Памятай дзень святы святкаваць. Па старонках майскага нумара часопіса «Ave Maria»

Пасля цяжкага працоўнага тыдня мы з асалодаю чакаем выхадных, ужо нібы «смакуючы» ў душы спакойны хатні адпачынак або радасць ад запланаванай вандроўкі, размерана плануючы звычайныя побытавыя справы або марачы цалкам акунуцца ў творчасць. Нарэшце, гэтыя пару дзён, якія так хутка пралятаюць, мы належым толькі сабе і сваім сем’ям.


 Але вось настала нядзеля… Здаецца, колькі хатніх справаў зрабілі б за цэлы дзень і ў доме, і ў двары… Тым больш калі майскае надвор’е схіляе да таго, каб не траціць часу… Так ці інакш перад хрысціянінам часам паўстаюць складаныя дылемы наконт выкарыстання гэтага асвечанага Панам Богам дня. Вырашыць іх дапамагаюць шматлікія артыкулы майскага нумара часопіса «Ave Maria».

Дыякан Мікола Гракаў у артыкуле «Трэцяя Божая запаведзь у Святым Пісанні і ў вучэнні Касцёла» падрабязна распавядае пра паходжанне і сэнс наказу «Памятай дзень святы святкаваць», пра стаўленне Езуса да шабату і пра тое, чаму для хрысціянаў шабат замяніла святкаванне нядзелі.

Вельмі важным дапаўненнем да гэтага матэрыяла стала публікацыя айца Міхала Ермашкевіча ОР «Святкаванне святога дня і праца», дзе аўтар з практычнага пункту погляду тлумачыць, якую працу трэба лічыць абавязковаю і нават варта выконваць у святы дзень, а якую неабходна адкласці.

Асаблівым чынам нядзельную Эўхарыстыю святкуюць вернікі з неакатэхуменальных супольнасцяў каталіцкага Касцёла, у гасцях у якіх пабывала карэспандэнт Вольга Качалка. У артыкуле «Як у першых хрысціянаў» яна падзялілася ўражаннямі аб гэтай незвычайнай сустрэчы і сваім асабістым досведам такога святкавання.
«У якіх выпадках вернік мае права прыняць св. Камунію два разы на дзень?» — кс. Андрэй Рылка ў артыкуле з такою назваю тлумачыць каталіцкае вучэнне наконт частага і годнага прыняцця Найсвяцейшага Сакрамэнту, спасылаючыся пры гэтым на самыя важныя дакументы Касцёла.

Спадзяемся, што гэтыя і шматлікія іншыя матэрыялы зрубрыкаў «Споведзь», «Школа малітвы», інтэрв’ю і сведчанні дапамогуць вам, шаноўныя чытачы, знайсці адказы на тыя пытанні, якія вас хвалююць, і яшчэ больш наблізяць да Бога…

Ганна Шаўчэнка


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла