«Перакажыце гэта далей»: пра новую кнігу вершаў кс. Яна Твардоўскага ў перакладзе на беларускую мову

Пакуль я чытала новую кнігу святара-паэта Яна Твардоўскага «Powiedzcie to dalej. Перакажыце гэта далей», сама натхнілася на некалькі вершаў на хвалі лаканічнага і простага, адначасова крыху наіўнага і такога незвычайна глыбокага стылю даўно любімага намі аўтара, кнігі якога ўжо не раз выходзілі ў перакладзе на беларускую мову. Справа ў тым, што як толькі разгортваеш новую кнігу пад чыста-сіняю вокладкаю, якая аддае прывабным лагодным бляскам, і прабягаеш вачыма па яе радках, душа адразу адгукаецца моцным рэзанансам на адкрытыя паэтам пачуцці, на яго мудры роздум...


Кнігу не хочацца выпускаць з рук, пакуль не прачытаеш усе яе старонкі, верш за вершам на беларускай мове (у перакладзе паэткі і пісьменніцы Крыстыны Лялько) і паралельна на польскай — у арыгінале. Паўсотні вершаў, выбраныя для гэтай кнігі, «выкліканыя адносінамі з Богам і самымі рознымі станамі чалавечай душы: любоўю, адзінотаю, цярпеннем, роспаччу, тугою, страхам перад прамінаннем і смерцю, а таксама надзеяй», — напісала ў прадмове да кнігі Аляксандра Іваноўская. Аднак пасля інтымнай паэтычнай «размовы» з паэтам і акунання ў глыбіню яго перажыванняў і цярпенняў у душы запаноўвае невыказны Боскі спакой. Менавіта гэтак «спрацоўвае» структура і стыль вершаў ксяндза Яна, бо ў многіх з іх ёсць адна важная асаблівасць: у творы аўтар шукае не самога сябе, не спосабаў выражэння сваіх эмацыйных станаў, а Бога… І знаходзіць…

Праз якія сродкі гэта найчасцей праяўляецца? Ксёндз Твардоўскі будуе свае мастацкія вобразы на кантрастах — не зусім на такіх, якія мы прызвычаіліся бачыць у хрысціянскім жыцці, бо ў яго няма рэзкага супрацьпастаўлення белага і чорнага, святога і грэшнага, нябеснага і пякельнага, як гэтага можна было б чакаць ад святара-паэта. У ксяндза Яна ёсць жывы, слабы, часам разгублены, чымсьці ўражаны або захоплены лірычны герой. Ён глядзіць у вочы сваёй адзіноце, сваёй роспачы і нават размаўляе з імі як з жывымі істотамі, нібы спрабуючы знайсці паразуменне («Ода роспачы», «Прыйшла»), у самых крайніх сітуацыях ён разбурае пэўныя рэлігійныя стэрэатыпы і ў іх аскепках знаходзіць сэрца жывой веры («Просьба», «Малітва», «Тэорыі»). Акрамя таго, ксёндз Твардоўскі нярэдка глядзіць на жыццё з пэўнай далёкай перспектывы: праз прызму ўспаміну, часу і нават цэлай вечнасці («Рахунак для дарослага», «Не магу трапіць», «Каля дома», «Перакажыце гэта далей»). У безнадзейнасць ён удыхае надзею, у бязвер’і бачыць пачатак веры і нават калі не спрабуе знайсці для сябе або чытача суцяшэнне і сэнс у цярпенні, усё роўна супакойвае сваім уменнем убачыць праблему ў адпаведным, Боскім, святле, калі звяртаецца да Пана ў паэтычным слове:

Напэўна засмучаюць Цябе людзі
якія быццам катэхізіс
на кожнае пытанне
абавязкова павінны знайсці адказ.

Важна тое, што перакладчыца Крыстына Лялько захавала моўна-стылёвыя асаблівасці вершаў кс. Яна Твардоўскага, перадала іх спакойна-медытатыўную рытміку, падкрэсліла інтанацыйна пэўныя сэнсавыя элементы і — відавочна — пачуццёва адгукнулася на кожны радок святара, палюбіла яго вершы і ўжо не ўпершыню змагла перадаць гэтую любоў чытачу. Таму пасля прачытання кнігі адразу ж хочацца зрабіць тое, да чаго аўтар заклікае на самой вокладцы: «Перакажыце гэта далей». Бо натхненне нараджае натхненне, шчырасць выклікае шчырасць, а любоў нараджае любоў…


Ганна Шаўчэнка

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла