Ад пакалення да пакалення. Пра кнігу ксяндза прэлата Андрэя Стэцкевіча «Выхоўваць з любоўю»

Як фарміруюцца нашыя погляды на маральныя і рэлігійныя каштоўнасці? Адкуль мы чэрпаем досвед, які датычыць выхавання дзяцей? Якія людзі мацней за ўсё ўплываюць на гэтыя духоўныя і псіхалагічныя ўстаноўкі? Адказам на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні прысвечана кніга ксяндза прэлата Андрэя Стэцкевіча «Выхоўваць з любоўю», якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто».


Аўтар кнігі, нараджэнец Гродна, атрымаў адукацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце на факультэце псіхалогіі, вучыўся ў Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Інстытуце тэалогіі сужэнства і сям’і ў Варшаве, там жа абараніў доктарскую дысертацыю. Ён з’яўляецца заснавальнікам сямейных цэнтраў для падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства, дапамогі сем’ям, якія перажываюць крызіс, а таксама для абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

У сваёй кнізе ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч разглядае фактары, якія ўплываюць на выхаваўчы працэс у сям’і, асаблівую ўвагу звяртаючы на перадачу выхаваўчых установак ад аднаго пакалення да другога. Аўтар таксама аналізуе сістэму адносінаў паміж рознымі членамі сям’і і паказвае, якое значэнне ў выхаванні дзяцей маюць стасункі паміж сужэнцамі, паміж іншымі дзецьмі ў сям’і, які ўплыў на выхаванне аказваюць бабулі і дзядулі.

Асобныя раздзелы кнігі прысвечаны маральнаму і рэлігійнаму ўздзеянню на дзяцей такіх выхаваўчых асяродкаў, як школа і Касцёл, а таксама сродкаў масавай камунікацыі. Як адзначыў у прадмове да кнігі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, «пакуль дэвальвацыя сямейных каштоўнасцяў не знішчыла нас, неабходна вельмі сур’ёзна аднесціся да праблемаў сям’і». Таму кніга ксяндза прэлата Андрэя Стэцкевіча вельмі актуальная ў наш час, і стане крыніцаю карыснай інфармацыі для ўсіх, хто задзейнічаны ў выхаванні наступных пакаленняў — бацькоў, выхавацеляў, настаўнікаў, катэхетаў.


Ганна Шаўчэнка

Набыць кнігу можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10:00–19:00, сб.: 11:00-18:00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій.
 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла