Знайсці згубленае дзяцінства… Пра новую кнігу кс. Я. Твардоўскага на беларускай мове

Ксёндз Ян Твардоўскі (1915–2006) як пісьменнік і паэт ужо даўно любімы сярод маленькіх беларускіх чытачоў дзякуючы цікавым і запамінальным апавяданням, вершам, рыфмаванкам, фрагментам гамілій. Некаторыя з іх некалькі гадоў таму пабачылі свет у перакладзе з польскай мовы на беларускую ў выдавецтве «Pro Christo»: «Першая Камунія з белым бантам» (2013) і «Усмешка ад вуха да вуха» (2014). Аўтар умее знайсці далікатны падыход да дзіцячых сэрцаў праз яркасць вобразаў, простасць і даступнасць мовы, запамінальнасць і трапнасць высноваў. Таму, несумненна, вялікаю радасцю павінна стаць для дзяцей і іх бацькоў беларускамоўнае выданне яшчэ адной кнігі кс. Яна Твардоўскага — «Кубак з адным вухам» («Pro Christo», 2016, пераклад Г. Шаўчэнка).

Гэтая кніга аднозніваецца ад папярэдніх выданняў дзвюма істотнымі асаблівасцямі. Па-першае, сабраныя ў ёй творы арыентаваныя ўжо не толькі на самых маленькіх чытачоў, але і на дзяцей старэйшага ўзросту (верш «Развітанне са школаю», апавяданне «Цяжкі выбар» і інш.), і нават на дарослых, або на «дзяцей, якія захутка выраслі» (вершы «Удалося», «У альбом», «Каўчэг», «Малітва марнатраўнага сына», «Скруха марнатраўнага сына», «Велікодная малітва» і інш.). Змястоўна кніга ахоплівае самыя разнастайныя аспекты чалавечага жыцця: нараджэнне маленькага дзіцяткі, яго пазнанне свету, любові і найважнейшых жыццёвых каштоўнасцяў, вучоба і выхаванне, першае каханне, сяброўства, будаванне адносінаў з Богамі і блізкімі людзьмі, праца і адпачынак, багацце і беднасць… Многія разважанні кс. Яна Твардоўскага прапушчаныя праз прызму ўласных дзіцячых успамінаў і таму афарбаваныя лёгкай настальгіяй, як, напрыклад, у кароценькім вершы «Школа»:

Парты дошка і крэйда
як чарцяняты сляза за слязой
шукаю хаця б кавалка
святой памяці школы маёй.

Аляксандра Іваноўская, укладальніца польскамоўнага выдання кнігі, піша ў сваёй прадмове: «Ксёндз Твардоўскі вельмі сумаваў па дзяцінстве і бацькоўскім доме. У малітвах, якія ён склаў — да Найсвяцейшай Сям’і і да Святога Антонія — ксёндз Ян прасіў, каб мог знайсці даўно згубленае дзяцінства, а разам з ім — любімы кубак. Напэўна, з-за гэтай тугі ён назваў сваю кнігу „Кубак з адным вухам“».

Другая асаблівасць, якая адрознівае гэтае выданне кнігі кс. Яна Твардоўскага ад папярэдніх, датычыцца ілюстрацый, створаных маладою беларускаю мастачкаю Вольгаю Чарняўскаю (у папярэдніх кнігах выкарыстоўваліся ілюстрацыі з польскіх арыгіналаў). Гэтыя малюнкі напаўняюць кнігу спакойным святлом, пяшчотнаю добразычлівасцю, лагоднасцю, лёгкаю гарэзлівасцю, адлюстраванаю ў тварах і постацях персанажаў, вяртаюць у час дзяцінства і бесклапотнасці, прыцягваюць увагу да самых маленькіх, незвычайных звычайных рэчаў…

Няхай гэтая кніжка ў яркай аранжавай вокладцы стане для беларускіх чытачоў нібы «мандарынкаю» пад святочнаю ялінкаю, і напоўніць іх сэрцы водарам Божай радасці, шчырасці і цеплыні.


Ганна Серэхан

Кнігу можна набыць у краме «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25, тэл.: (017) 293-17-53).

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла