Святасць — гэта пакліканне кожнага чалавека

Ужо з першых старонак кнігі слугі Божага Фрэнка Дафа «Ці можам мы быць святымі?» адчуваецца, што да цябе, чытача, прамаўляе клапатлівы айцоўскі голас. Па глыбокай практычнай скіраванасці і лагоднай апавядальнай інтанацыі відаць, што аўтар гэтых словаў мае моцны досвед у кіраванні душою на шляху да святасці…


Кніга нядаўна выйла ў выдавецтве «Про Хрысто» ў перакладзе на рускую мову Эльвіры Палінеўскай. Фрэнк Даф (1889–1980) — заснавальнік каталіцкага руху «Легіён Марыі», які пашырыўся амаль ва ўсіх краінах свету. Яго невялічкая кніга «Ці можам мы быць святымі?» ўяўляе сабою своеасаблівы звод духоўных рэкамендацый пра тое, як дасягнуць святасці ў штодзённым свецкім жыцці, магчыма, нічым не прыкметным знешне. «Святы — гэта той, хто стараецца дагадзіць Богу, выконвае свае звычайныя абавязкі найлепшым чынам», — чытаем у першым раздзеле кнігі «Хто такі святы?», дзе аўтар развейвае міфы пра тое, што для дасягнення духоўнай дасканаласці і блізкасці з Богам патрэбна штосьці звышнатуральнае, і што святасць азначае пастаянныя намаганні «ўціснуць сваю натуру ў новую форму». У наступных раздзелах кнігі — «Дзень у дэталях», «Перашкода і небяспека на шляху», «Асноўныя і дапаможныя сродкі», «Сакрэт уплыву на іншых» і «Бог у сваіх стварэннях» — мы знойдзем мноства прыкладаў таго, як здзейсніць канкрэтныя крокі ў кірунку да Бога і не перагарэць у хуткім часе, не збочыць, запасціся настойлівасцю ды трываласцю духу. І тады мы заўважым, што сам Бог выходзіць нам насустрач: «Бог добры… Няхай гэтая цудоўная думка ўзнікае ў нас кожны раз, калі згушчаюцца цені», — дае параду Фрэнк Даф на апошніх старонках кнігі, нібы пасля доўгай сяброўскай размовы адпраўляючы чытача ў самастойны шлях. Хоць, па праўдзе кажучы, аўтар і потым можа аказваць нам вялікую падтрымку, калі мы не забудземся звяртацца да яго ў малітве і, магчыма, такім чынам паспрыяем хутчэйшаму далучэнню яго да ліку благаслаўлёных.


Ганна Шаўчэнка

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла