Асвячацца і сагравацца ў промнях Божай любові

Кнігу «Аднаві ў нас, Пане, дух веры», якая выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» ў сярэдзіне верасня, можна назваць сапраўднаю скарбніцаю натхнення і матывацыі да духоўнага росту. Як сведчыць падзагаловак выдання, гэты маленькі зборнік кішэннага фармату ўключае ў сябе думкі на кожны дзень слугі Божай маці Калумбы Бялэцкай (1838–1887) — заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр святога Дамініка, якая сёлета адзначае 25-годдзе свайго служэння ў Беларусі.

Перакладзеная з польскай мовы сястрой Міраславай Капцюк OP, гэтая кніга з’яўляецца своеасаблівым дамініканскім «каляндарыкам», у якім на кожны дзень года чытачу прапануецца для разважання адна з глыбокіх і адначасова простых цытатаў, якая па сваім змесце звязаная з канкрэтным літургічным перыядам, святам або проста заахвочвае да ўдасканалення і яднання з Богам. Гэтая кніга стане добрым духоўным падмацункам не толькі для сясцёр дамініканак, якія развіваюць харызму сваёй заснавальніцы, але і для ўсіх вернікаў, бо кожны знойдзе што зачарпнуць з багатай скарбніцы Касцёла.

Паводле духоўнай дамініканскай традыцыі, маці Калумба Бялэцкая развівала ў сваёй кангрэгацыі культ Эўхарыстыі і Найсвяцейшай Маці, любоў да літургіі і Святога Пісання. Усё гэта праявілася і ў змесце пакінутых ёю наказаў, думак, разважанняў. Кожнае яе слова служыць праслаўленню Божай любові, якую засланяюць ад нашых вачэй шматлікія клопаты, уласныя слабасці, крыўды і больш за ўсё — пыха. Мы павінны штодня настойліва і цярпліва разганяць гэтыя шэрыя хмары, каб асвячацца промнямі нязгаснай любові Бога і сагравацца іх цяплом. У такой няспыннай штодзённай працы акурат і дапаможа правераны дамініканкамі метад выкарыстання цытатаў.

Прачнуўшыся раніцаю, ажывіце сваю душу кароткім, але гаючым і мудрым выказваннем маці Калумбы Бялэцкай, некалькі разоў вяртайцеся да яе ў думках на працягу ўсяго дня і паспрабуйце глядзець на свае заняткі ў святле гэтых словаў. Дазвольце насенню праўды і любові пусціць карэнне ў вашым сэрцы — і вы адчуеце сябе нашмат мацнейшымі. А калі падасца, што змрочныя хмары ўсё роўна засланяюць ваш далягляд, узгадайце мудрае настаўленне маці Калумбы: «Карыстайцеся гэтым часам збаўлення, калі вы можаце даць Богу мноства доказаў таго, што любіце Яго больш за ўсё, што нічога для Яго не шкадуеце, і калі можаце назбіраць сабе шмат заслугаў для жыцця вечнага! Раней ці пазней скончыцца гэтая нашая зямная пілігрымка, і толькі тады мы спазнаем нічым не азмрочанае шчасце».


Ганна Шаўчэнка

Для набыцця кнігі звяртайцеся ў парафіяльныя кіёскі і ў краму «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25, тэл.: (017) 293 17 53).

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла