Быць праўдзівым перад Богам, бліжнімі і перад сабою… Па старонках лістападаўскага нумара часопіса «Ave Maria»

Праўдамоўнасць — гэта цнота, якая ўключае ў сябе не толькі шчырасць і адкрытасць у выказваннях, але і ўменне «трымаць язык за зубамі» ў пэўных сітуацыях — увогуле імкненне служыць праўдзе і будаваць сваё жыццё на яе падмурку. Гэтыя і мноства падобных аспектаў уключае ў сябе восьмая запаведзь Дэкалогу — «Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго», якой прысвечаны чарговы, лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria».


«Ці заўсёды хрысціянін абавязаны гаварыць праўду?» — такое пытанне чытачы скіравалі да кс. Андрэя Рылкі. У аднайменным артыкуле аўтар разважае пра тое, як не трапіць у сітуацыю, калі адкрыццё праўды можа прынесці шмат бяды і вялікай шкоды, а таксама пра тое, што з’яўляецца мяжою праўды.

Што ж датычыць менавіта фальшывага сведчання, то нядаўняя гісторыя нашай краіны пакінула мноства змрочных прыкладаў таго, як парушэнне гэтай запаведзі знішчыла жыццё найлепшых людзей — святароў, літаратараў, навукоўцаў… Пра адзін з такіх зламаных лёсаў распавядае пісьменніца Ірына Жарнасек у публікацыі «Справы цемры».

Праўдзівасць перад самім сабою — таксама важная рыса, якой трэба вучыцца. «Паколькі чалавек памыляецца ў сваім пазнанні, асабліва калі абапіраецца толькі на пачуцці, то яму неабходна маліцца аб дапамозе Бога як для добрага рахунку сумлення, так і для жалю», — піша а. Аркадзь Куляха ОСD у матэрыяле «Жаль за грахі — свабода ў любові», дзе тлумачыць чытачам, што азначае дасканалы і недасканалы жаль за грахі.

Чытачоў чакаюць таксама іншыя цікавыя публікацыі ў рубрыках «Старонка псіхолага», «Школа малітвы», артыкулы пра падзеі ў Касцёле на Беларусі, сведчанні, духоўныя разважанні пра складаныя праблемы веры, а таксама падборка малітваў за душы памерлых, якія заўсёды чакаюць ад нас асаблівай малітоўнай падтрымкі ў іх чыстцовых цярпеннях.


Ганна Шаўчэнка 

 

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла