Выйшаў новы нумар часопіса «Ave Maria», прысвечаны апошнім запаведзям Дэкалога

Апошні ў гэтым годзе нумар часопіса «Ave Maria» распачынаецца калядным віншаваннем Яго Эксцэленцыі, Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь Габара Пінтэра і невялікаю шчыраю размоваю з ім.


 Не прапусціце новы конкурс, аб’яўлены санктуарыем Маці Божай Тракельскай на тэму «Маці Божая Тракельская, вядзі нас за сабой…». Пра ўмовы ўдзелу падрабязна піша наш часопіс.

У гэтым нумары мы завяршаем разважанні над Дэкалогам, разглядаючы апошнія запаведзі: «Не пажадай жонкі бліжняга твайго. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму». Зайздрасць разбурае жыццё і сэрца чалавека, збівае з жыццёвага шляху, прымушаючы бясконца кружляць на адным месцы, песціць у сабе крыўду на іншых людзей і на Бога. Нельга падманваць сябе тым, што зайздрасць бывае «белаю», перасцерагае кс. Андрэй Рылка ў сваім артыкуле ў рубрыцы «Святар адказвае на пытанні». Пра небяспеку і разбуральную моц зайздрасці піша ў сваім сведчанні «Не пажадай… Не зайздросць… Не наракай…» Галіна Горская.

Пра 300-гадовы юбілей служэння манаскага ордэну піяраў у Беларусі і яго ролю ў гісторыі нашага краю піша Вольга Качалка.

Праблемам, якія могуць узнікнуць у сужэнстве і прававым аспектам шлюбу ў Касцёле прысвечаны матэрыял Ірыны Шмак «Нешчаслівае сужэнства». На гэтую ж тэму ў артыкуле «Я закахалася не ў мужа…»  ўласным балючым досведам дзеліцца з чытачамі ананімны аўтар, жанчына, якая пасля многіх гадоў шлюбу пакахала іншага мужчыну. Яна засцерагае сужэнцаў ад уласных памылак і раіць ім ніколі не аддаляцца адно ад аднаго.

Як заўсёды, цікавымі будуць разважанні с. Паўлы Бобер MSF аб гіперапецы над дзецьмі і глыбокія матэрыялы рубрыкаў «Споведзь» і «Школа малітвы».

Святочны настрой чытачам дапамогуць стварыць парады па калядным ўпрыгожванні дома і рэцэпты на вігілійны стол.


Юлія Шэдзько

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00, тэл: (017) 242 17 53);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356 17 50

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла