«Быць на сваім месцы». Па старонках чэрвеньскага нумара часопіса «Ave Maria»


Пакліканне — гэта заўсёды «дар і таямніца», і неістотна, якой сферы яно датычыцца: святарскага, сямейнага ці самотнага жыцця, схільнасці да пэўнай прафесійнай ці грамадскай дзейнасці. Галоўнае — «быць на сваім месцы», як пераконвае чытачоў Маргарыта Ops, аўтарка артыкула з такою ж назваю ў чарговым — чэрвеньскім нумары часопіса «Ave Maria», прысвечаным тэме паклікання ў хрысціянскім жыцці. 

Вельмі прыгожа і глыбока пра сваё пакліканне да святарства распавядае дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які сёлета адзначае 25 гадоў манаскага жыцця (гл. артыкул «У каго ёсць Бог, у таго ёсць усё…»). Айцец Юрый Кулай у артыкуле «Прыйдзі да Яго з малітваю…» падкрэслівае: «Даючы пакліканне <…>, Езус не кажа пра квітнеючую алею жыцця, а наадварот, ставіць нас перад праўдаю самаадрачэння і пакутаў. Езус кажа пра крыж як цяжар, але <…> гэта свайго роду і компас, і благаслаўленне»… Разам з тым аўтар запрашае чытачоў да малітвы ў інтэнцыі ўласнага паклікання (гл. рубрыку «Школа малітвы»).

Вельмі моцна на рэалізацыю нашага паклікання ўплываюць блізкія людзі. Як часта бацькі расчароўваюцца і нават крыўдуюць, калі дзіця будуе сваё жыццё не паводле іх даўно прадуманага «плану»… На гэтую тэму цікава разважае маці святара, вядомая пісьменніца Ірына Жарнасек у артыкуле «А што ж нашы бліжнія?»

Чытачам чэрвеньскага нумара выпала шчаслівая нагода пазнаёміцца на старонках часопіса з 87-гадовым бэнэдыктынам айцом Леанам Кнабітам, які ў гутарцы з рэдактарам Крыстынаю Лялько дзеліцца шчаслівым вопытам рэалізацыі свайго паклікання — манаскага, пісьменніцкага, урэшце, паклікання быць сапраўдным духоўным айцом для мноства людзей (гл. інтэрв’ю «Перастань наракаць, пачні жыць!»).

А як вы, шаноўныя чытачы, знайшлі шлях да свайго паклікання? І што вам дапамагае зрабіць гэты шлях плённым? Падзяліцеся сваім досведам з іншымі чытачамі. Чакаем вашых лістоў, водгукаў і новых прапановаў.


Ганна Шаўчэнка


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла