў. Па-другое, Пан паўстае перад душою як яе любячы Абраннік, таму малітоўныя містычныя сустрэчы, сведкамі якіх мы становімся пры чытанні «Дзённіка», напоўнены вялікаю далікатнасцю Бога, які дае душы поўную свабоду, і Яго пяшчотнаю любоўю, якую немагчыма ахапіць чалавечым розумам: яна шчодрая на нечаканыя і незвычайныя праяўленні адданасці, вернасці і дабрыні. Пан Езус вучыць, што быць абранніцаю Бога — значыць не толькі прымаць дары Яго любові, але і падзяляць з Ім Яго цярпенне: «Я чакаў цябе, каб падзяліцца цярпеннем, бо хто ж лепш зразумее Маё цярпенне, як не Мая абранніца?» (Дз., 348). У святле такой любові жыццёвае цярпенне набывае канкрэтны духоўны сэнс, яно становіцца сапраўднаю ласкаю і сведчаннем Божага даверу. Бог верны, Бог даверлівы, Бог церпячы, Бог, які прагне нашай адданасці і якога моцна раніць наш недавер і наша нявернасць, — пра гэтыя ўласцівасці Бога-Абранніка мы рэдка задумваемся, бо найчасцей успрымаем Яго як строгага і справядлівага Суддзю. Разам са святой Фаўстынаю мы пазнаем Бога і Яго міласэрнасць так, што наш духоўны зрок умацоўваецца і дазваляе бачыць рэаліі свайго зямнога жыцця іншымі, чым дагэтуль.

Хрыстус аб’яўляецца ў жыцці сястры Фаўстыны таксама як клапатлівы Кіраўнік, які сам вядзе душу да сябе, нягле­дзячы на яе слабасці, памылкі, сумненні. Ён сам вучыць душу глыбокай малітве, якая абяззбройвае Божую справядлівасць. Таму «Дзённік» святой Фаўстыны можна лічыць багатым зборнікам малітваў, якія нара­джаліся ў сустрэчах душы з яе Абраннікам, у якіх чытач пазнае свой духоўны стан і якімі хоча маліцца штодня. Гэтаму спрыяе сама мова кнігі — даступная, простая, яна закранае найглыбейшыя куточкі душы.

З гэтаю кнігаю нібы нанова перажываеш усё сваё жыццё, пераглядаючы яго ў іншым святле — у ззянні Божай міласэрнасці. Пачынаеш па-іншаму ўспрымаць свае дасягненні і няўдачы, свае жаданні і мары... Душа спакайнее і лагаднее, ды ўслед за святою Фаўстынаю хоча паўтараць: «Я змучана і спрацавана, // Але сумленне мне сведчыць аб тым, // Што я раблю ўсё для большай хвалы Пана, // Пан — мая спадчына і мой спачын» (Дз., 1000)...

http://devochki10.com

Ганна Шаўчэнка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла