Свечка запальваецца ад свечкі

Як жа мала мы ведаем дагэтуль пра святых і благаслаўлёных беларускай зямлі, пра цудоўныя справы, пачынальнікамі якіх яны сталі і плён якіх памнажаецца да нашага часу! Адной з такіх нашых слаўных зямлячак з’яўляецца благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая CR, якая нарадзілася ў вёсцы Антавіль паблізу Оршы на Віцебшчыне. Менавіта ёй прысвечана кніга Марыі Рэнаты Кавальскай CR, выдадзеная нядаўна ў «Про Хрысто» пад тытулам «Полымя любові» (у перакладзе на беларускую мову пісьменніцы Ірыны Жарнасек).


Знаёмячы нас з жыццём благаслаўлёнай Цэліны, аўтарка кнігі звяртаецца да часоў яе ранняга дзяцінства, каб паказаць, ад якой іскры нарадзілася нязгаснае полымя Божай любові ў яе чыстай душы. Нялёгкае, поўнае выпрабаванняў жыццё Цэліны паказала: моц гэтага полымя была настолькі вялікаю, што дазволіла ёй з пакораю прыняць волю бацькоў наконт яе замужжа, перажыць сямейныя цяжкасці, смерць мужа, а пасля — любімай дачкі Ядвігі, разам з якой яна стала заснавальніцаю жаночай манаскай Кангрэгацыі сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана.

27 кастрычніка 2007 года Цэліна Бажэнцкая была абвешчана благаслаўлёнаю, праз яе заступніцтва працягваюць адбывацца цуды, адзін з якіх апісаны на старонках гэтае кнігі і стаў падставаю для беатыфікацыі. Аповед Марыі Рэнаты Кавальскай CR пра жыццё нашай зямлячкі павінен нагадаць нам пра тое, што ў асобе гэтай незвычайнай жанчыны мы маем вялікую і моцную заступніцу перад Богам, і заахвоціць да нястомнай малітвы, якая разам з вераю чыніць цуды.


Ганна Шаўчэнка

Набыць кнігу можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў выдавецтва па тэл. (017) 293 17 50.


 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла