Дар гаварыць на «мовах» любові

Чаму мы не разумеем любові адзін аднаго?

Адзін з самых горкіх станаў чалавечай душы — адчуванне сябе нелюбімым. І не важна, якія адносіны прыводзяць да гэтага — ці стасункі паміж бацькамі і дзецьмі, ці непаразуменні ў сужэнстве, ці канфлікты з сябрамі. І наадварот, любоў іншага чалавека напаўняе сэрца пачуццём бяспекі, вызваляе магутны творчы патэнцыял і сілы для пераадолення выпрабаванняў. Але, як ні парадаксальна, вельмі часта ў міжасобасных адносінах мы не заўважаем відавочных праяваў любові ад блізкага чалавека і самі не ўмеем выказваць любоў на зразумелай яму «мове».


Мабыць, таму такую вялікую папулярнасць у свеце набыла тэорыя пратэстанцкага пастара Гэры Чэпмана пра «пяць моваў любові», выкладзеная ім у аднайменнай кнізе, якая стала бестселерам псіхалагічна-рэлігійнай літаратуры. У гэтай працы, прысвечанай сужэнцам, аўтар дае канкрэтныя парады пра тое, як у звычайных побытавых сітуацыях напаўняць душэўны «сасуд любові» блізкага чалавека і адначасова клапаціцца пра тое, каб не апусцеў уласны. Дзякуючы дваццацігадовай практыцы кансультавання сямейных параў Гэры Чэпман прыйшоў да высновы, што ў кожнага чалавека ў працэсе сталення фарміруюцца пэўныя механізмы праяўлення любові, заснаваныя на яго індывідуальным эмацыйным досведзе. Інакш кажучы, гэта засвоеныя ім «мовы» любові. Як і ў авалоданні лінгвістыкай, мала хто без спецыяльнай практыкі добра ведае «замежныя мовы» і найчасцей у штодзённым ужытку карыстаецца сваёю роднаю. І калі блізкія людзі гавораць на розных «мовах», з маленства вывучыўшы толькі сваю, то як бы яны ні стараліся знайсці ўзаемаразуменне і распавесці адно аднаму пра сваю любоў, хутчэй за ўсё, іх высілкі не прынясуць жаданага плёну.

Гэры Чэпман сцвярджае, што існуе ўсяго пяць асноўных «моваў» любові і мноства іх «дыялектаў». Першая «мова» — гэта словы адабрэння (і яе асноўныя «дыялекты» — кампліменты, словы падбадзёрвання, просьбы). Другая — якаснае правядзенне часу (напрыклад, шчырая працяглая гутарка пра асабістыя перажыванні, сумесныя паходы ў тэатр, падарожжы). На трэцім месцы стаіць «мова» падарункаў (адзін з яе «дыялектаў» — дар самога сябе, сваёй прысутнасці і падтрымкі ў складанай сітуацыі). Чацвёртая «мова» любові — гэта акты служэння (менавіта тыя дзеянні, якіх ад нас чакае сужэнец, напрыклад, прыбіранне  ў шафе, праціранне жалюзяў). Важна тое, што «да актаў служэння ніколі не трэба прымушаць. Іх трэба проста даваць, атрымліваць і здзяйсняць такім чынам, як аб гэтым просяць». І, урэшце, пятая «мова» — фізічны дотык (гэта і сексуальныя адносіны, і проста трыманне за руку падчас шпацыру).

На думку аўтара гэтай канцэпцыі, сужэнцы вельмі рэдка ад пачатку гавораць на адной «мове» (перыяд закаханасці не ўлічваецца, бо ў гэты час наш «сасуд любові» і без таго перапоўнены эйфарыяй блізкасці з іншым чалавекам,  калі пачуцці «шпурляюць нас на такую эмацыйную арбіту, якую цяжка параўнаць з чымсьці іншым з таго, што мы перажылі»). І будаванне любові, якая з’яўляецца актам выбару, а не перажываннем новых эмоцый, заключаецца менавіта ў тым, каб вучыцца выказвацца на «мове» блізкага чалавека, такім чынам напаўняючы дзень за днём яго душэўны «сасуд».

У апошнім раздзеле кнігі Гэры Чэпман праецыруе сваю канцэпцыю на адносіны паміж баць­камі і дзецьмі. І я думаю, што не памылюся, калі скажу, што яна вельмі прыдатная для развіцця стасункаў з усімі блізкімі людзьмі.

Паверыць у цуд узаемаразумення

Дзякуй Богу, гэтая кніга трапіла мне ў рукі яшчэ да сужэнства. Аднак шкада, што я не ведала ўсяго гэтага яшчэ ў юнацтве, калі можна было палепшыць, а можа, нават выратаваць, сяброўскія адносіны з людзьмі, якіх Бог ставіў на маім шляху. Сяброўства і прыязнасць — гэта таксама віды любові (згадаем працу К.С. Льюіса «Чатыры віды любові»), першы з якіх я ўвогуле доўгі час недаацэньвала. Шчыра кажучы, я нават не верыла ў яго існаванне пасля таго, як «апяклася» на ім у падлеткавым узросце. Тым не менш, прымяняючы пяць «моваў» любові (зразумела, з пэўнымі нюансамі і абмежаваннямі, як таго патрабуе кожны з відаў любові),  можна знайсці незлічоную колькасць спосабаў падняць з нуля і ўзровень «сасуда сяброўства».

У дадатак да тэорыі Гэры Чэпмана ў мяне паступова адкрыліся вочы яшчэ на некаторыя механізмы ў адносінах, магчыма, якраз «дыялекты», якія дапамагаюць знаходзіць агульную мову з блізкімі. Разнавіднасцю першай «мовы» любові — словаў адабрэння — я назвала б пазбя­ганне словаў абвінавачвання і асуджэння (нават у сэрцы). Менавіта як «паклёпнік» і «абвінаваўца» перакладаецца на беларускую мову габрэйскае слова «сатана». Адносіны з першаю блізкаю сяброўкаю ў мяне распаліся акурат з-за надуманага абвінавачвання, бо ў летніку я пасябравала яшчэ з адною дзяўчынаю і шчыра распавяла пра гэта сваёй першай сяброўцы, а тая моцна, па-дзіцячы «прыраўнавала». Для мяне як гром з яснага неба былі папрокі ў тым, што я не даражу нашым з ёю сяброўствам, і нібыта яна як чалавек не мае для мяне ніякага значэння. Можна палічыць гэта праяваю падлеткавай нясталасці, але боль ад гэтага быў не слабейшы… Як жа часта ў дарослым жыцці мы «дадумваем» за іншага чалавека яго намеры, ствараем у сваім уяўленні фальшывы вобраз сябра і ўласнымі рукамі руйнуем адносіны з рэальным чалавекам! Такое ўражанне, што той «абвінаваўца» не абмінае ніводнай нагоды нашаптаць нам у сэрца што-небудзь пра блізкага чалавека (і нават пра Бога). Не падазраваць у іншым чалавеку злой волі без сур’ёзных на тое падставаў і старацца знаходзіць для яго словы апраўдання ў сваім сэрцы ў выпадку непаразуменняў — вельмі важная, на мой погляд, «мова» любові.

Часам на мяне (як і на кожнага, напэўна) літаральна накатвае хваля нараканняў — на тое, што хтосьці няветліва адказаў, хтосьці не ацаніў, на клопаты са здароўем і нават на надвор’е… Ці не з’яўляецца гэта такім агульным «настроем абвінавачвання», які імкнецца запанаваць у сэрцы? Нядаўна ад польскага дамініканіна Адама Шустака я пачула цікавую параду адносна Ружанца: на працягу ўсёй малітвы (прынамсі, трох яе частак) перад кожным «Вітай, Марыя…» трэба падзякаваць Богу за што-не­будзь канкрэтнае. І такім чынам абудзіць у сэрцы не менш за 150-ці падзякаў. Гэта варта было паспрабаваць! Сказаць, што ў момант малітвы «настрой абвінавачвання» як рукой зняло, — значыць нічога не сказаць. Настрой у мяне быў урачысты! Гэтак я вывела для сябе яшчэ адну разнавіднасць першай «мовы» любові — словы ўдзячнасці. І заўважыла, што калі выказваю мужу, бацькам, сябрам ці знаёмым падзяку за канкрэтныя, нават дробныя справы, рэчы і знакі ўвагі, то мае «сасуды» кахання, сяброўства і прыязнасці вельмі імкліва напаўняюцца. У блізкіх, мяркую, таксама — хоць на некалькі кропляў. Удзячнасць — гэта сапраўдная «тэрапія» любові! Яна адкрывае вочы і вушы на тыя «мовы» ўзаемаразумення, да якіх мы часам сляпыя і глухія, бо некаторыя добрыя рэчы мы ўспрымаем як належнае, і нам звычайна не прыходзіць у галаву дзякаваць за іх, у той час як нам ніхто нічога не павінен…

Калісьці я сама дала «абвінаваўцу» пераканаць сябе ў тым, што сябры і знаёмыя заўсёды абгаворваюць, здраджваюць, ствараюць дух суперніцтва, помсцяць і, увогуле, «сапраўднага сяброўства не бывае»… Вопыт адносінаў з сяброўкаю, якая мяне «прыраўнавала», усё гэта пацвярджаў. І што датычыць такой «мовы» адносінаў, як сумеснае правядзенне часу, то з падлеткавага ўзросту на многія гады я ўвогуле замкнулася на яе. Людзей у душу блізка не падпускала, а на прапановы сябровак «прагуляцца вечарком» вельмі часта знаходзіла адгаворкі. Для мяне гэта было марнаваннем часу. Больш за тое, мяне нават раздражняла, калі хтосьці са знаёмых імкнуўся «ўцягнуць» мяне ў якія-небудзь справы, якія патрабавалі сумеснага правя­дзення часу. Толькі ў адзін са складаных перыядаў, стаміўшыся ад бясконцай гонкі «вучоба-праца», я стала дазваляць сабе «вячоркі» з двума-трыма дзяўчынамі і адгукалася на іх прапановы папіць разам кавы ці проста «пагуляць» у гандлёвым цэнтры, але сама амаль ніколі не была ініцыятарам збліжэння ў адносінах. Адна з гэтых дзяўчат гадоў пяць назад выехала на пастаяннае жыхарства за мяжу. І толькі пасля расстання ў маім разуменні сяброўства і блізкіх адносінаў настала пэўнае прасвятленне. Што жыве ў маёй душы і памяці з актыўнага часу гэтых адносінаў? (Праз перапіску мы кантактуем і цяпер.) Тое, як мы разам рабілі ў мяне дома малочны кактэйль і потым доўга яго пілі пры шчырай размове, як мы перакладалі для яе рабочы праект на замежную мову, як яна дапамагала мне цягаць рэчы ў час чарговага пераезду… Так, мноства маіх «адасобленых» вечароў з кнігамі памятаюцца вельмі слаба, а некалькі такіх вечароў з сябрамі ўрэзаліся ў памяць яскрава, бо гэта быў жывы кантакт паміж душамі, бо ў балбатню пра зямныя і побытавыя справы ўпляталася гаворка пра душэўныя хваляванні, чаго я амаль ніколі раней сабе не дазваляла і што стала для мяне вельмі гаючым «дыялектам» супольнага правядзення часу. Калісьці ў небе, пазбаўленыя целаў, мы будзем кантактаваць паміж сабою менавіта душамі… У гэтым, хіба, і заключаецца адно з салодкіх перажыванняў раю. І гэтаму трэба спяшацца вучыцца на зямлі, каб не маўчаць на гэтай «мове» любові там…

Як жа я ўдзячная Богу за тое, што Ён пасылае на мой шлях людзей, якія вучаць мяне сваім «мовам» і «дыялектам» цёплых адносінаў! Пра гэта можна пісаць неверагодна шмат, але ўсе разважанні будуць зводзіцца да аднаго: любоў у розных яе відах патрабуе самаадрачэння і прыслухоўвання да сэрца іншага чалавека, а таксама ўмення аддаваць. Зрэшты, калі мы будзем найперш няспынна ўслухоўвацца ў любоў Бога і напаўняць свой «сасуд» адносінамі з Ім, то нам заўжды будзе што дарыць іншым людзям. І ці не да гэтага вядзе таямніца спаслання Духа Святога, які даў Апосталам дар гаварыць на розных мовах — дар гаварыць пра Любоў і дзяліцца ёю з бліжнімі?..


Ганна Шаўчэнка


Чытайце на гэтаую тэму болей:

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней