«Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў»

Чатырнаццатая звычайная нядзеля, год С (03.07.2016)

Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце.

У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”».

Лк 10, 1–9

«Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў»

Я добра памятаю каментар святога Яна Залатавуснага да гэтага сказа з сённяшняга евангельскага чытання. Ян Хрызастом тлумачыць яго прыблізна так. Ваўкі — гэта людзі, якія не ведаюць Бога і не ведаюць Евангелля. У іх свае погляды на жыццё і свой лад паводзінаў. А ягняты — гэта тыя людзі, якія вераць у Хрыста, а гэта значыць, што іх лад жыцця і паводзінаў адпавядаюць Евангеллю Хрыста, Добрага Пастыра. Калі авечка, Божы чалавек, што знаходзіцца сярод ваўкоў, жыве па-Божаму, (а гэта патрабуе вялікай адвагі і мудрасці, простасці голуба і мудрасці змяі), тады Пан Бог заўжды прабывае з ім. Калі авечка ў цяжкіх і малапрыемных сітуацыях пачне жыць па-воўчы, тады Пан адыходзіць ад яе, і яна застаецца адна. ¬¬

Гэты сказ гучыць вельмі моцна і цвёрда, і на гэтую думку святога Яна я хацеў бы звярнуць увагу. Я заахвочваю рабіць рахунах сумлення і засяроджвацца на тым, ці вы, як вучні Езуса, Добрага Пастыра, карыстаецеся метадамі ягнятаў, ці часам воўчыя метады падыходзяць больш? Я дам вам тры прыклады для разважання і прашу падзяліцца іншымі прыкладам, я ахвотна прачытаю іх і паразважаю над імі. 

1) Што калі мяне нехта (воўк) пакрыўдзіў або несправядліва ацаніў, прынізіў? Калі б я быў ваўком, то адказаў бы злом на зло? Авечка ж (не забываючыся аб праўдзе і справядлівасці) слухае, што падказвае ёй Пан падчас падобнага пераследу. А Ён кажа:  «Любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць» (Лк 6, 28–29). 

2) Аднойчы я сустрэў чалавека, пра якога асмелюся сказаць, што ён дзейнічаў пад уплывам злога духа. У яго словах праяўлялася вялікая агрэсія, яны гучалі непрыстойна і злосна. Каб пазбавіцца ад яго (бо гэты інцыдэнт адбыўся ў капліцы, дзе былі і дзеці, і моладзь, а просьбы і жарты яго не суцішылі, а толькі выклікалі ў ім яшчэ больш агрэсіі), мы сталі вельмі цвёрда загадваць яму выйсці. Мы сказалі, што калі ён зараз жа не выйдзе з капліцы, мы выклічам міліцыю. Аднак мы забыліся пра самае важнае: пра тое, што гэта ўсё гаварыў «не той чалавек», як заўважыла адна дзяўчына. У тым чалавеку дзейнічала вялікая сіла злога духа. Праз нейкі час я ўсвядоміў, што злога духа можа перамагчы толькі Бог, а не мы самі. Мы забыліся пра малітву экзарцызму, пра малітву да Маці Божай і да святога Міхала Арханёла. Я зразумеў тую сітуацыю ўжо пазней, і ўбачыў, што мы ўздзейнічалі на воўка воўчымі, а не авечымі метадамі. Я адчуў агіду і вялікі неспакой пасля той складанай і даволі доўгай сустрэчы, якая, на шчасце, закончылася без авантураў. Я зразумеў, што толькі метадамі авечкі можа сапраўды дапамагчы такому чалавеку. Авечка рэагуе на ўсё мудра, са спачуваннем і клопатам пра чалавечую душу. І нават сёння, хоць пасля той сустрэчы мінула ўжо некалькі тыдняў, узгадваючы пра інцыдэнт, я давяраю таго чалавека Богу — лепш пазней, чым зусім гэтага не зрабіць. Будзьма ўпэўненыя, што падыходзячы да воўка па-воўчы, з’яўляючыся пры гэтым авечкаю, мы трацім супакой, таму што воўк не мае шанцу сустрэць сапраўдную авечку і не можа ўдзяліць сваёй ласкі ні нам, ні воўку. Вось яшчэ гісторыя. Шасцігадовы Адась просіць дванаццацігадовую Ганку: «Раскажы мне, калі ласка, казку пра злога ваўка», а Ганка адказвае: «Адась, злых ваўкоў няма, ёсць толькі нешчаслівыя ваўкі».

3) Часам, гледзячы на нас, пабожных католікаў, што імкнуцца жыць па Божых запаведзях, я думаю, што мы не заўважаем адной спакусы, якая ціха прабіраецца ў нас: мы будуем для сябе «рай» на зямлі, але ўсё часцей за кошт любові Бога і бліжняга (як ваўкі). То бок, у нас ёсць свой цудоўны дагледжаны і задбаны дамок з садам, дзе мы адчуваем сябе бяспечна і ўтульна. Аднак гэтае месца вельмі добра ахоўваецца ад іншых, і тут пачынаюць валадарыць пэўныя злыя звычкі. З аднаго боку, мы выбіраем для сябе гэтае прыемнае месца і, паддаўшыся спакусе ляноты (характэрнай для грамадства), не знаходзім часу, напрыклад, для штодзённай Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. А з іншага боку мы ведаем, каго можна зрэдку запрасіць да сябе, каго не варта. Нам так добра ў нашым «сховішчы», што мы адмаўляемся ісці насустрач бліжнім, якім патрэбная нашая прысутнасць, напрыклад для таго, каб будаваць сувязі з супольнасцю. Мы не выходзім нікуды таму, што дома ўтульна, а сустрэча не дасць нам ніякай карысці і прыемнасці (эгаізм). Мы выбіраем свой маленькі «рай», і ў выніку ўсё далей адыходзім ад Бога і бліжніх і страчваем іх. «Рай» становіцца нашым бажком… 

Прыклады, якія я прывёў, гэта інтуітыўныя разважанні і не вельмі выразныя думкі, прабачце за гэта. Няхай Дух Святы вырве нас з улады звычак, якія не адавядаюць Евангеллю і не дазваляюць нам быць «ягнятамі сярод ваўкоў». 

Айцец Раман Шульц OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней