«Якое велічнае імя Тваё, Пане!» Па старонках красавіцкага нумара «Ave Maria»

Красавіцкі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны другой запаведзі Дэкалогу — «Не ўжывай імя Пана Бога дарэмна». Слова здольнае ацаляць і здольнае разбураць… Нездарма гэты нумар выходзіць акурат падчас Святога Пасхальнага Трыдуума — у дні, калі Пан Бог нібы замаўчаў, нібы пакінуў свайго Сына, а потым… сказаў сваё наймаццейшае слова. Дакладней, само Слова Божае — Езус Хрыстус — прайшло праз смерць і адкрыла вечнасць…


Як мы ставімся да свайго слова пра Пана Бога ў паўсядзённым жыцці? Як мы молімся? Як ушаноўваем Яго імя? Матэрыялы новага нумара часопіса «Ave Maria» запрашаюць чытача да разважанняў на гэтыя тэмы. «Чаму менавіта пасля другой запаведзі вельмі выразна гучыць Божае папярэджанне супраць яе парушэння?» — такое пытанне даслаў адзін з чытачоў у рубрыку «Святар адказвае на пытанне». Адказваючы на яго, кс. Андрэй Рылка ў артыкуле «Калі не будзеш захоўваць, памрэш…» звяртае ўвагу на грахі, якія вынікаюць з парушэння гэтай запаведзі: вераломства, блюзнерства, праклёны, фальшывая прысяга, ілжэсведчанне, зняважлівае выкарыстанне ўсяго Божага і святога. Больш падрабязна пра некаторыя з гэтых грахоў распавядае а. Раман Шульц ОР у матэрыяле «Дарэмнае ўжыванне імя Божага ў прысягах і праклёнах».

Вялікі пост і Велікодны перыяд — асаблівы час для сакрамэнту пакаяння, таму ў часопісе працягваюць публікавацца матэрыялы ў новай рубрыцы «Споведзь». На гэты раз а. Аркадзь Куляха ў артыкуле «Падрыхтоўка да споведзі» адзначае: «Здараеца, што вернік, які ходзіць да споведзі, не адчувае ў належнай ступені спакою душы, палёгкі ці радасці сустрэчы з міласэрным Богам… Прычынаю такога стану можа быць, між іншым, неадпаведная падрыхтоўка да споведзі». Святар падае асноўныя прынцыпы, якія з’яўляюцца зарукаю плённасці сакрамэнту пакаяння.

Акрамя таго, чытачоў чакаюць таксама іншыя цікавыя матэрыялы ў красавіцкім нумары часопіса — «Школа малітвы», сведчанні, аповеды пра падзеі з жыцця каталіцкага Касцёла ў Беларусі, інтэрв’ю з біскупам Аляксандрам Яшэўскім і працяг «Дзённіка несвятой».

Ганна Шаўчэнка


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.
 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла