«Божыя пасланнікі сярод нас». Па старонках новага нумара часопіса «Ave Maria»

Ці можа хтосьці з нас пахваліцца тым, што мае пастаянны жывы кантакт са сваім Анёлам Ахоўнікам? На жаль, у нашых штодзённых малітвах ён часта нібы застаецца дзесьці далёка на перыферыі. Мы хоць і ведаем пра існаванне анёлаў, як і пра існаванне злых духаў, але не надаем дастатковай увагі гэтаму багатаму духоўнаму свету, які моцна ўплывае на стан нашай душы…


 Менавіта таму вераснёўскі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны ролі нябесных пасланнікаў у нашым жыцці. А свята святых Арханёлаў, якое адзначаецца ў Касцёле напрыканцы верасня, — чарговая добрая нагода наладзіць больш блізкія адносіны з імі.

Ці ў кожнага чалавека ёсць Анёл Ахоўнік? Як распазнаць яго дзеянне? Аб чым яго можна прасіць? Над гэтымі пытаннямі разважае кс. Аднрэй Рылка ў артыкуле «Чаму Бог дае нам Анёлаў Ахоўнікаў?», змешчаным пад рубрыкаю «Святар адказвае на пытанне».

Адно з галоўных заданняў анёла — дапамагчы чалавеку дасягнуць збаўлення. Нават калі людзі аддаляюцца ад Бога праз сваё грэшнае жыццё, анёлы праяўляюць да іх сваю клапалівую апеку і дапамагаюць з любоўю вярнуцца да Пана. Гэта пацвярджаюць цікавыя аповеды з публікацыі «Сведчанні прысутнасці анёлаў у нашым жыцці» (у перакладзе з польскай мовы Вольгі Качалкі).

Аднак не ўсё так гладка і спакойна ва ўзаемадзеянні зямногі і нябеснага свету. Яшчэ ў раннім хрысціянстве сфармавалася ўяўленне пра тое, што таямнічы свет духаў напаўняюць не толькі добрыя істоты, якія спрыяюць нам ў набліжэнні да Бога, але і ўзбунтаваныя анёлы, якіх мы яшчэ называем дэманамі. Марыянін Аляксандр Жарнасек у артыкуле «Таямнічы свет падману» разважае пра стратэгію дзеяння сатаны і пра тое, як мы павінны весці з ім барацьбу.

У іншых публікацыях вераснёўскага нумара часопіса вы знойдзеце таксама публікацыі пра тое, чым адрозніваюцца паміж сабою анёльскія хоры, што ў Катэхізісе гаворыцца пра анёлаў, у чым заключаецца місія трох вялікіх арханёлаў — Рафала, Габрыэля і Міхала, а таксама шматлікія іншыя сведчанні, вершы, аповеды і разважанні, прысвечаныя гэтым Божым пасланнікам і не толькі ім…


Ганна Шаўчэнка


Набыць часопіс можна:

  •     у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
  •     у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  •     альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла