Як дапамагчы хрысціяніну, які перажывае дэпрэсію?

Сёння вельмі часта гаворыцца пра дэпрэсію. Сацыёлагі прыводзяць статыстычныя дадзеныя, непакоячыся тым, колькі людзей у свеце хварэе на прыгнечанасць. Амерыканцы налічылі такіх ажно 17 млн; у Заходняй Еўропе дэпрэсію лічаць адным з чатырох найбольш частых захворванняў. І ў нашай штодзённасці, як толькі ў чымсьці не шанцуе, мы часам спяшаемся апраўдвацца дэпрэсіяй. Што ж гэта за з’ява? Ці здараецца яна сярод веруючых людзей? Ці ёсць з яе выйсце?


Спецыялісты гавораць пра два асноўныя віды дэпрэсіі.

Першая з іх — клінічная, якая лечыцца толькі з дапамогаю медыкаў і адмысловай тэрапіі. Яна часта выклікана праблемамі псіхафізічнага стану арганізма, недахопам некаторых элементаў біяхіміі, парушэннямі ў функцыянаванні паасобных органаў ці цэлых сістэм чалавека.

Другі від дэпрэсіі — гэта разнастайныя станы працяглай і цяжкай прыгнечанасці, выкліканыя духоўным і псіхалагічным напружаннем паміж тым, як ёсць, і тым, як хочацца, каб было. Ад звычайнай прыгнечанасці дэпрэсія адрозніваецца працягласцю крызіснага стану. Найчасцей дэпрэсіўным станам спадарожнічае пачуццё абыякавасці, прыгнечанасць, неспакой. Чалавеку ў такім стане хочацца знікнуць, схавацца, не ўставаць цэлы дзень з ложка. Не хочацца ні з кім сус­тракацца, размаўляць, нешта рабіць і нават есці. Здаецца, што ўвесь свет страціў свае колеры, выразнасць, смак, водар. Усё выглядае ніякім, брыдкім і шэрым. Кожная асоба, якая імкнецца ўмяшацца ў гэты свет павольнага патанання ў цемры, успрымаецца як агрэсіўны чужынец, ад якога неабходна як найхутчэй уцячы або даць адпор, каб далей абыякава працягваць павольнае паміранне.

Чым можа быць выкліканы дэпрэсіўны стан чалавека?

Прычынаў для яго шмат, і часта яны праяўляюцца адначасова. Гэта можа быць рэ­акцыя на жыццёвыя цяжкасці, з якіх чалавек не бачыць выйсця, не спраўляецца з іх выклікамі. Дэпрэсія можа быць выклікана абвастрэннем пачуцця віны з-за таго, што былі парушаныя Божыя запаведзі, што чалавек не спраўляецца з іх захаваннем. Сярод частых псіхафізічных прычынаў (уплыў духу на цела) можна назваць няправільны рэжым дня: мала сну, добрага харчавання, але затое шмат пастаянных пера­грузак на працы і дома. Сярод нечаканых прычынаў дэпрэсіі варта ўзгадаць стан раптоўнай змены актыўнага стылю жыцця на пасіўны (выхад на пенсію, змена працы, заканчэнне важнай справы, якая патрабавала вялікага высілку). Існуюць таксама прычыны, якія, на першы погляд, цяжка заўважыць, — гэта працяглае «паглынанне» негатыўных эмоцый і перажыванняў. Такое назапашванне адмоўнай энергіі адбываецца ў сітуацыях, калі чалавек з чымсьці прынцыпова не згаджаецца, нервуецца, але баіцца гэта праявіць знешне. Такія схаваныя, «праглынутыя» негатыўныя перажыванні з часам пачынаюць «вылазіць» або ў выглядзе самапрыгнечання, або раптоўных эмацыйных выбухаў.

Існуюць і духоўныя прычыны дэпрэсіі.

Яны здараюцца нават сярод вельмі здаровых псіхічна і фізічна хрысціянаў. Духоўная дэпрэсія можа быць выклікана праблемамі ў пераходзе ад «дзіцячых» (даверлівых, падарункавых) да «дарослых» (адказных, балючых) адносінаў з Богам. Такую дэпрэсію можна пазнаць па занядбанні малітвы. Звычайна веруючы чалавек, які раней шмат маліўся, раптам пачынае ўнікаць малітвы, прыдумвае прычыны, каб не маліцца. Яму цяжка згадзіцца з тым, што яна не будзе ранейшаю, што трэба зрабіць крок наперад для духоўнага сталення.

Евангелле называе падобны стан чалавека «новым нараджэннем». Калі старыя формы адносінаў з Богам аджылі сваё, жыццё падштурхоўвае да новага ўзроўню малітвы, веры, пакаяння, але чалавек трымаецца за старое і далей хоча рабіць выгляд перад Богам, што ён яшчэ духоўнае немаўля.

Існуе такая вельмі далікатная форма дэпрэсіі ў веры як неадэкватная рэакцыя чалавека на прысутнасць Бога ў яго жыцці. Гэта здараецца тады, калі чалавек занадта канцэнтруецца на ўласнай нявартасці і грэшнасці, перабольшваючы сваю віну і панікуючы з-за падатлівасці на спакусы. На фоне гэтага стану развіваецца страх перад кантактам са святасцю, з чысцінёю Бога. У практыцы гэта знаходзіць праяўленне ў беспадстаўным самаабмежаванні верніка: ён не прымае св. Камунію, не карыстаецца сакрамэнтамі, не ходзіць на споведзь.

Святое Пісанне распавядае пра шматлікія выпадкі дэпрэ­сіўных станаў сярод вялікіх біблійных асобаў. Класічным прыкладам можа быць гісторыя Ганны, маці Самуэля (1 Сам 1, 1–20), а таксама караля Саўла; расчараванне жыццём прарока Іллі (1 кніга Валадарстваў, 18–19 раз­дзелы). Яскравыя прыклады пазітыўнага выйсця з дэпрэсіі знаходзім у жыцці Майсея, Давіда. Адно з найбольш моц­ных апісанняў выпрабавання знаходзім у біблійнага Ёва.

Каб па-хрысціянску спра­віцца з дэпрэсіяй, варта звяртацца да прыкладаў асобаў Святога Пісання, якія паспяхова прайшлі сваю «цёмную даліну» (Ілля, Ёў, Майсей, Давід). Але найяскравейшым прыкладам дасканалага перажывання выпрабавання дэпрэсіяй з’яўляецца Пан Езус напярэдадні Мукі. Ён прызнаецца ў сваім неспакоі адносна заданняў, якія ўскла­дзеныя на Яго Айцом, але ў найбольш «цёмны» момант свайго жыцця — на малітве ў Аліўным садзе — Ён дэман­струе перамогу над пагрозай дэпрэсіі: «Не Мая, але Твая воля няхай станецца» (Лк 22, 42).

Ён нікога не абвінавач­вае, нічога не адпрэчвае, не бярэ на сябе непасільную ношу. Езус з глыбокаю пакораю прымае рэальнасць з усім, што яна нясе, не патрабуючы, каб яна дапасоўвалася да Яго жаданняў, бо менавіта нязгода з рэальным раскладам рэчаў і ёсць адным з галоўных каранёў дэпрэсіі.

Сярод «чалавечых спосабаў» ратавання ад дэпрэсіўнасці спецыялісты называюць пазбяганне адзіноты. Варта максімальна пашыраць кола добрых кантактаў, сустракацца з аптымістычна настроенымі людзьмі і прымаць іх дапамогу. Добрымі лекамі могуць быць музыка, спевы, творчасць, усялякая актыўнасць (спорт, падарожжы, прагулкі і г.д.).

Хрысціянін мае вялікія рэлігійныя магчымасці, каб вырвацца з путаў дэпрэсіі. Яшчэ старажытныя мудрацы заўважылі, як пазітыўна ўплывае на чалавека частае чытанне псальмаў, літаній, любімых малітваў. Нездарма літургія Касцёла заахвочвае нас да таго, каб мы маліліся не толькі духам, але і жэстамі, паставай цела, рухамі. Багатая на разнастайныя формы Божага культу літургія дапамагае чалавеку вырвацца з пасткі дэпрэсіўнай канцэнтрацыі на сабе, каб звярнуцца да Бога і бліжняга. Кожны ўдзел у святых сакрамэнтах — Эўхрыстыі, святой Камуніі, пакаянні, споведзі — усё гэта магутныя сродкі лячэння нашай душы і аздараўлення адносінаў з Богам, з іншым чалавекам, з самім сабою.

Магутны лек ад дэпрэсіі — практыкаванне малітвы-па­дзякі Пану Богу за штодзённыя дары, якія мы ад Яго атрымліваем. Варта пачынаць і заканчваць кожны дзень са словаў падзякі Пану за дабро, якое Ён нам дае тут і цяпер (пар. Флп 4, 4; Рым 15, 11). Сур’ёзнае перажыванне такой малітвы спрыяе фарміраванню ў нас глыбокага даверу да Бога, а чым больш мы давяраем Яго волі, тым менш мы падатлівыя на дэпрэсію (пар. 1 Кар 10, 13), бо ключ да вольнага ад дэпрэсіі жыцця, поўнага невычэрпнай творчай энергіі, хаваецца ва ўменні давярацца ва ўсім Божай волі, а таксама добрым людзям.


 Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней