«Змаганне за чалавека». Па старонках 7–8 нумара часопіса «Ave Maria»

Асноўная тэма ліпеньска-жнівеньскага нумара часопіса «Ave Maria» — пятая запаведзь Дэкалогу — «Не забівай». Здавалася б, самы разгар лета — час адпачынку, падарожжаў, новых знаёмстваў і светлых уражанняў, не самы лепшы для роздуму над такою сур’ёзнаю і складанаю праблемаю. Аднак гэты канкрэтны і адназначны Божы наказ ахоплівае столькі сфераў нашага жыцця, што часам мы нават самі не задумваемся над тым, як парушаем яго: напрыклад, калі неабдумана рызыкуем уласным жыццём ці здароўем (асабліва ў час падарожжаў), калі сваімі ўчынкамі нішчым адносіны з блізкімі людзьмі ці, урэшце, калі проста забіваем час, натхненне, ініцыятыву…


Падрабязна пра асноўныя аспекты гэтага Божага наказу вы прачытаеце ў артыкуле дыякана Міколы Гракава «Пятая Божая запаведзь у Святым Пісанні і ў вучэнні Касцёла». Выключным чынам у катэхізісе разглядаецца выпадак самаабароны: «Той, хто абараняе сваё жыццё, не вінаваты ў забойстве, нават калі ён вымушаны нанесці агрэсару смяротны ўдар», — напісана ў ім. Кс. Андрэй Рылка ў артыкуле «Паміж самаабаронаю і забойствам» тлумачыць, як хрысціяніну выйсці з сітуацыі канфлікту каштоўнасцяў: бараніць права на жыццё і не нашкодзіць іншай асобе.

«Змаганне за чалавека» — так называецца публікацыя пісьменніцы Ірыны Жарнасек, дзе аўтарка распавядае пра досвед многіх людзей у барацьбе з алкагалізмам — гэтаю жахліваю з’яваю ў нашым грамадстве, якая забівае саміх залежных людзей, нішчыць іх сем’і і забірае маленства ў дзяцей…

У працяг тэмы дзяцінства нельга таксама не згадаць пра артыкул псіхолага Ірыны Шмак «Чаму нельга караць дзяцей?», дзе гутарка вядзецца не толькі пра фізічнае пакаранне, але і пра маральнае — напрыклад, пакаранне маўчаннем.

Новыя матэрыялы ў рубрыках «Школа малітвы», «Споведзь», публікацыі пра насілле ў сям’і і прыніжэнне чалавечай годнасці, забіванне ненароджаных дзяцей, знішчэнне чалавека словам таксама прапаноўваюцца аўтарамі нашага часопіса. На апошніх старонках вокладкі чытачы знойдуць «Акт аддання сябе Езусу» (паводле дона Даліндо Руотала).


Ганна Шаўчэнка

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла