Выйшаў малітоўнік для правядзення Агульнабеларускай навэнны

У межах падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме  выдавецтва «Pro Christo» прапануе малітоўнік з тэкстамі для правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі. Навэнна распачалася 6 жніўня, у свята Перамянення Пана, будзе адбывацца на працягу дзевяці месяцаў і завершыцца 1 красавіка 2017 года. 

Малітоўнік мае сімвалічную назву «Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет» — гэта заклік да Маці Божай, які выкарыстоўваў у сваіх малітвах святы Ян Павел ІІ. Дарэчы, паводле яго выказванняў пабудавана істотная частка малітваў, прапанаваных у кнізе.

Выданне складаецца з чатырох частак: 

1) «Навэнна», у якой змешчаныя малітоўныя тэксты;

2) «Разважанні на кожны дзень навэнны»;

3) «Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі»;

4) «Набажэнства першых суботаў месяца». 

Структура малітоўніка абумоўлена тым, што Агульнабеларуская навэнна будзе адбывацца ў першыя суботы месяца і спалучаная з адпаведным набажэнствам, да якога заклікала Маці Божая Фацімская. 

«Заахвочваю святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў не толькі актыўна ўдзельнічаць у навэнне, але і распаўсюджваць набажэнства першых суботаў месяца, каб такім чынам перапрасіць Марыю за грахі, якімі зневажаецца Яе Беззаганнае Сэрца, а таксама каб падзякаваць Ёй за апеку над намі. Даверым жа сябе Божай міласэрнасці, у якой наша надзея!» — заклікае ўсіх нас арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Звароце з нагоды правядзення навэнны, благаслаўляючы на ўдзел у ёй і ў набажэнстве першых суботаў месяца.

Тыя, хто не змог далучыцца да навэнны 6 жніўня, могуць распачаць яе 13 жніўня — гэта дзень, у які Маці Божая чарговы раз аб’явілася ў 1917 г. фацімскім дзецям і які таксама прыпадае на суботу.

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла