«Любоў ніколі не мінае». Па старонках студзеньскага нумару часопіса «Ave Maria»

«Пачынаецца ўсё з любві», — напісала калісьці беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц у сваім цудоўным вершы… І цяжка з гэтым не пагадзіцца. Любоў ляжыць у аснове ўсяго нашага жыцця, але ў той жа час яе так часта не хапае ў гэтым змучаным сваркамі і звадамі свеце. Таму студзеньскі нумар часопіса «Ave Maria» мы вырашылі прысвяціць менавіта любові ва ўсіх яе праяўленнях.


«Любоў — сутнасць хрысціянскага веравучэння», — піша дыякан Мікола Гракаў у артыкуле «Пра любоў у вучэнні Касцёла» і разглядае яе перш за ўсё як найвялікшы дар Бога, абапіраючыся ў сваіх разважаннях на Святое Пісанне, вучэнне айцоў Касцёла і найважнейшыя працы Пантыфікаў.

У наш час нярэдка даводзіцца чуць выказванне святога Аўгустына: «Любі і рабі, што хочаш». Аднак сэнс гэтых словаў, вырваных з кантэксту, часам вельмі моцна скажаецца. Пра тое, што яны на самай справе азначаюць, распавядае кс. Андрэй Рылка ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанне».

Як жа любіць тых, з кім мы часам не знаходзім узаемаразумення? Тых, хто духоўна зранены адсутнасцю любові і нярэдка сам раніць блізкіх? Пра гэта разважае пісьменніца Ірына Жарнасек у публікацыі «Гэтая нялёгкая любоў». Аўтарка запрашае чытача задумацца над сітуацыямі, калі «трэба пакінуць свой утульны дом і пайсці туды, дзе той утульнасці і блізка няма, калі праз сілу прымусіш сябе схіліцца над тым чалавекам, які не выклікае ў цябе асаблівай павагі…»

Сведчанні і інтэрв’ю, парады псіхолага і павучанне святара, аповеды пра асабісты досвед любові — усё гэта вы знойдзеце на старонкага новага нумару часопіса «Ave Maria». Маем надзею, што гэтыя матэрыялы натхняць вас, дарагія чытачы, на далейшы пошук і ўмацаванне любові ў сваім жыцці, якое дадзена нам менавіта для таго, каб навучыцца любіць…

Ганна Шаўчэнка


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.
 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла