Другі том кнігі «Laudate Dominum» пабачыў свет

 

У выдавецтве «Pro Christo» выйшаў другі том кнігі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Laudate Dominum», у якую ўвайшлі пастырскія пасланні, гаміліі, даклады, выступленні арцыпастыра за перыяд яго служэння ў Беларусі з 2007-га да 2015 года.

Нагадаем, што першы том, які пабачыў свет у ліпені 2016 года, прысвечаны ўрачыстасцям і святам літургічнага году ў Касцёле, тэмам дабрачыннасці і служэння на карысць евангелізацыі, справядлівасці і міру, а таксама некаторым аспектам жыцця Касцёла ў Беларусі.

У другім томе сабраныя матэрыялы пра вучэнне Другога Ватыканскага Сабору і сацыяльнае вучэнне Касцёла, успаміны мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пра яго сустрэчы з папам Янам Паўлам ІІ і разважанні пра святасць Вялікага Пантыфіка, пра святарства і кансэкраванае жыццё як Божы дар і адказнае заданне, а таксама пра Эўхарыстыю і еднасць хрысціянаў у сучасным свеце. Пасланні і гаміліі арцыпастыра прасякнутыя клопатам пра вырашэнне найбольш актуальных праблемаў, якія стаяць перад хрысціянствам; мітрапаліт паказвае галоўныя задачы Касцёла ў сучасных рэаліях, спосабы выйсця з духоўнага крызісу і найважнейшыя арыенціры на шляху да святасці і Божага Валадарства.

Сёлета плануецца таксама выданне трэцяга тома кнігі арцыбіскупа Тадэвуша, куды ўвойдуць матэрыялы, прысвечаныя Божай Міласэрнасці, праблемам сям’і і хрысціянскага выхавання, сферы культуры і рэлігійнага жыцця ў Беларусі.

Несумненна, гэтае трохтомнае выданне стане важкаю часткаю пісьмовай спадчыны Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, своеасаблівым дакументам свайго часу, у якім адлюстравана вучэнне іерарха і яго палымянае пасланне да нас, вернікаў, а для нашчадкаў гэтая кніга стане яшчэ і крыніцаю звестак пра адраджэнне і развіццё хрысціянства на нашых землях.


Ганна Шаўчэнка

Для набыцця кнігі звяртайцеся ў парафіяльныя кіёскі і ў краму «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25, тэл.: (017) 293 17 53).

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла