«Ён адкрыў таямніцу свайго жыцця». Выйшла новая кніга пра біскупа Зыгмунта Лазінскага

Выдавецтва «Про Хрысто» прэзентуе чарговую кнігу пра жыццё былога біскупа Пінскай дыяцэзіі слугі Божага Зыгмунта Лазінскага (1870–1932), прыадкрываючы перад чытачом новую таямніцу яго веры і паказваючы яго як адданага пастыра і проста Божага чалавека. Гэтаю таямніцаю было цярпенне, якое біскуп Лазінскі яшчэ як малады святар навучыўся прымаць і ахвяраваць Пану, ва ўсім бачачы Божую волю.


Аўтар кнігі кс. доктар Станіслаў Паўліна fDP, былы кусташ грабніцы слугі Божага біскупа Лазінскага ў пінскай катэдральнай базыліцы, пашырае культ слугі Божага сярод вернікаў і ў гэтай кнізе знаёміць чытача з асобаю біскупа Зыгмунта Лазінскага праз факты яго біяграфіі, прасякнутыя цярпеннем. Значную частку выдання складае пісьмовая спадчына слугі Божага — урыўкі з яго кнігаў і пастырскіх пасланняў, якія дапамаюць нам адкрыць сэнс хрысціянскага цярпення і важнасць «дачынення да таго, што перанёс Хрыстус Пан дзеля нашага адкуплення». Хто з нас не спазнае несправядлівасці і болю ў сваім жыцці? Прыклад слугі Божага Зыгмунта Лазінскага вучыць нас глядзець на ўзвышаны над зямлёю Хрыстовы крыж, у якім мы знойдзем дасканалую радасць: «Дай мне Тваё святло, Ойча мой наймілейшы, каб я бачыў шлях, якім павінен ісці, ніколі не сыходзіў з яго і быў здольны накіроўваць іншых».

Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, у паўнаце пазнаўшы людскую немач, быў і застаецца верным заступнікам грэшнага чалавека. Дазволім жа і мы яму быць нашым сябрам з вечнасці, каб гэты прарок быў прыняты на сваёй Бацькаўшчыне.    


Дар’я Ахламёнак

Набыць кнігу можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла