З роздумам пра вечнасць. Па старонках лістападаўскага нумара часопіса «Ave Maria»

З надыходам лістапада, калі халодная восень паступова забірае ў нас цяпло, сонечнае святло і пышнае хараство зеляніны, думкі непазбежна скіроўваюцца да роздуму пра хісткасць і прамінальнасць усяго, што існуе на зямлі. На жаль, у тым ліку і чалавечага жыцця…


Нездарма ў лістападзе Касцёл асаблівым чынам моліцца за памерлых вернікаў, а таксама адзначае ўрачыстасць Усіх святых і дзень Задушны. Што перажывае душа памерлага чалавека? Чаму Каталіцкі Касцёл верыць у існаванне чыстца, у той час як іншыя хрысціяне адмаўляюць яго? Які сэнс мае малітва за памерлых і якую духоўную дапамогу мы можам аказаць тым нашым блізкім, якія ўжо адышлі да Бога? Гэтыя тэмы глыбока закранаюцца ў артыкулах «Касцёл трыумфуючы і пакутуючы» дыякана Міколы Гракава, «Што такое чысцец?» ксяндза Андрэя Рылкі, «Выйгралі жыццё» айца Юрыя Кулая OCD, ксяндза Марыюша Росіка «Неба або пекла», а таксама ў інтэрв’ю Валянціны Грамыкі з ксяндзом Ігарам Лашуком «Мы дапамагаем душам у чыстцы, а праз гэта дапамагаем і сабе…».

Трэба з жалем прызнаць, што жыццё пасля смерці і евангельскае прадказанне Апошняга Суду ў свецкім жыцці «абрастаюць» шматлікімі хлуслівымі тэорыямі і міфамі, якія не маюць нічога агульнага з хрысціянствам. Для таго, каб скіраваць разважанні чытачоў на духоўную сутнасць моманту сустрэчы душы з Панам Богам пасля зямнога жыцця, рэдакцыя прапануе на старонках часопіса пераклад з польскай мовы інтэрв’ю айца Рамана Бялецкага ОР са святаром Гжэгажам Стшэльчыкам «Вялікі дзень усеагульнага сораму».

«Усё нашае жыццё павінна быць падрыхтоўкаю да добрай смерці», — пісаў заснавальнік ордэну салезіянаў св. Ян Боска і раіў адзін дзень у месяц прысвяціць упарадкаванню ўсіх духоўных і зямных справаў. Айцец Кшыштаф Паплаўскі ОР, аўтар перакладзенага з польскай мовы артыкула «У святле смерці. Тры пытанні пра нашае жыццё» дае практычныя парады па «падрыхтоўцы да добрай смерці».

Акрамя таго, чытачоў часопіса чакаюць шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы пра жыццё Касцёла і асобных вернікаў, сведчанні і тэксты малітваў.

Ганна Шаўчэнка


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла