Божае слова — скарб любові

Пра кнігу біблійных разважанняў св. Уршулі Ледухоўскай USJK «Скарб любові» (Мінск, «Про Хрысто», 2017)

Каштоўным скарбам для ўсяго Касцёла з’яўляюцца тэксты біблійных медытацый святой Уршулі Ледухоўскай USJK — заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. Гэтыя разважанні грунтуюцца на Евангеллі і першапачаткова былі напісаныя для сясцёр манаскай супольнасці. Аднак кожны католік сёння мае магчымасць чэрпаць з гэтага бясцэннага скарбу дзякуючы таму, што медытацыі святой Уршулі Ледухоўскай выдадзеныя асобнаю кнігаю, якая апошнім часам была перакладзеная на беларускую мову і пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто». 

«Скарб любові: Біблійныя медытацыі» — такую назву кніга святой Уршулі Ледухоўскай атрымала нездарма: у адным з разважанняў аўтарка выказвае шчырае жаданне, каб слова Пана стала для яе найдаражэйшым скарбам: «Ці цаню я Евангелле? …Там схаваны скарб, неспасцігальны скарб любові Езуса, любові да Езуса. Да гэтага скарбу трэба часам карпатліва дакопвацца. Часам трэба доўга і з цяжкасцю шукаць яго, але калі аднойчы знайшоў яго — якое шчасце, якая карысць для душы!» Сапраўды, на прыкладзе ўласных разважанняў святая Уршуля паказвае, як здабываць каштоўныя «пярлінкі» хрысціянскай мудрасці і цнотаў з бяздонных і багатых глыбіняў Святога Пісання. Для гэтага не патрэбныя нейкія надзвычайныя жыццёвыя сітуацыі — штодзённы побыт, адносіны з блізкімі, роднымі і знаёмымі людзьмі даюць нам магчымасць жыць паводле Евангелля, хоць часта гэта вельмі няпроста! 

Тэксты разважанняў сабраныя ў кнізе ў 20 раздзелаў у адпаведнасці са структураю таямніцаў Святога Ружанца. Такім чынам тэматыка медытацый цалкам ахоплівае змест Евангелля: ад звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі да ўнебаўшэсця Езуса Хрыста. А дзякуючы таму, што кожны фрагмент разважанняў унутры тэматычных раздзелаў — гэта кароткі завершаны па сэнсе тэкст, кніга лёгка ўспрымаецца, яе зручна чытаць з любога месца, і яна знойдзе практычнае прымяненне падчас ружанцовай малітвы, у якой разважанне над Святым Пісаннем займае ключавое месца.

Медытацыі святой Уршулі хоць і ўгрунтаваныя на звыклых штодзённых сітуацыях, але скіраваныя да «вышыняў», у «краіну вечнай любові». Разглядаючы зямныя цяжкасці і выпрабаванні, думкі і жаданні, цноты і грахі, радасць і смутак у святле канкрэтных фрагментаў з Евангелля, аўтарка паказвае чытачу спраўджаны шлях да святасці, па якім прайшла яна сама. Вельмі часта разважанні святой Уршулі нагадваюць рахунак сумлення — яна нібы ўвесь час правярае сваё жыццё, стан сваёй душы на адпаведнасць евангельскім наказам: «Мне не пашкодзіць у святле Божай ласкі зазірнуць у сваё сумленне. Можа, яно не папракне мяне ў сапраўднай хлусні, але ці не знайду я там такой малой няшчырасці, малых падманаў, учыненых не словам, а выразам твару, учынкам? Ці не знайду трохі круцельства, супярэчлівых паводзінаў?» І амаль заўсёды з такой медытацыі выцякае глыбокая асабістая малітва: «Езу мой, Ты любіш праўды, Ты брыдзішся фальшам, таму, каб падабацца Табе, я хачу заўсёды ісці дарогаю праўды, хачу быць добрасумленнаю і шчыраю…»

Відавочна, што з тэкстаў святой Уршулі можна скласці цэлы малітоўнік, і ў ім будуць малітвы на кожную патрэбу. У іх не будзе занадта высокіх і абстрактных фразаў — простыя, але глыбокія, зачэрпнутыя з уласнага досведу думкі святой стануць вельмі блізкімі кожнаму з нас.


Ганна Шаўчэнка

Для набыцця кнігі звяртайцеся ў парафіяльныя кіёскі і ў краму «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25, тэл.: (017) 293 17 53).

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла