Вызваліцца ад ілюзіі любові. Па старонках № 9 нумара часопіса «Ave Maria»

Шостая запаведзь Дэкалогу, якой прысвечаны вераснёўскі нумар часопіса «Ave Maria», ахоплівае настолькі шырокі спектр тэмаў, што няпроста разгледзець і абмеркаваць іх на старонках аднаго невялікага перыядычнага выдання. Усё ўскладняецца далікатнасцю самой тэматыкі, якая нават у касцёльным асяроддзі часам баналізуецца і абрастае міфамі.


Нярэдка мы чуем з амбонаў крытыку сексуальных паводзінаў сучаснай моладзі, але пры гэтым амаль ніколі не закранаецца корань праблемы — глыбокі і разгалінаваны, які нават пасля зразання самой «расліны» дае штораз новыя непажаданыя парасткі. Часам бывае так, што малады чалавек паспавядаўся з граху супраць шостай запаведзі, але нават сам не ўсведамляе, што ж яго зноў і зноў падштурхоўвае да яе парушэння, што незваротна трымае ў цуглях граху. Святло на гэтую праблему праліваюць два матэрыялы з новага нумара часопіса — публікацыя Ірыны Шмак «Ілюзія сям’і» і інтэрв’ю з ксяндзом экзарцыстам Пятром Глясам «Грахі супраць чыстасці — праблема дэманічная». У першым з іх аўтарка раскрывае псіхалагічныя прычыны, з-за якіх людзі згаджаюцца на сужыцельства і абараняюць сексуальную свабоду. І. Шмак пераканаўча паказвае, у чым тоіцца прывабнасць так званых «пробных» сужэнстваў і ў чым іх вялікая небяспека. Самае галоўнае — многія з гэтых праблемаў можна прадухіліць праз правільнае выхаванне, якое не дазволіць пасталеламу дзіцяці згадзіцца на ілюзію сям’і і паплысці па цячэнні некаторых згубных маральных тэндэнцый сучаснасці.

У другім матэрыяле вядзецца гутарка пра дэманічныя карані нячыстасці — як сярод свецкіх асобаў, так і сярод духавенства. Праз якія «шчылінкі» чалавек запускае д’ябла ў сваю душу? Як не ўпусціць гэты момант? Якія могуць быць наступствы і што з гэтым рабіць? Святар прыводзіць канкрэтныя жыццёвыя прыклады і дае чытачам каштоўныя практычныя парады.

Крыху бяскрыўднага гумару ў гэтую сур’ёзную тэматыку дадала Арына Гаваркая сваім аповедам «Можа чаго й не дамыла…». Насамрэч жа гэта матэрыял пра тое, што пастыры вельмі сур’ёзна і канкрэтна павінны тлумачыць вернікам — і малым, і дарослым — сутнасць шостай запаведзі.

Чытачоў таксама чакаюць шматлікія іншыя змястоўныя матэрыялы ў рубрыках «Святар адказвае на пытанне», «Старонка псіхолага», «Моладзевы квартал», «Школа малітвы».


Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла