Пазбегнуць спакусы супраць сёмай запаведзі: Па старонках кастрычніцкага нумара часопіса «Ave Maria»

Пачатак восені, як заўсёды, багаты не толькі на плён ураджайнай зямлі, але і на шматлікія добрыя падзеі, пачынанні, ініцыятывы. Вось і ў чарговым — кастрычніцкім — нумары часопіса «Ave Maria» асвятляюцца некаторыя найважнейшыя навіны з жыцця Касцёла: сустрэча з папам Францішкам у краінах Балтыі (публікацыі І. Жарнасек і В. Качалкі), пачатак перэгрынацыі фігуры св. арханёла Міхала па парафіях Беларусі (артыкул В. Качалкі), асвячэнне новапабудаванага касцёла ў Рудзенску (матэрыял Д. Ахламёнак).


 Акрамя таго, на старонках часопіса чытачоў чакае шэраг цікавых публікацый, прысвечаных сёмай запаведзі Дэкалогу — «Не крадзі». Здавалася б, з гэтаю запаведдзю ўсё празрыста: яна забараняе без дазволу прысвойваць чужыя рэчы, псаваць грамадскую маёмасць, наказвае паважліва ставіцца да матэрыяльнай каштоўнасці і чалавечай працы. Але злы дух знаходзіць мноства іншых, менш відавочных спосабаў спакусіць чалавека на парушэнне сёмай Божай запаведзі. Напрыклад, гэта датычыць тэмы хабарніцтва, пра якае разважае кс. Андрэй Рылка ў артыкуле «Як адрозніць падарунак ад хабару?». Аўтар вельмі карэктна і падрабязна аналізуе розныя з маральнага пункту гледжання сітуацыі і перасцерагае чытачоў, што «спектр матывацый тых, хто нешта дае, і тых, хто бярэ, настолькі шырокі і шматбаковы, што ў маральнай ацэнцы такіх дзеянняў патрэбна вялікая асцярожнасць».

З матэрыяльнай сферы ў духоўную пераносіць змест запаведзі «Не крадзі» кс. Пётр Гляс, інтэрв’ю з якім (урывак) друкуецца ў часопісе ў перакладзе з польскай мовы пад загалоўкам «У нас няспынна выкрадаюць праўду». Святар як экзарцыст не раз сутыкаўся з цяжкімі выпадкамі зняволення чалавека хцівасцю або падпарадкавання ілжывай сістэме, заснаванай на махлярстве і крадзяжы. «Аднак першае вымярэнне зладзейства, пры якім чалавека пазбаўляюць паўнаты жыцця,— заўважае кс. Пётр, — гэта выкраданне ў яго праўды». Аўтар запрашае чытачоў паразважаць на гэтую складаную тэму.

Пра некаторыя іншыя формы крадзяжу распавядаюць у сваіх публікацыях а. Юрый Кулай OCD («Прарок Амос»), І. Жарнасек («Плагіят»), Г. Калевіч («Абкрадзены лёс»). Няхай гэтыя і многія іншыя матэрыялы часопіса дапамогуць нам не толькі пазбягаць граху супраць сёмай запаведзі, але і станавіцца больш шчодрымі, бескарыслівымі, памнажаць матэрыяльныя і духоўныя даброты сваёю сумленнаю працаю.


Ганна Шаўчэнка


Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00, тэл: (017) 242 17 53);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356 17 50

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла