Бацькі і дзеці. Па старонках чэрвеньскага нумара часопіса «Ave Maria»

«Хто шануе айца, той чыніць уміласціўленне за грахі, а хто шануе маці сваю, той быццам скарбы збірае», — напісана ў Кнізе Мудрасці Сіраха. Бацькі і дзеці — спрадвечная хвалюючая тэма, якая, напэўна, ніколі не будзе вычарпаная, хоць чацвёртая запаведзь Дэкалогу адназначна вучыць: «Шануй бацьку свайго і маці сваю». Аднак часам выканаць яе вельмі складана. Менавіта пра гэта разважаюць аўтары шостага — чэрвеньскага — нумара часопіса «Ave Maria».


Дзе праходзіць мяжа паміж пашанаю і паслухмянасцю? Ці заўсёды трэба слухацца бацькоў? І што адбываецца ў такіх сітуацыях, калі пажылыя бацькі або бабулі (дзядулі) патрабуюць нездаровага падпарадкавання ім з боку дзяцей? Пра гэтыя балючыя праблемы разважае псіхолаг Ірына Шмак у артыкуле «Запаведзь пашаны — двайная адказнасць».

«Бацькі часта ўмешваюцца ў сем’і, якія ствараюць іх дзеці, прэтэндуюць на кіраванне новай сям’ёй проста таму, што яны — бацькі», — сястра Паўла Бобер MSF закранула гэтую надзённую тэму ў адным са сваіх семінараў, сціслы тэкст якога мы прапануем чытачам у публікацыі «Адносіны з бацькамі сужэнцаў».

Адна з чытачак прапанавала ў рубрыку «Святар адказвае на пытанне» цікавую ідэю для разважання, якая зарадзілася ў яе пасля прачытання словаў з Першага паслання св. Яна: «…Ёсць грэх, які вядзе да смерці, таму не кажу, каб ты маліўся за такога» (1 Ян 5, 16). Як нам разумець гэтыя словы, калі Касцёл заклікае маліцца за ўсіх грэшнікаў? Гэта тлумачыць кс. Андрэй Рылка ў матэрыяле «Ці за кожнага грэшніка трэба маліцца?»

Чацвёртая запаведзь у вучэнні Касцёла, пошукі ўзаемаразумення з бацькамі, цяжкасці ў выкананні абавязкаў хросных бацькоў, адносіны да бацькі, які пакінуў сям’ю, — усе гэтыя і многія іншыя праблемы таксама закранаюцца ў сведчаннях нашых аўтараў. А на вокладцы часопіса чытачам прапануюцца малітвы дзяцей за бацькоў, у тым ліку за разведзеных, няверуючых або  памерлых, а таксама за бабуляў і дзядуляў.


Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.
 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла