Дарога да паўнаты жыцця. Па старонках лютаўска-сакавіцкага нумара часопіса «Ave Maria»

Цэнтральнаю тэмаю лютаўска-сакавіцкага нумара часопіса «Ave Maria» з’яўляецца першая запаведзь Дэкалогу ў яе невычэрпнай глыбіні і бясконцай шматграннасці.


Здавалася б, што новага мы, веруючыя католікі, можам пачуць пра наказ: «Не май іншых багоў, апроч Мяне»? Безумоўна, мы верым у аднаго Бога і не пакланяемся ідалам, як язычнікі. Але які вобраз Бога пануе ў нашай душы? Ці адпавядае ён сапраўднаму вобразу Створцы? І ці не аддаем мы вялікую частку свайго сэрца рэчам і людзям, якія становяцца для нас своеасаблівымі ідаламі, перашкаджаючы жыць паўнатою адносінаў з Богам?

Імклівае жыццё няспынна «прапануе» нам усё новых і новых бажкоў, якія прыводзяць чалавека ў тупік, у бездань расчаравання… На жаль, адным з найбольш «папулярных» бажкоў у сучасным свеце з’яўляецца залежнасць ад алкаголю і наркотыкаў. «Служэнне» яму — гэта прамы шлях да гібелі, але яе ўсё ж такі можна пазбегнуць, калі своечасова спыніцца… Дар’я Ахламёнак у артыкуле «Калі цверазець, то з Богам» распавядае пра цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач», заснаваны пры парафіі ў Бягомлі. Чытач быццам бы слухае разам з карэспандэнтам сведчанні людзей, якія праходзяць рэабілітацыю ў цэнтры, даведваецца пра заснавальнікаў гэтай справы і пра 12 крокаў вызвалення ад залежнасці.

«Заўжды ў кантакце: праблема залежнасці ад сацыяльных сетак» — назва матэрыяла Юліі Шэдзько гаворыць сама за сябе. Згубнае ўздзеянне гэтага бажка адчула на сабе вялікая частка інтэрнэт-карыстальнікаў, асабліва маладых. Аўтарка прапанавала невялікі тэст, які дапаможа чытачам шчыра асэнсаваць сваё стаўленне да віртуальнага жыцця.

Тэму споведзі з грахоў супраць першай запаведзі закрануў айцец Аркадзь Куляха OCD у артыкуле пад назваю «Споведзь — дарога да паўнаты жыцця». Паколькі выпускі часопіса «Ave Maria» і надалей будуць прысвячацца Дэкалогу, аўтар плануе працягваць публікацыю практычных матэрыялаў па асобных праблемах сакрамэнту пакаяння.

Няхай гэтыя і іншыя матэрыялы з рубрыкаў «Святар адказвае на пытанне», «Школа малітвы», «Пра святую Імшу», «Інтэрв’ю» дапамогуць вам, шаноўныя чытачы, заўсёды распазнаваць абліччы сучасных бажкоў і не трапляць у іх пасткі.

Ганна Шаўчэнка


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.
 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла