«Уславіць песняй былыя рэчы…» Пра кнігу Габрыэлі Пузыні «Струмень любові»

Кожная таленавітая кніга вершаў, калі яна ўкладзеная гарманічна і мудра, пасля прачытання пакідае пэўны душэўны настрой, характэрны толькі для яе, і нібы перадае чытачу сваю пачуццёвую танальнасць, бо шчыра прыадкрывае багаты свет аўтара. Гэтак і з кнігаю Габрыэлі Пузыні «Струмень любові» / Gabriela Puzynina «Strumień miłości», якая выйшла нядаўна ў выдавецтве «Про Хрысто» на беларускай і польскай мовах (пераклад на беларускую мову ажыццявіла беларуская паэтка і літаратуразнаўца Ірына Багдановіч).


З гэтаю кнігаю ў руках я духоўна адпачыла ад сённяшняга вірлівага свету ў лагодным зацішшы шляхецкага фальварка, аточанага старымі ліпамі і спакойным цячэннем Нёмана. І справа тут не ў стварэнні атмасферы сялянскай ідыліі, а ў мастацкім свеце самой аўтаркі — польскамоўнай паэткі Беларусі сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Пражыўшы амаль усё жыццё (1815–1869) у Дабраўлянах і Гарадзілаве, што на захадзе Беларусі, яна захавала ў сваёй душы і перадала ў вершах найкаштоўнейшыя скарбы любові да Бога, да сваіх родных, да простага люду, які яе атачаў, і да роднага краю.

Вершы, сабраныя ў кнізе «Струмень любові», паходзяць з двух зборнікаў Габрыэлі Пузыні — «W imię Boże» (1843) i «Dalej w świat» (1845). Адносна першай з іх перакладчыца Ірына Багдановіч у сваёй прадмове да новага выдання піша: «Назва кнігі і вершы ў ёй былі выяўленнем першай біблійнай запаведзі — любові да Бога, прысвячэння Богу свайго жыцця. Габрыэля вырасла ў атмасферы глыбокай хрысціянскай духоўнасці, з дзяцінства ўвабраўшы ў сваю свядомасць ісціну, што ўсялякую справу трэба пачынаць ад Бога і з Богам». Многія вершы Габрыэлі Пузыні можна назваць паэтычнымі малітвамі, аздобленымі багатымі мастацкімі вобразамі («Алелюя», «Папялец», Анёл Ахоўнік», «Для любові Пана Бога»). Гэтыя вобразы ў асноўным пабудаваныя на майстэрскай працы аўтаркі з катэгорыяй часу: нейкая, здавалася б, самая звычайная драбніца сучаснасці выклікае ў аўтаркі цэлы ланцужок успамінаў. Ахінутыя тонкімі і дарагімі карункамі настальгіі, яны на выразным кантрасце выяўляюць «голую», непрыкрытую праўду сучаснасці, якая не заўсёды суцяшальная. Але аўтарка ніколі не пакідае чытача ў канцы верша з такім расчараваннем, а заўсёды дае яму апору ў Божым Провідзе, любові і Божай вернасці («Молімся», «Малітва аб снезе»).

У некаторых вершах Габрыэля Пузыня, наадварот, звяртае свой позірк у будучыню, а не ў настальгічнае мінулае. Але і гэты паварот вельмі своеасаблівы. Аўтарку найперш хвалюе будучыня ў сэнсе вечнага прабывання душы з Богам. «Як зменна ўсё! Як зманна ўсё ў сусвеце!» — усклікае лірычная гераіня ў адным з вершаў. А ў творы «Папялец» праз шэраг аналагічных вобразаў паказвае: тое, што было кветам, хутка становіцца прахам…

Гэта толькі два з цікавых паэтычных прыёмаў, тыповых для творчасці Габрыэлі Пузыні. Пакінем чытачу асалоду самастойна адкрыць шматлікія іншыя творчыя сцежкі паэткі, якая імкнецца

уславіць песняй былыя рэчы:
Лад-звычай продкаў, святло ў цямрэчы,
трываласць дому, сям’і таксама,
шукае ў веры да шчасця браму…

Выданне вершаў Габрыэлі Пузыні — дарэчы, першае за апошнія 150 гадоў пасля смерці аўтаркі — аздобленае таксама фотаздымкамі рукапісу кнігі «W imię Boże — Dalej w świat» (1859), зробленага самой графіняю. У сучасным выданні падаюцца адбіткі нават тых старонак, якія былі выкрасленыя цэнзураю.

Паэзія Габрыэлі Пузыні, рупліва адшуканая і вернутая Ірынай Багдановіч буларускаму чытачу праз таленавіты паэтычны пераклад, а таксама праз грунтоўнае даследаванне жыцця і творчасці аўтаркі, так патрэбная сучаснаму свету, які ў сваім імклівым бегу сапраўды шукае зацішку, моцнай апоры ў Божай любові і суцяшэння ў расчараваннях, сумненнях і стратах; якому так патрэбны «струмень любові», асабліва калі ўсё навокал абясцэньвае яе і заглушае…


Ганна Шаўчэнка

Набыць кнігу можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла