Мы не адны ў змаганні са злом. Пра малітоўнік да святога арханёла Міхала і анёлаў «Хто ж як Бог!»

У сувязі з перэгрынацыяй фігуры святога арханёла Міхала ў Беларусі выдавецтва «Про Хрысто» падрыхтавала малітоўнік «Хто ж як Бог!». Менавіта гэтым выразам-воклічам, што стаў тытулам новага выдання, перакладаецца з габрэйскай мовы імя арханёла Міхала, які кінуўся ў барацьбу з д’яблам і перамог яго.


Па гэтай прычыне арханёл Міхал лічыцца нашым нябесным заступнікам у змаганні са злым духам, са спакусамі, з залежнасцямі і дрэннымі звычкамі. Вернікі таксама моляцца да яго аб супакоі, аздараўленні і вызваленні ад усяго зла. У аснову малітоўніка «Хто ж як Бог!» леглі малітвы, літаніі, навэнны, спевы, Вяночкі, Ружанец і іншыя набажэнствы да святога арханёла Міхала. Асобную частку кнігі складаюць раздзелы, прысвечаныя святым арханёлам Габрыэлю і Рафалу, Анёлам Ахоўнікам і ўсім анёлам. Да малітоўніка асобным выданнем прапануецца таксама дадатак з нотамі да Гадзінак, Вяночка і песняў.

Благаслаўлёны Браніслаў Маркевіч, заснавальнік супольнасці ксяндзоў міхалітаў, пісаў, што «ніколі яшчэ пякельныя сілы не выступалі з такою лютасцю, дзёрзкасцю і хітрасцю, як менавіта цяпер. Злосць гэтых варожых моцаў даходзіць да такой ступені, што барацьба, якую яны вядуць, мае выразны характар звышчалавечага змагання. <…> У гэтай лютай барацьбе з сіламі цемры святы арханёл Міхал верна стаіць на баку Касцёла, каб абараняць яго, умацоўваць, падтрымліваць і каб прывесці да канчатковай перамогі. <…> Таму сёння трэба звярнуцца з асаблівым набажэнствам да святога арханёла Міхала, князя нябесных войскаў» (час. «Powściągliwość i praca», 1902 г.).

Як бачым, актуальнасць такога набажэнства не зменшылася і праз стагоддзе пасля таго, як былі сказаныя гэтыя пабуджальныя словы. Наадварот, неспакой у свеце усё больш павялічваецца, злы дух хітрасцю пракрадаецца ў сем’і і розныя іншыя чалавечыя супольнасці, сее нянавісць, падазронасць і зайздрасць, таму нам вельмі моцна патрэбная абарона гэтага магутнага арханёла, які сваім заступніцтвам можа паўплываць на лёс усяго свету.

У малітоўніку «Хто ж як Бог!» распавядаецца таксама пра гісторыю культу святога арханёла Міхала: яна мае даўнія і глыбокія карані, грунтуецца на цудоўных аб’яўленнях і прывяла да ўзнікнення мноства санктуарыяў і касцёлаў, узведзеных у гонар гэтага нябеснага заступніка. Дарэчы, у нашай краіне таксама многія святыні носяць тытул арханёла Міхала, а гэта значыць, што сярод беларусаў католікаў набажэнства да яго жывое і глыбокае. Спадзяемся, што гэты малітоўнік, як і сама перэгрынацыя, яшчэ больш паспрыяе пашырэнню яго культу ў Касцёле на Беларусі.


Ганна Шаўчэнка

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла