Выйшаў нумар часопіса «Ave Maria» на тэму веры

Першы нумар часопіса «Ave Maria» за 2019 год прысвечаны веры і той ролі, якую яна адыгрывае ў нашым жыцці. Як нагадвае ў прадмове да нумара наш рэдактар, Крыстына Лялько, «мы ўсе так звыкліся гаварыць пра адраджэнне веры, што, здаецца, не заўважылі, як прыйшоў час прыгадаць сабе актуальнае і балючае пытанне Хрыста: „Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?“ (Лк 18, 8)».

У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка разважае над тым, ці кожны чалавек здольны верыць. У «Старонцы псіхолага» с. Паўла Бобер MSF гаворыць аб неабходнасці пастаяннага навяртання і праводзіць размежаванне паняццяў навяртання і працы над сабою, якія часта блытаюць. Сугучны гэтай тэме і матэрыял а. Аркадзя Куляхі OCD з рубрыкі «Споведзь», прысвечаны адной з абавязковых умоваў споведзі — пастанаўленню выправіцца.

Гэты нумар надзвычай багаты сведчаннямі людзей з розных куткоў Беларусі, якіх вера падтрымлівае, дае мужнасць і радасць у выпрабаваннях, натхняе на вялікія справы. Раіса Варонік са Слоніма кранальна распавядае пра ўласнае навяртанне і доўгі шлях да веры. А ў матэрыяле Ірыны Жарнасек пра сям'ю Захаравых з Наваполацка вы пазнаёміцеся з досведам людзей, якіх не здолеў зламаць лёс і якія пранеслі веру і любоў праз жыццё.

Вылучаецца сярод іншых сведчанне маладой хрысціянкі аб тым, як гарманічна будаваць сям'ю з чалавекам, далёкім ад веры, не перастаючы быць блізка Бога і не прыніжаючы свайго сужэнца.

Прапануем чытачам вялікае інтэрв'ю Вольгі Качалкі з Марынаю Пашук, адной з перакладчыкаў Новага Запавету на беларускую мову, які нядаўна быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй «За духоўнае адраджэнне». У інтэрв'ю яна дзеліцца падрабязнасцямі перакладчыцкай працы, яе асаблівасцямі ў тым, што датычыць сакральных тэкстаў.

І, нарэшце, мы таксама далучаемся да папулярнага на прасторах інтэрнэту мема «10 years challenge», толькі мы распавядаем пра тое, што здарылася не 10, а 25 гадоў таму, друкуючы матэрыял з часопіса 1995 года! Нагадваем, што ў гэтым годзе «Ave Maria» адзначае свой 25-гадовы юбілей і з нагоды гэтага мы аб'явілі конкурс. Пра умовы чытайце тут.


Юлія Шэдзько

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00, тэл: (017) 242 17 53);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 356 17 50

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла