«Каментарыі да малітваў» св. Тамаша Аквінскага — па-беларуску

Вельмі часта словы асноўных малітваў, якія мы прамаўляем штодня, страчваюць для нас сваё першаснае хараство, іх тэалагічны сэнс ужо не перажываецца намі з усёй глыбінёю, дый нярэдка мы ўвогуле паўтараем іх аўтаматычна, падчас малітвы займаючы думкі ўласнымі развагамі і просьбамі да Бога. Напэўна, гэта цалкам заканамерна, бо чалавек не можа доўгі час канцэнтраваць сваю ўвагу на адным і тым жа. Але гэта не значыць, што не трэба прыкладаць намаганняў для таго, каб зноў і зноў асвяжаць у сваёй душы сэнс гэтых гаючых словаў малітвы або проста няспынна старацца спасцігаць іх невычэрпнае багацце і прыгажосць.


Добраю дапамогаю ў гэтай справе могуць стаць «Каментарыі да малітваў» святога Тамаша Аквінскага (Мінск, «Pro Christo», 2018), якія з лацінскай мовы на беларускую пераклаў айцец Міхал Ермашкевіч ОР. Выданне было прымеркавана да ІІ Ружанцовага кангрэсу, што адбыўся 6 кастрычніка ў Магілёве пад дэвізам «Святы Тамаш Аквінскі — вялікі і блізкі». У прадмове да кнігі перакладчык адзначыў, што «сёлета гэтым глыбокім тэкстам споўнілася 745 гадоў. Яны ўяўляюць сабою запіс велікапосных рэкалекцый, якія знакаміты каталіцкі тэолаг праводзіў у Неапалі ў 1273 г. <…> за год да свайго адыходу ў вечнасць».

У кнігу ўключаныя развагі святога Тамаша над Апостальскім сімвалам веры, малітваю Панскаю і над Анёльскім прывітаннем. Гэта першыя малітвы, якія дзіця вывучвае на памяць, але ў той жа час яны маюць у сабе такую тэалагічную глыбіню, што нават даросламу чалавеку нялёгка адкрыць яе напоўніцу. Святы Тамаш нібы раскладвае «па палічках» асноўныя праўды каталіцкай веры, заключаныя ў гэтых тэкстах, тлумачыць паходжанне кожнай фразы, распавядае пра найбольш небяспечныя памылкі ў іх разуменні і найбольш вядомыя ерасі, што нарадзіліся з гэтых памылак, пераканаўча і доказна абгрунтоўвае неабходнасць кожнага слова ў малітвах.

Вучэнне святога Тамаша Аквінскага, з аднаго боку, грунтуецца на добрым веданні Святога Пісання і старажытных тэалагічных трактатаў, а з другога — яно напоўненае жывымі яскравымі прыкладамі, якія дапамагаюць зразумець сказанае нават непадрыхтаванаму чытачу. І гэта адзін з доказаў таго, што тэксты святога Тамаша нездарма лічацца багаслоўскай класікай. Іх актуальнасць не страцілася і сёння, таму што вера Касцёла нязменная і Божыя абяцанні заўсёды дзейсныя.


Ганна Шаўчэнка

 

 

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла