«Жыццё дзеля Слова». Выйшаў новы нумар часопіса «Наша вера»

Новы нумар квартальніка «Наша вера» пачынаецца арт. дыякана М. Гракава «Дзеля дабра „ўзлюбленага кантынента“», у якім аўтар апавядае пра значную падзею ў гісторыі Касцёла на Беларусі — працу Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, пасяджэнне якой праходзіла ў Мінску з 28 верасня па 1 кастрычніка.

500-годдзю беларускага кнігадруку і постаці вялікага першадрукара прысвечаны арт. А. Жлуткі «Францыск Скарына: жыццё дзеля Слова» і арт. Я. Маліноўскага «Асоба на ростанях: псіхалагічная рэфлексія беларуса на тле постаці Францішка».

Пра асаблівасці перакладаў Бібліі разважае М. Пашук у арт. «Беларускія пераклады Святога Пісання ў перыяд з 1926–2017 гг.».

Працягваецца публікацыя перакладу трактата св. Яна ад Крыжа «Узыход на гару Кармэль» (пер. з ісп. мовы С. Грэсві).

300-годдзю каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай прысвечаны арт. вядомага рэстаўратара А. Шпунта «Мая міласэрнасць з абразамі гэтымі…».

Пра ксяндза Я. Такарскага піша літаратуразнаўца Я. Янушкевіч у арт. «Салезіянін — сын каваля».

Да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа друкуецца арт. А. Трафімчыка «Рэлігійныя матывы ў кнізе Якуба Коласа „Песні жальбы“».

К. Лялько прапануе ўвазе чытачоў сваё інтэрв’ю з Д. Бічэль «Абняла мяне Беларусь, запаланіла, трымае…» з нагоды юбілею вядомай беларускай паэткі. Тут жа друкуецца эсэ Д. Бічэль «У абдымках аблокаў і дрэваў».

Літаратуразнаўца І. Багдановіч у арт. «Прыгоды цудоўнай „Шпілечкі“ графіні Габрыэлі» знаёміць чытачоў з творчасцю польскамоўнай пісьменніцы ХІХ стагоддзя Габрыэлі Пузыні і прапануе свой пераклад яе апавядання «Шпілечка з 1730 года».

Юбілею вядомай беларускай пісьменніцы А. Васілевіч прысвечаны арт. В. Галубовіч «Пачакай, затрымайся…».

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы А. Данільчык і вершы вядомага польскага паэта Л. Стафа ў перакладзе Сцяпана Сяргея.

Перакладчыца А. Сямёнава-Герцаг прапануе ўвазе чытачоў эсэ Г. Котта «Клімэнт ІІ — Папа Рымскі з Хорнбурга» (пер. з ням. мовы).

Памяці выдатнага даследчыка беларускага іканапісу, мастацтвазнаўцы А. Ярашэвіча прысвечана эсэ мастака Ю. Піскуна.

Жыхарка Віцебска Л. Сырбу ва ўспамінах «Дык з чаго твой панцыр, чарапаха?» апавядае пра драматычныя лёсы сваіх родных — маці, бабулі і дзеда, які стаў ахвяраю сталінскіх рэпрэсій.

Доктар мастацтвазнаўства Т. Габрусь у арт. «Прыгажосць у прастаце» працягвае размову пра драўляныя святыні Беларусі.


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.
 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла